Каб не студзіць ваду. Малочная праўда

У гадавым рацыёне беларуса — у сярэднім 250 кілаграмаў малака і малочных прадуктаў. Паводле разлікаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, аптымальнае спажыванне — каля 330 кілаграмаў. Але ж важная не толькі колькасць, але і, — нават перадусім, — якасць.

malochka_packbel.by.jpg


«Новы Час» даведаўся, што павінна быць напісана на пакунках добрых малочных прадуктаў і што адбываецца з малаком на шляху ад каровы да нашага крамнага кошыка.
Навукова-практычны цэнтр па харчаванні Акадэміі навук Беларусі распрацаваў нацыянальныя Рацыянальныя нормы спажывання харчоў, у тым ліку малака і малочных прадуктаў. Дзеці 1–3 гадоў павінны штогод выпіваць і з’ядаць 275 кілаграмаў малака і вытворнай ад яго ежы. Дашкольнікі 4–6 гадоў — 295 кілаграмаў. Дзеці 7–10 гадоў — 310 кілаграмаў, 11–13 гадоў — 318 кілаграмаў. А падлеткі-хлопцы 14–17 гадоў яшчэ болей — 340 кілаграмаў, дзяўчаты — 325 кілаграмаў. Гэта практычна кілаграм штодня. Але акурат у такім узросце мы крывімся, бо нібыта дарослыя ўжо, і кідаем піць малако, ці не так? Адно што падлеткі могуць налягаць на модныя ёгурты. Што да пажылога пакалення, то жанчынам 60–74 гадоў варта ўжыць цягам года 311 кілаграмаў усялякіх малочнасцяў, а мужчынам такога веку — 322 кілаграмы. Тым, хто мае 75 гадоў і болей, — адпаведна 282 і 309 кілаграмаў.
Для беларусаў і беларусак працаздольнага ўзросту рэкамендаваныя нормы яшчэ большыя, градацыя залежыць ад цяжкасці фізічнай працы. Напрыклад, мужчынам 18–29 гадоў, якія занятыя ў прафесіях з самым высокім каэфіцыентам фізічнай актыўнасці 2,5 (напрыклад, грузчыкі, механізатары падчас пасяўной) адмыслоўцы раяць харчавацца так, каб у гадавым рацыёне прысутнічалі 610 кілаграмаў малака і малочных прадуктаў! Таксама нікуды не падзелася і выдача малака за шкоднасць — то-бок, за працу ў шкодных умовах. Замяняць малако за шкоднасць могуць толькі сокамі або кісламалочнымі прадуктамі — тым самым кефірам. Грашыма ўзяць нельга (выключэнне — як кампенсацыя за дні камандзіровак), на вынас дамоў — таксама.
Дарэчы, пры канцы мінулага года на Лукомльскай ГРЭС, дзе ёсць цэхі са шкоднымі ўмовамі працы, адбыўся скандал якраз з-за малака за шкоднасць. Раптам працоўным пачалі яго даваць не 3-працэнтнай тлустасці, а 1,5-працэнтнай. Працаўнікі абурыліся «вадзяністасцю» звыклага напою, але высветлілася, што ў адпаведных нарматыўных актах тлустасць малака не прапісана, а карыснасць малака, якая дапамагае знівеляваць шкоднасць, ад тлустасці не залежыць.

Не ўся смятана — смятана

Што да тлустасці і бялковасці ў складзе малака, то гэта адны з асноўных яго вартасцяў. І фармуюцца яны, натуральна, на жывёлагадоўчых малочных фермах пад уплывам шэрагу фактараў, пачынаючы з тэхналогіі кармлення. Базісныя паказчыкі па тлустасці і бялковасці ў малацэ ў нас прынятыя на ўзроўні адпаведна 3,6 % і 3 %. Фактычна ж яны ў сярэднім па краіне крыху большыя — 3,7 % і 3,05 %. То-бок, менавіта такое малако пастаўляецца з фермаў на малаказаводы. І плацяць яны за яго адпаведна ўзроўням тлустасці і бялковасці.
Такі самы падыход і датычна гатункаў малака, а іх некалькі гадоў таму засталося тры замест чатырох: скасавалі другі гатунак, і засталіся першы, вышэйшы і экстра. Задача для малочнай галіны — як мага болей даваць гатунку экстра, але пакуль што малочнікі трошкі не дацягваюць да яго долі ў 50 % ад усяго аб’ёму вытворчасці. Калі паглядзець на рэгіёны, то па гатунку экстра ў лідарах Брэстчына і Віцебшчына, па тлустасці малака — яўная перадавіца зноў жа Брэсцкая вобласць, а па бялковасці — Гродзеншчына і Міншчына.
На вёсцы надоенае малако гаспадыня прапусціць праз марлю — і яно гатовае да спажывання ці вырабніцтва смятаны. На фермах перад транспарціроўкай на малаказавод клопат практычна той самы: малако таксама фільтруюць і ахалоджваюць — да плюс 4 градусаў. Адно што асобны важны клопат — догляд паводле санітарных нормаў разнастайнага абсталявання, з якім судакранаецца сырадой. Яно павінна застацца чыстым па мікрабіялагічных паказчыках. Ад іх і залежыць гатунковасць малака. То-бок, мы часта маем сітуацыю, калі карова дала добрае малако гатунку экстра, але працаўнікі фермы праз нядбайнасць давялі яго да вышэйшага гатунку.
На перапрацоўчых малочных заводах малако праходзіць пастэрызацыю. Пры гэтым вітаміннасць прадукту захоўваецца, абясшкоджваюцца толькі хваробатворныя мікраарганізмы. У выніку больш магутных тэрмаапрацовак малака яно можа стаць ультрапастэрызаваным і стэрылізаваным. Харчовая вартасць крыху знізіцца, а тэрмін захоўвання павялічыцца на месяцы.
Напэўна, на пакунках вы бачылі надпіс «нармалізаванае малако». Гэта калі малако адной тлустасці змешваецца з малаком іншай тлустасці для атрымання стандартнага прадукту — 1,5-працэнтнага, 2,5-працэнтнага, 3,2-працэнтнага і гэтак далей. Ёсць яшчэ «адноўленае малако» — яно зроблена з сухога малака або згушчанага, змяшанага з вадой. Канечне, пры сушцы малака многія вітаміны і ферменты знікаюць. Дарэчы, прыкмецце: такога малака на крамных паліцах болей у халодную пару года, калі не хапае малака-сырца. Па сутнасці, з малака спачатку пры пэўным цепларэжыме выціскаюць ваду, а потым дадаюць. Калі вы не будзеце ведаць, што гэта малако адноўленае з парашку, ад звычайнага вы яго не адрозніце.
Важным для спажыўцоў стала завяршэнне ў мінулым годзе пераходнага этапу па ўкараненні ў практыку тэхнічнага рэгламенту Еўразійскай эканамічнай супольнасці «Пра бяспеку малака і малочных прадуктаў». Цяпер вытворцы «малочкі» з выкарыстаннем раслінных тлушчаў не могуць камуфляваць гэта на таварных пакунках, а павінны пісаць усю праўду. Гэта азначае — пазначаць звесткі пра наяўнасць раслінных тлушчаў, якія замяняюць у прадукце з утрыманнем малака ўласна малочныя тлушчы. Найменне такога прадукту на ўпакоўцы павінна выглядаць, напрыклад, так: «Прадукт, што ўтрымлівае малако, з заменнікам малочнага тлушчу, выраблены па тэхналогіі сыра (смятаны і так далей)». Выключэнні — сметанкова-раслінны спрэд, сметанкова-раслінная топленая сумесь, марозіва з заменнікам малочнага тлушчу. Нельга выкарыстоўваць словы кшталту «сырападобны», «сырны», «сыраробны», а таксама змяншальныя формы «смятанка», «тваражок», «масліца». Затое дазволена характарызаваць такія сурагаты паводле кансістэнцыі — крэм, соус, паста. Пры ўсім пры гэтым раслінныя алеі могуць замяняць натуральны малочны тлушч толькі на 50 %.Гэты тэхрэгламент пралабіраваў якраз беларускі бок, бо ў нашай краіне да яго ўвядзення вырабніцтва такой прадукцыі складала меней за 1 % ад усёй малочкі.

«Беллакт» — лепшая сумесь для дзяцей?

На жаль, у Беларусі на сталай аснове не праводзіцца публічных рэйтынгавых экспертыз рознага харчавання. У адрозненне ад суседняй Расіі. Прычым там арганізацыі Раскантроль і Расякасць рэгулярна ўключаюць у свае даследаванні і некалькі ўзораў прадукцыі беларускіх вытворцаў. Летась было праведзена адразу некалькі даследаванняў малочных прадуктаў. Якасць і натуральнасць беларускай малочкі пацвярджалася, але не заўжды.
Раскантроль апублікаваў увосень вынікі праверкі згушчонкі. У тым ліку нашых — рагачоўскай і глыбоцкай. У Беларусі спрэчкі наконт таго, якая з іх найлепшая, не спыняюцца. Па выніках жа расійскага тэставання рагачоўскае згушчанае малако заняло 2 месца сярод 13 брэндаў, а вось глыбоцкае — апошняе. Што не так? Раскантроль адзначае, што па масавай долі тлушчу глыбоцкая згушчонка не адпавядае найменню «цэльнае згушчанае малако». Таксама па гэтым паказчыку і вязкасці нібыта не адпавядае стандарту, пазначанаму на маркіроўцы. Як і «група чысціні». А вось патрабаванням бяспекі адпавядае.
Гэтая ж спажывецкая арганізацыя праверыла сярод расійскіх марак 20-працэнтнай смятаны і беларускія «Брэст-Літоўск», а таксама «Прастаквашына». З першай, паводле высновы Раскантролю, усё добра, апроч несапраўднай маркіроўкі што да ўтрымання бялку. А вось другую адправілі ў «чорны спіс»: маўляў, не адпавядае найменню «смятана» і пазначанаму на маркіроўцы складу, бо ўтрымлівае крухмал. А яшчэ непраўдзіва пазначаныя бялок і тлушч.
Расякасць праверыла сухія дзіцячыя сумесі. Даследавалася 21 марка, у тым ліку ваўкавыская сумесь «Беллакт оптымум 1». І перамагла: прызнаная «самым якасным прадуктам, які адпавядае апераджальным стандартам». А, між тым, канкурэнцыю падчас гэтай экспертызы беларускай сумесі складалі «Bebi Premium» і «Similac» (Данія), «Frisolac Gold» і «Frisolac» (Нідэрланды), «Humana Expert» (Германія), «Nutrilon Premium» (Ірландыя). Прычым сумесь ад «Беллакту» каштавала танней за «Frisolac», які заняў апошняе месца. Эксперты зрабілі выснову, што пры выбары сумесі кошт не з’яўляецца вырашальным фактарам.
Між тым, на розных беларускіх сайтах, дзе збіраюцца водгукі спажыўцоў, прадукцыя «Беллакту» зазнае вялікую крытыку з боку маці. Стэрэатыпы? Пра што сведчыць ваш досвед?