Мінэканомікі: 115 з 118 раёнаў Беларусі з'яўляюцца датацыйнымі
Практычна ўсе раёны Беларусі з'яўляюцца датацыйнымі, гаворыцца ў абгрунтаванні да праекту дырэктывы па стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці, якую распрацавала Міністэрства эканомікі.
Распрацоўшчыкі дырэктывы звяртаюць увагу, што дзейнасць мясцовых органаў "па мабілізацыі і эфектыўным выкарыстанні наяўных рэсурсаў" для павышэння дабрабыту насельніцтва
"недастаткова арганізавана".
"У выніку з 118 раёнаў рэспублікі 115 з'яўляюцца датацыйнымі, з іх у 53 раёнах аб'ём датацый перавышае 50% даходнай часткі іх бюджэту. Такое становішча спраў сведчыць аб
слабасці рэгіянальнай палітыкі", - гаворыцца ў абгрунтаванні да праекту дырэктывы, якое Міністэрства эканомікі размясціла на сваім сайце для публічных кансультацый.
Па меркаванні Мінэканомікі, "велізарны кадравы патэнцыял выканкамаў базавага і пярвічнага ўзроўняў" недастаткова задзейнічаны для вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця
краіны.
Спецыялісты Мінэканомікі канстатуюць, што такія паказчыкі, як рэгіянальны валавы прадукт, грашовыя даходы насельніцтва, "нават не распрацоўваюцца на гарадскім і раённых
узроўнях".
Па меркаванне распрацоўшчыкаў дырэктывы, да цяперашняга часу наспела неабходнасць "ва ўзмацненні рэгіянальнага аспекта кіравання эканомікай", распрацоўцы рэгіянальных стратэгій
сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў на перыяд да 2020 года.
Паводле інфармацыі БелаПАН, праект дырэктывы "Аб дадатковых мерах па развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой ініцыятывы", які апублікаваны на сайце
Мінэканомікі для публічных кансультацый, быў распрацаваны па даручэнні першага віцэ-прэм'ера Беларусі Васіля Мацюшэўскага.
Папярэдняя версія дакумента практычна пад аналагічнай назвай ("Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь") была прынята ў
краіне ў канцы 2010 года і вядомая ў крузе прадпрымальнікаў як дырэктыва па лібералізацыі.
БелаПАН