На БелАЭС ужо выдаткавана больш за $ 2 мільярды, але найбольшыя выдаткі наперадзе

Пра гэта заявіў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Леанід Анфімаў. Ён распавёў журналістам, што на будаўніцтве АЭС у Астраўцы «асвоена» больш за 2 мільярды долараў, перадае БЕЛТА.

Фота www.sb.by

Фота www.sb.by


"Асноўны аб'ём асваення фінансавых сродкаў будзе прыходзіцца на 2017 і 2018 гады, калі будзе ажыццяўляцца мантаж абсталявання", — аспавёў кіраўнік КДК. Ён адзначыў, што зараз на аб'екце занята больш за 5 тысяч чалавек, з іх 1,4 тысячы з Расійскай Федэрацыі, астатнія — з беларускіх падрадных і субпадрадных арганізацый.
Сёння адбылося сумеснае пасяджэнне калегій Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі і Падліковай палаты Расійскай Федэрацыі пад старшынствам кіраўнікоў ведамстваў Леаніда Анфімава і Таццяны Голікавай (у рэжыме відэаканферэнцыі). БЕЛТА адзначае, што на пасяджэнні “разгледжаны вынікі кантрольнага мерапрыемства, праведзенага вышэйшымі органамі фінансавага кантролю дзвюх краін, па пытанні аб выкананні абавязацельстваў бакоў па дамове паміж урадамі Расіі і Беларусі аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве на тэрыторыі Беларусі атамнай электрастанцыі”.
"Адна з мэтаў сумеснага кантрольнага мерапрыемства — праверка рацыянальнага і эфектыўнага выкарыстання фінансавых сродкаў, — растлумачыў кіраўнік КДК Леанід Анфімаў. — Мы прыцягнулі да гэтай працы Падліковую палату, таму што шмат грошай застаецца ў Расійскай Федэрацыі ў якасці платы за аказаныя паслугі, будаўніча-мантажныя работы, выраб абсталявання — іх выконваюць расійскія гаспадарчыя суб'екты, на якія мы не можам прыйсці з кантрольнымі мерапрыемствамі. Падліковая палата правяла маштабную праверку непасрэдна гаспадарчых суб'ектаў, у банках, у Мінфіне, а таксама шэраг праверак па вывучэнні дакументацыі. Вынікі кантрольных мерапрыемстваў паказалі, што сур'ёзных парушэнняў у плане рацыянальнага і эфектыўнага выкарыстання грашовых сродкаў няма".
Паводле Анфімава, цяпер на ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў Беларускай АЭС задзейнічана 30 субпадрадных арганізацый, у тым ліку 22 беларускія. Пры гэтым каля 80% аб'ёму будаўніча-мантажных работ па ўзвядзенню аб'ектаў станцыі і яе інфраструктуры выконваецца сіламі беларускіх падрадных арганізацый. З пачатку будаўніцтва БелАЭС пастаўлена абсталявання на суму больш за $ 207 мільёнаў.Аднак пастаўкі асноўнага аб'ёму абсталявання будуць ажыццёўлены ў гэтым годзе і 2017-м.