Мінск выканаў ўмовы праграмы з ЕФСР, а грошай — няма

Беларусь цалкам выканала ўмовы праграмы з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) і разлічвае на атрыманне сёмага траншу крэдыту, заявіў міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч у Мінску.

risk.jpg

«У нас ёсць усе падставы разлічваць на атрыманне сёмага траншу крэдыту ЕФСР, бо ўмовы праграмы з ЕФСР цалкам выкананыя», — сказаў Ермаловіч.
Паводле яго слоў, праведзена досыць глыбокая праца па структурных пераўтварэннях у эканоміцы. Для выканання бюджэту рызык не праглядаецца, макраэканамічная сітуацыя стабілізавалася, інфляцыя знаходзіцца ў параметрах прагнозу.

«Усе гэтыя паказчыкі сведчаць аб тым, што меры, якія закладваліся ў праграму дзеянняў урада, падтрыманую крэдытам ЕФСР, далі свой эфект, праграма выканана паспяхова», — лічыць міністр.

Ён удакладніў, што ў бюджэце Беларусі ў бягучым годзе запланавана прыцягненне апошняга, сёмага траншу ў памеры $200 млн па праграме з ЕФСР і сродкаў у памеры $600 млн ад урада Расіі.

Нагадаем, Беларусь у першай палове 2015 года падала заяўку на крэдыт у памеры $3 млрд у Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС (зараз носіць назву Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця — ЕФСР).

Пасля першапачаткова агучаная сума крэдыту для Беларусі ў $3 млрд паменшылася да $2 млрд. Сродкі даюцца сямю траншамі. Беларусь атрымала шэсць з сямі траншаў крэдыта ЕФСР. Шосты транш на $200 млн быў прадастаўлены Мінску таксама з затрымкай у кастрычніку 2018 года. Рэалізацыя захадаў па выдаткаванні сёмага траншу павінна была завяршыцца яшчэ да 1 студзеня 2019 года.

Мінфін разлічваў на атрыманне сёмага траншу ў красавіку. Раней фонд падоўжыў перыяд даступнасці сродкаў для Мінска да канца першага паўгоддзя.

Адзначым, што Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця — гэта фактычна расійскі фонд. Асноўная частка фінансаў там расійская і рашэнне аб выдзяленні сродкаў прымаецца ў Крамлі.


Паводле belaruspartisan.by