Дасягненні беларускага рубля за дэнамінацыямі надоўга не схаваеш

Вынікі клопату ўлады пра беларускі рубель давялося хаваць за трыма дэнамінацыямі. Учора долар у Беларусі падаражэў да 353 мільёнаў 300 тысяч беларускіх рублёў. А яшчэ тыдзень таму каштаваў 340 мільёнаў, падлічыў аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Апошнія два дні гарант займаўся геапалітычным самазадавальненнем. Даваў парады, як уладкаваць Пакістан у гэтым бушуючым свеце. Вось каго-каго ў Пакістане забыліся спытаць, як ім сябе ўладкаваць, а ён усё роўна даваў парады. Такі вось чалавек. Патлумачыў з вышыні свайго досведу і міжнароднага аўтарытэту, як правільна супрацьстаяць ціску калектыўнага Захаду.

Ну, таму што, калі не растлумачыць у Пакістане, як правільна ўладкаваць Пакістан, то навошта наогул тады было ляцець? Не трактары ж яму там прадаваць, на самай справе. Па-першае, гэта не царскі занятак. А па-другое, гэтых трактароў шмат усё роўна не прадасі. За мінулы год з Пакістанам нагандлявалі менш, чым на адну дзясятую працэнта ад усяго беларускага гандлю.

А ўчора сёй-той паляцеў ужо ў Казахстан, каб там займацца ўладкаваннем калектыўнай бяспекі. Чым ён яшчэ займаецца?

У Беларусі сёй-той ужо ўсё ўладкаваў. Прычым не адзін раз. Калі б адзін раз — то яно было б яшчэ нічога...

Асабліва добра ў таго-сяго заўсёды атрымлівалася ўладкаваць беларускі рубель. Таму вынікі ўладкавання беларускага рубля прыйшлося хаваць за трыма дэнамінацыямі. Але дасягненні беларускага рубля за дэнамінацыямі надоўга не схаваеш.

Вось учора долар у Беларусі падаражэў да 353 мільёнаў 300 тысяч беларускіх рублёў. А яшчэ тыдзень таму каштаваў 340 мільёнаў. Гэта значыць, за тыдзень за долар сталі даваць на 13 мільёнаў беларускіх рублёў больш. А за ўчорашні дзень — на шэсць мільёнаў.

Прычым, гэтым разам сёй-той так паклапаціўся пра беларускі рубель, што рэкорды беларускага рубля не залежаць ні ад беларускага рубля, ні ад беларускага Нацбанка.

Нават гарант стабільнасці, з усім яго геапалітычным размахам, не можа паўплываць на стабільнасць беларускага рубля ў лепшы бок. У горшы — калі ласка. А ў лепшы не атрымаецца. Хоць, шчыра кажучы, я нешта не ўзгадаю, каб у яго калі-небудзь атрымлівалася паўплываць на беларускі рубель у лепшы бок.

Беларускі рубель цяпер — цалкам незалежная валюта ад усіх, акрамя расійскага Цэнтрабанка і расійскага рубля.

Вось Цэнтрабанк учора паабяцаў, што ён не будзе купляць валюту да канца года. Расійскі рубель пасля гэтага ўздыхнуў з палёгкай і вярнуўся ва ўмоўныя рамкі прыстойнасці. 

І можа быць, гэта на некаторы час дапаможа беларускаму рублю супраць новых рэкордаў. Таму што пастанова Цэнтрабанка знізіць у Расіі попыт на валюту на 800-900 мільёнаў долараў на месяц. Але дэфіцыт валюты ў Расіі цяпер складае ад 2 да 4 мільярдаў долараў у месяц. Таму расійскаму, а заадно беларускаму рублю, Цэнтрабанк надоўга не дапаможа. 

А іншых спосабаў паўплываць на свой і беларускі рубель у Цэнтрабанка не вельмі шмат. Таму што іншыя спосабы ўжо не дзейнічаюць. Так што ў перспектыве бліжэйшага месяца без новых рэкордаў беларускаму рублю не абысціся. Ну і, пагадзіся, што гэта ў прынцыпе, крыху зневажальна для любога рубля — чакаць пакуль табе дапаможа чужы Цэнтрабанк. Да таго ж даводзіцца адчываць сябе нібы той пацук, якога сскінулі на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.