Карбалевіч: За 30 гадоў кіравання Лукашэнку няма чым ганарыцца ў эканоміцы

Адной з важных тэмаў выступу Аляксандра Лукашэнкі на VII Усебеларускім народным сходзе было падвядзеньне вынікаў ягонага 30-гадовага кіраваньня. Лукашэнка сьцьвярджае, што вынікі выбітныя, усе паказьнікі шматкроць вырасьлі, Беларусь крочыць ад перамогі да перамогі і амаль ніякіх па-сапраўднаму сур’ёзных праблем у краіне не засталося. Але ў палітолага Валерыя Карбалевіча ёсьць шмат падстаў, каб сумнявацца ў слушнасьці такіх высноў.

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg.webp

«Варта зьвярнуць увагу на тое, што апэляцыя да мінулага кампэнсавала ў прамове Лукашэнкі тэму будучыні, — піша Валерый Карбалевіч у калонцы на «Свабодзе». — Ніякіх пазытыўных наратываў наконт чаго, што чакае краіну наперадзе, не было прапанавана. Гучала толькі тое, што трэба рыхтавацца да вайны, бо вакол ворагі; неабходна змагацца за шматпалярны сьвет; варта мацаваць дысцыпліну; трэба быць моцнымі, бо «час выбраў нас». І, безумоўна, трэба гуртавацца вакол правадыра. Вось і ўсё. Надзеі на лепшае жыцьцё сход грамадзтву не падараваў».

Што тычыцца вынікаў 30-гадовага разьвіцьця, то, паводле слоў Карбалевіча, для параўнаньня Лукашэнкам быў узяты ўзровень сярэдзіны 1990-х гадоў. «Гэта як у СССР увесь час параўноўвалі сацыяльна-эканамічныя паказьнікі з 1913 годам. Сама падобная мэтадалёгія заганная ў самой сваёй прыродзе, у ёй закладзены мэханізмы маніпуляцыі», — удакладняецца ў артыкуле.

«Справа ў тым, — удакладняе палітолаг, — што за 30 гадоў увесь сьвет непараўнальна зьмяніўся. Памянялася эпоха, імкліва разьвівалася глябалізацыя, адбыўся пераход да інфармацыйнага грамадзтва. Разьвіваліся ўсе краіны. Некаторыя зь іх зрабілі сапраўдны мадэрнізацыйны рывок. Для прыкладу, варта паглядзець хоць бы на той жа Кітай».

Яшчэ істотны момант, мяркуе публіцыст, палягае ў тым, што «для прапаганды важна знайсьці выгадны пункт адліку». «Лукашэнка прыйшоў да ўлады (1994) у пэрыяд найбольш вострага крызісу, які перажывала ўся постсавецкая, нават постсацыялістычная прастора, у выніку пераходу ад плянавай эканомікі да рынкавых мэханізмаў, разрыву старых гаспадарчых сувязяў. Сярэдзіна 1990-х гадоў стала пэрыядам самага глыбокага падзеньня ўсіх сацыяльна-эканамічных паказнікаў. Толькі з другой паловы таго цяжкага дзясяцігодзьдзя (у Расеі яно атрымала назву «лихие 90-е») пачаўся паступовы рост ва ўсіх постсацыялістычных краінах. Таму параўнаньне з такім пэрыядам выгаднае з прапагандысцкага гледзішча, але некарэктнае з пункту гледжаньня аб’ектыўных ацэнак», — падкрэсліва Карбалевіч.


Глядзіце таксама

Ён дадае, што «для сур’ёзнага аналізу варта параўноўваць разьвіцьцё Беларусі зь іншымі краінамі», але і тут «можна браць паказьнікі выгадныя і хаваць нявыгадныя». «Напрыклад, — тлумачыць палітолаг, — у тэмпах інфляцыі і дэвальвацыі Беларусь амаль сусьветны лідэр, калі вынесьці за дужкі зусім паталягічныя прыклады Зымбабвэ, Вэнэсуэлы, Паўднёвага Судану. Але пра гэта ўлады ня згадваюць».

«Што тычыцца заробкаў. Лукашэнка даводзіць, што «рэальныя грашовыя даходы беларусаў у дзесяць разоў перавышаюць узровень сярэдзіны 90-х. Добра памятаю, што ў 1996 годзе сярэдні заробак у Беларусі быў каля $100, чым вельмі ганарыўся тагачасны прэм’ер Міхіл Чыгір. Сёньня гэты паказьнік – звыш $600. Рост ёсьць, але трохі меншы, чым кажа Лукашэнка. Дарэчы, у Расеі за гэты час сярэдні заробак вырас у 8 разоў, у Латвіі — у 12 разоў, у Літве — у 14,5 раза», — канстатуецца ў публікацыі.

«Важна зьвярнуць увагу і на тое, што беларускія ўлады любяць параўноўваць сацыяльна-эканамічныя паказьнікі з 1990-мі гадамі, але неахвотна гавораць пра стан разьвіцьця эканомікі апошнія 10-13 гадоў. І зразумела, чаму. Незалежныя эканамісты даводзяць, што з 2011 года сярэднегадавыя тэмпы росту валавога ўнутрана прадукту Беларусі складаюць каля 1%. Гэта ў 2-3 разы ніжэй за сярэднесусьветныя тэмпы. Кажучы эканамічнай тэрміналёгіяй, такі стан называецца стагнацыяй», — адзначае аўтар.

«Іншымі словамі, гэта эканамічны тупік. Што і зьяўляецца аб’ектыўным вынікам 30-гадовага кіраваньня. Калі прыгадаць яшчэ міжнародную ізаляцыю, страту сувэрэнітэту, унутраны раскол, які называюць «халоднай грамадзянскай вайной», таталітарныя тэндэнцыі ў палітычнай сыстэме, то вынікі выглядаюць зусім не вясёлымі. Ганарыцца няма чым», — падсумоўвае Валерый Карбалевіч.