Нядоўга музыка грала. Беларускія прадпрыемствы вяртаюцца да крэдытавання ў доларах

Усе размовы ўрада пра тое, што фінансавыя санкцыі нам не страшныя, што мы пяройдзем у разліках на расійскі рубель і кітайскі юань, не спраўдзіліся. Правесці «дэдаларызацыю» і замяніць долар і еўра не атрымалася — як, дарэчы, і раней.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg


З сакавіка бягучага года на крэдытным рынку Беларусі назіраецца кардынальная перабудова. Сыход з Расіі замежных кампаній, адмова ад супрацоўніцтва з расійскім бізнесам і санкцыі, якія блакіруюць рух капіталаў, адбіўся на беларускім эканамічным ландшафце, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».

Тут дала аб сабе знаць татальная залежнасць нашай эканомікі ад усходняга суседа. Мы будзем ляцець уніз следам за ім, пры гэтым перавалачным хабам для падсанкцыйнай расійскай прадукцыі беларускі рынак у поўнай меры быць ужо не здолее.

Усё гэта знаходзіць адлюстраванне і на крэдытным рынку. У сакавіку 2022 года адбыўся абвал крэдытавання ў доларах і еўра з рэзкім ростам новых крэдытаў у расійскіх рублях. Затым пачалося павольнае аднаўленне валютнага крэдытавання, у першую чаргу ў доларах, бо многія замежныя краіны, на якія мы ўзяліся перанакіроўваць экспартныя пастаўкі, працуюць усё ж такі ў рамках глабальнай эканомікі, дзе роля долара застаецца нязменнай.

У верасні беларускія юрыдычныя асобы атрымалі доларавых крэдытаў на 223 млн долараў, у той час як у сакавіку — усяго на 143 млн. Крэдытаванне ж у расійскіх рублях, наадварот, пасля пікавых значэнняў сакавіка-красавіка зніжаецца. У верасні аб'ём крэдытаў, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам у расійскіх рублях, аказаўся ўжо больш чым удвая меншым, чым у сакавіку (25 млн рас. руб. супраць 58 млн.).

Справа ў тым, што, па-першае, расійскі рынак, нягледзячы на свой памер, не мае патрэбы ва ўсёй той прадукцыі, на якую раней быў попыт у ЕС і іншых страчаных рынках. Па-другое, расійскі рубель цяпер не свабодна канвертоўная валюта і, такім чынам, яе курс больш залежыць ад прыватных рашэнняў, чым рынкавых.

Беларускія банкі ўжо даўно і паспяхова трымаюць «забаронны» курс расійскага рубля з велізарным спрэдам (розніцай паміж коштам пакупкі і продажу). Гэта некалькі астуджае жаданне крэдытавацца ў такой валюце.

photo_2022_11_02_11_03_37.jpg


На гэтым фоне расце крэдытаванне ў беларускіх рублях. Аднак значная доля гэтага росту мае інфляцыйную прыроду. Прадпрыемствам і арганізацыям трэба больш сродкаў ва ўмовах росту цэн. Алею ў агонь падлівае дзяржава, павольна, але ўпэўнена раздзімаючы грашовую масу, тым самым толькі правакуючы далейшае павелічэнне інфляцыйных працэсаў у эканоміцы.

У такіх умовах рынак знаходзіцца ў пошуках новай раўнавагі ў сферы крэдытавання, і пакуль, мяркуючы па ўсім, яе яшчэ не дасягнуў.