Лукашэнка марыць пра «нулявы рост» ВУП у гэтым годзе
Лукашэнка ўжо не ставіць задачу па росце ВУП. Галоўнае — хоць бы выйсці на ўзровень мінулага года. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Каранікам.
«І па валавому рэгіянальнаму прадукту, і па іншых паказчыках. Вядома, вы можаце сказаць, што база мінулага года ўсе-ткі была вышэй, чым у Магілёўскай вобласці, і дадаваць Гродзенскай вобласці складаней. Але пастаўлена задача, і яе трэба выконваць. Я не патрабую сёння ні ад урада, ні ад губернатараў, каб яны дадалі па ВУП або ВРП 5-6%. Задача стаіць у гэтай сітуацыі захаваць тэмпы мінулага года, выйсці на ўзровень мінулага года», — сказаў Лукашэнка»
Нагадаем, паводле яго ўказу ВУП Беларусі ў 2022 годзе павінен вырасці на 2,9%. Афіцыйна зацверджаны прагноз не пераглядаўся. Пры гэтым за паўгода ВУП краіны скараціўся на 4,2%. Міжнародныя арганізацыі прагназуюць яго памяншэнне паводле вынікаў года на 6,4 — 6,5%, паведамляе REFORM.by.
Лукашэнка не ўпэўнены, што Караніку ўдасца выправіць сітуацыю.
«Баюся, што за астатнія паўгода ўжо вам будзе складана перасягнуць узровень мінулага года. Хоць усякае магчыма. Але ўзровень мінулага года не па статыстыцы, а ў рэальным становішчы трэба дасягаць. Таму што для Гарадзеншчыны гэта не характэрна, што яна ўпадзе нават на адзін або паўпрацэнта. Таму гэтая задача для вас дасягальная», — сказаў ён.
Цікава, ці прагучыць у далейшым з вуснаў Лукашэнкі фраза пра «адмоўны рост ВУП»?