Львоўскі: Беларусь страчвае статус «транзітнай» краіны
Расея і Кітай цяпер — галоўныя гандлёвыя партнэры Беларусі. Як зьмяніліся аб’ёмы гандлю Менску з Масквой і Пэкінам, аналізуе ў інтэрвію «Свабодзе» доктар эканамічных навук, акадэмічны дырэктар дасьледчага цэнтру BEROC Леў Львоўскі.
— Графікі
гандлю краіны зь яе асноўнымі гандлёвымі партнэрамі ў нечым нагадваюць
кардыяграму. Карыстаючыся гэтай мэтафарай, можна прасачыць, што гавораць гэтыя «кардыяграмы» пра
стан здароўя «пацыента», пра стан нацыянальнай эканомікі?
— У гэтых графікаў ёсьць выразныя трэнды. У прыватнасьці, з Расеяй мы бачым доўгатэрміновы трэнд падвышэньня замежнагандлёвага абарачэньня. Мы традыцыйна шмат і імпартавалі з Расеі, і экспартавалі ў Расею. Абодва складнікі гандлю з РФ доўгі час ішлі на падвышэньне.
Аднак гандаль з Расеяй рэзка скокнуў угору з пачаткам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, калі адносна і Расеі, і Беларусі былі ўзмоцненыя ранейшыя санкцыі і ўведзеныя новыя.
У гандлі таварамі з РФ у нас заўсёды было адмоўнае гандлёвае сальда (перавышэньне імпарту над экспартам). Гэта нармальны стан рэчаў, бо мы з Расеі заўсёды пастаўлялі нафту і газ. Мы куплялі гэтых тавараў больш, чым быў попыт на іх з боку беларускай эканомікі. Раней мы перапрацоўвалі нафту ў нафтапрадукты і прадавалі іх ладную частку ва Ўкраіну. Раней гэтае адмоўнае сальда ў гандлі таварамі з Расеяй часткова кампэнсавалася станоўчым сальда ў гандлі паслугаў. У Беларусі дзьве галоўныя сфэры экспарту паслугаў — гэта ІТ і транспартныя, транзытныя паслугі. ІТ-паслугаў мы ў Расею заўсёды пастаўлялі няшмат. Таму ў гандлі зь ёй размова ідзе найперш пра транспартныя паслугі.
Калі гаварыць пра беларускую эканоміку ў цэлым, то вытворчасьць тавараў прыкладна вярнулася на даваенны ўзровень. А вось з паслугамі ўсё значна горш — галоўныя страты ў нас якраз у сфэры паслугаў, у тым ліку і ў транзытных паслугах. І тут прапанова не аднавілася.
Мы ня тое каб цалкам перасталі быць транзытнай краінай, але страцілі значную частку гэтага статусу. Абарачэньне грузаў празь Беларусь зьменшылася прыкладна на 40% у параўнаньні з 2021 годам. І ў гандлі з Расеяй у нас цяпер паслугі ў меншай ступені кампэнсуюць «дзірку», якая ўтвараецца ў таварах.
З Кітаем сытуацыя іншая. Мы, як і іншыя краіны сярэдняга і высокага ўзроўню разьвіцьця, традыцыйна куплялі ў Кітаі шмат тавараў. Кітай у апошнія дзесяцігодзьдзі называлі «майстэрняй сьвету». Па меры таго, як расла беларуская эканоміка, рос і імпарт з КНР. А экспарт зь Беларусі ў Кітай быў у стагнацыі да апошняга часу. З пачатку поўнамаштабнай вайны і пасьля ўвядзеньня сур’ёзных санкцыяў Беларусь пачала павялічваць свой экспарт у Кітай. Але ўсё роўна наш экспарт у Кітай расьце больш павольнымі тэмпамі, чым імпарт з Кітаю.
Няма ўпэўненасьці, што ўсё, што мы цяпер купляем у Кітаі, кітайскае. Некаторыя журналісцкія расьсьледаваньні паказваюць, што частка імпарту з ЭЗ, які раней ішоў у Беларусь наўпрост, цяпер можа ісьці праз трэція краіны, у тым ліку і празь Кітай.
Сальда ў гандлі таварамі з Кітаем моцна адмоўнае і зь цягам часу яно павялічваецца. У гандлі паслугамі зь Кітаем ніякіх сурʼёзных трэндаў не праглядаецца — ён даволі невялікі.
— Вы адзначылі, што ладную частку імпарту з Расеяй складаюць энэрганосьбіты. Попыт на іх, кажучы эканамічнай мовай, ня вельмі элястычны, пэўную іх колькасьць трэба купляць у любых умовах і амаль што па любой цане. У той жа час у кітайскім імпарце няма аналягічнага тавару, які складана замяніць і ад якога складана адмовіцца. Тым ня менш «нажніцы» разрыву паміж імпартам і экспартам імкліва разыходзяцца менавіта ў гандлі з Кітаем. Чаму?
— Адмоўнае сальда ў замежным гандлі многімі людзьмі ўспрымаецца як нешта кепскае. Насамрэч вялікай трагедыі ў гэтым няма. Пытаньне ня ў тым, якое сальда ў гандлі з той ці іншай канкрэтнай краінай, а якое яно ў гандлі з усім вонкавым сьветам. Гэта нармальна, што мы зь нейкай краіны купляем больш, чым прадаём туды. Няма ніякай неабходнасьці, каб сальда ў гандлі з кожнай краінай было на нулі ці станоўчае. Але калі няма краінаў, куды мы больш прадаём, чым купляем адтуль, то атрымліваецца агульнае адмоўнае сальда. І тады ўзьнікае патрэба абясцэньваць беларускі рубель адносна валютаў іншых краінаў.
— А чым пакрываецца адмоўнае сальда ў гандлі з пэўнай краінай ці з усім сьветам? Гэта доўг, гэта трата валютных рэзэрваў, гэта нешта іншае?
— Традыцыйна ў Беларусі ўжо шмат гадоў адмоўнае сальда гандлю таварамі па ўсіх краінах агулам, мы за мяжой купляем больш тавараў, чым прадаём усяму сьвету. Але ў апошняе дзесяцігодзьдзе гэтае адмоўнае сальда гандлю таварамі кампэнсавалася станоўчым сальда ў гандлі паслугамі. У выніку балянс сыходзіўся і сумарнае сальда было недзе каля нуля. Сёньня ў нас захавалася адмоўнае сальда ў гандлі таварамі, але цяпер у нас экспарт паслугаў гэтай «дзіркі» не кампэнсуе.
Што рабіць, калі мае месца такі агульны дэфіцыт у зьнешнім гандлі? Ёсьць некалькі спосабаў.
Калі гэта доўгатэрміновая тэндэнцыя, то трэба дэвальваваць нашую валюту. Тады аўтаматычна мы будзем менш спажываць дарагіх замежных тавараў. А для іншаземцаў нашыя тавары стануць больш таннымі і прывабнымі. Так, гэта пагоршыць нашую якасьць жыцьця, але мы прыйдзем да балянсу ў замежным гандлі.
Калі дысбалянс у замежным гандлі кароткатэрміновы, то некалькі месяцаў яго можна кампэнсаваць за кошт нейкіх запасаў, валютных рэзэрваў ці бюджэтнага прафіцыту.
— Вы напачатку сказалі, што адмоўнае сальда ў гандлі з той ці іншай замежнай краінай — гэта ў прынцыпе не трагедыя. Але калі гэтае адмоўнае сальда ў гандлі з гэтай краінай зьяўляецца шматгадовай тэндэнцыяй, гэта індыкатар паглыбленьня залежнасьці ад яе?
— Наагул кажучы, не. Скажам, у якім 2019 годзе мы куплялі шмат нафты ў Расеі, перапрацоўвалі яе, прадавалі нафтапрадукты ва Ўкраіну. У вынікі станоўчае сальда ў гандлі з Украінай кампэнсавала адмоўнае ў гандлі з Расеяй.
Нашая залежнасьць ад Расеі выкліканая больш шырокім наборам чыньнікаў — даўгамі перад ёй і тэхналягічнай залежнасьцю ад танных энэрганосьбітаў. Так, мы залежым ад Расеі, але не з прычыны адмоўнага сальда ў гандлі зь ёй.
— А якая вага палітычнага складніку ў гандлі з Кітаем і Расеяй? Калі б беларуская дзяржава не вызначала многае ў гэтым гандлі, ці быў бы ён такім жа, які ёсьць?
— Наўпрост з дынамікі гандлю з КНР і РФ немагчыма вызначыць вагу палітычнага складніку. Але з улікам іншых фактараў мы можам яе ацаніць. Тавараабарот з Расеяй і з Кітаем расьце хутчэй, чым нашая эканоміка ў цэлым. Чаму? Таму што многія краіны, у тым ліку і нашыя суседзі, наклалі на Беларусь санкцыі — спачатку праз палітычны крызіс, потым за палітычны гвалт, потым за захоп самалёту і штучны міграцыйны крызіс, нарэшце — за саўдзел у вайне. З гэтай прычыны тавараабарот з Кітаем і Расеяй стаў расьці больш хуткімі тэмпамі.
— Графікі, пададзеныя вышэй, канчаюцца 2021 годам. У 2022 годзе беларускія ўлады абвясьцілі, што ня будуць абнародаваць дадзеныя замежнага гандлю па асобных краінах. Гэта матывавалася неабходнасьцю супрацьдзейнічаць санкцыям. Дадзеныя па гэтым беларускім гандлі можна вызначыць «люстэркавым» мэтадам — са статыстыкі замежнага гандлю краінаў — партнэраў Беларусі.
— Мы арыентуемся на гэтыя «люстэркавыя» дадзеныя. Ёсьць і іншыя спосабы, якія дазваляюць вылічыць з высокай верагоднасьцю дадзеныя па замежным гандлі Беларусі, прынамсі, з найбуйнейшымі партнэрамі, у прыватнасьці, з Расеяй.
У 2022 годзе адбыўся злом трэнду, найперш скачок у гандлі з Расеяй. Паводле дадзеных РФ, яе тавараабарот зь Беларусьсю летась склаў 43,4 млрд даляраў, паводле дадзеных беларускага боку — 50 млрд даляраў. Цяпер ужо каля 70% гандлю Беларусі з усім сьветам прыпадае на адну краіну, на Расею.
Гэта кепска, незалежна ад таго, як вашая аўдыторыя ставіцца да Расеі. Гэта кепска з пункту гледжаньня рызыкаў, наш замежны гандаль цяпер не дывэрсыфікаваны і мы вымушаныя ўсе расейскія эканамічныя рызыкі прымаць на сябе.
У гандлі з Кітаем можна таксама заўважыць зьмену
трэнду. Паводле дадзеных кітайскай мытнай статыстыкі, у 2022 годзе экспарт
беларускіх тавараў у КНР вырас на 65%, да 1,8 млрд даляраў; імпарт — на 20%, да
3,275 млрд даляраў. У нас закрыўся шлях экспарту калійных угнаеньняў праз порт
Клайпеды. Пэўны час мы маглі экспартаваць гэтыя ўгнаеньні толькі ў Кітай па
чыгунцы. З цягам часу наладзілі экспарт у іншыя краіны праз расейскія парты.
Але дагэтуль велізарная частка нашых калійных угнаеньняў ідзе па чыгунцы ў
Кітай.