Лукашэнка казаў, што долар абваліцца, а той расце і расце. Чаму рэжым хлусіць і што будзе далей
Сітуацыя на беларускім валютным рынку яшчэ раз пацвердзіла, што прагнозы Лукашэнкі не вартыя нават трамвайнага квітка. Каторы дзень запар долар і еўра ставяць гістарычныя рэкорды — рост ужо можа складаць больш за 10 капеек за раз. Насельніцтва Беларусі ў сувязі з гэтым надта хвалюецца, бо вельмі добра ведае, што такое «дэвальвец».
У траўні гэтага года беларускі дыктатар чарговы раз анансаваў канец амерыканскага долара і еўра. І як заўсёды не саромеўся ў фармулёўках. «Вось-вось абрынецца долар. Калі долар абрынецца, што адбудзецца? У іх жа на паперках уся эканоміка. Трэба — надрукавалі долары. Кажуць, калі шмат грошай, інфляцыя. Ім пляваць — інфляцыя на нас кладзецца», — заявіў галоўны беларускі эканаміст прапагандыстам падчас святкавання Дня перамогі.
І аўтарытэтна дадаў: «Цяпер ні долары, ні еўра нікому не патрэбныя. Гэта ўжо не толькі ў Беларусі і Расіі — гэта ў многіх краінах».
Прайшоў час — і час паказаў, што з замежнымі валютамі ўсё добра, а вось беларускі рубель чарговым разам пачаў нагадваць рэзаную паперу.
На гэтым тыдні долар дадаў адразу 15 капеек, звыкла паставіўшы чарговыя гістарычныя рэкорды. Еўра падрос на 20 капеек, узяўшы некалькі псіхалагічных бар’ераў. Беларускі рубель пікіруе ўслед за расійскім, і невядома, з якой дэвальвацыяй беларусы праз месяц сядуць сустракаць Новы год.
Зрэшты, да чаго-чаго, а да імклівага абясцэньвання свайго «драўлянага» нашы людзі даўно прывыклі.
Беларусы памятаюць навагодні падарунак ад Лукашэнкі ў 2009-м, калі акурат 2 студзеня курс нацыянальнай валюты ўлады тэхнічна абрынулі на 20%. Памятаюць фінансавы крызіс 2011-га, калі рубель упаў ажно на 56%, а знаходзіць наяўныя долары насельніцтву зноў пачалі дапамагаць амаль забытыя валютчыкі. Памятаюць 2014-ты, калі цягам года рублёвы курс плаўна абясцэніўся на 25%.
Памятаюць усе гэтыя дэнамінацыі, калі з купюр прыбіралі «залішнія нулі», каб беларускія грошы не нагадвалі зімбабвійскія. Усе гэтыя ажыятажныя куплі тэлевізараў і іншай бытавой тэхнікі, у якую даводзілася ўкладацца, бо заўтра будзе ўтрая даражэй. Стаянні ў чэргах у абменнікі, каб паспець ухапіць якую «сотку зялёных». Пошукі валюты на адпачынак, каб было чым разлічыцца ў кавярні за мяжой.
Рэгулярныя дэвальвацыі рубля — гэта тое, што ў дэмакратычнай Беларусі будзе вывучацца асобным параграфам па прадмеце «гісторыя лукашызму». І ў кожнага на гэты конт, канешне ж, будзе свая асабістая гісторыя, бо гэта кранула літаральна кожную сям’ю.
Лукашэнка на ўсё гэта рэагаваў у сваёй улюбёнай манеры: пагардліва абвінавачваў ва ўсім саміх людзей.
У 2011-м дыктатар заявіў: «Як мне было сорамна за беларускі народ, калі я прыехаў у Казахстан і мяне ўсе пыталіся, што адбываецца ў Беларусі, чаму пустыя паліцы ў крамах. Мне сорамна было ўпершыню за сваю шматгадовую прэзідэнцкую гісторыю за частку людзей, якія стварылі гэты ажыятаж. Бо нас успрымаюць наогул, як дзікуноў!»
Падчас наступнага валютнага крызісу, праз некалькі гадоў, наогул выказаўся так, што пра гэта добра памятаюць дагэтуль: «У апошнія месяцы, я гляджу, наш народзец пабег у абменныя пункты. Ну, бяжыце, бяжыце! Будзе попыт на валюту вялікі — будзе абясцэньвацца беларускі рубель з усімі вынікаючымі наступствамі».
Чаму так адбываецца? Чаму беларускі рубель такі кволы, што падае пры першых подыхах эканамічных праблем? Калі казаць коратка і без паглыблення ў фінансава-эканамічную тэрміналогію, то адказ такі: за 30 гадоў кіравання краінай «крэпкі хазяйсцвеннік» Лукашэнка так і не здолеў стварыць нармальную нацыянальную валюту.
Уся эканамічная палітыка беларускай улады грунтуецца на тым, каб паразітаваць на Расіі, жыць за кошт Масквы, на ўтрыманні «старэйшага брата». Ну а тамтэйшы рубель таксама не жалезны і рэгулярна абвальваецца. Цяпер адбываецца менавіта гэта: расійскія грошы імкліва абясцэньваюцца на тле вайны ва Украіне і цягнуць за сабой наш айчынны рублік.
Дык у той жа Расіі пэўны давер да сваёй валюты ўсё ж ёсць. Хто б што ні казаў, але расійцы свой дабрабыт вымяраюць менавіта ў сваіх банкнотах. Кошт кватэры, цэны на аўтамабілі, працэнты іпатэкі — усё гэта жыхары РФ ацэньваюць у рублях. Долары, еўра для іх — проста замежны аналаг грошай, які, вядома, больш трывалы, але запатрабаваны хіба што за мяжой і часткова для назапашвання зберажэнняў.
Тое ж самае злоты ў палякаў, грыўна ва ўкраінцаў (прынамсі да вайны), альбо лары ў грузін. У беларусаў усё прынцыпова інакш.
Беларус буйныя здзелкі вымярае спрэс у доларах. Прадае лецішча — за вось столькі амерыканскіх рублёў. Купляе красовер — за такую суму ў «вечназялёнай» валюце. Выдаткоўвае на вучобу дзецям — дастаючы стос купюр з выявай Бенджаміна Франкліна.
Натуральна, што і ўзровень заробкаў у Беларусі называецца ў «баксах». І зберажэнні грамадзяне пераважна трымаюць у доларах альбо еўра. І ўсе астатнія фінансавыя аперацыі — таксама ў «варожай» валюце.
Адметна, што і самі ўлады гэтага не цураюцца. Гэта ў эфіры прапагандысцкага тэлебачання які-небудзь Раман Галоўчанка хваліцца, што ў разліках з РФ Беларусь перайшла на расійскі рубель. Што ў краіне запушчаныя працэсы дэдаларызацыі, каб менш залежаць ад амерыканскага казначэйства. На справе ж усё па-іншаму. І паказчыкі экспарту лукашэнкаўцы называюць у доларах, і ўзровень ВУП, і арыенціры па заробках знаёма круцяцца вакол хрэстаматыйных «па пяцьсот».
І пакуль ва ўладзе Лукашэнка, нічога тут ужо не зменіцца. Рэжым працягне шэльмаваць амерыканскіх капіталістаў, заяўляць пра ўласныя эканамічныя поспехі і хваліцца дасягненнямі суверэннай народнай гаспадаркі. А хворы беларускі рубель будзе і далей чаргаваць перыяды крохкай рэмісіі з наступнай ліхаманкай на валютнай біржы.