Лукашэнка зноў патрабуе прыпыніць рост цэн

Аляксандр Лукашэнка зноў запатрабаваў прыпынення росту цэн па кантралюемых дзяржавай пазіцыях. Такое даручэнне кіраўнік дзяржавы даў 5 мая, прымаючы з дакладам міністра працы і сацыяльнай абароны Марыяну Шчоткіну.



292.jpg

Як адзначае прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка адзначыў, што ў канцы мінулага года — пачатку гэтага ў краіне "супакоілі і валютны рынак, і цэны", у той жа час назіраецца павышэнне цэн на тавары і паслугі. На думку Лукашэнкі, гэтаму ёсць і аб'ектыўныя прычыны, у прыватнасці рост курсу долара адносна беларускага рубля. 
"Але калі назіраецца рост цэн па кантралюемых пазіцыях і асабліва ў ЖКГ, яшчэ дзесьці, там, дзе мы, дзяржава, павышаем цэны — гэта недапушчальна. Чаму? Таму што мы зарплату сёння не можам узняць. Чалавеку не патрэбен рост зарплат, калі не растуць цэны", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. 
"І там, дзе мы можам сёння прыпыніць рост цэн, гэты рост цэн трэба прыпыніць. Трэба даць зразумець усім — бізнесменам, прадпрымальнікам, кіраўнікам дзяржпрадпрыемстваў і усім іншым, што цэны пажадана цяпер не тузаць", — сказаў Лукашэнка. 
Пры гэтым ён адзначыў, што зарплата будзе расці па меры магчымасці, і падкрэсліў, што не прыхільнік яе павышэння напярэдадні выбараў прэзідэнта. 
"Гэта перш за ўсё павінны разумець дзяржслужачыя", — дадаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, ёсць спробы "выбарачна камусьці каэфіцыент павысіць, камусьці даплату, зарплату, уладкаваць на працу, каб на пенсію пайсці з добрай працы". "Гэта недапушчальна! Я гэта буду лічыць правакацыяй супраць прэзідэнта, супраць улады. Гэтага быць не павінна! Да ўсіх павінен быць падыход аднолькавы", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 
Лукашэнка не падтрымаў прапанову аб павышэнні заработнай платы дзяржслужачым, падкрэсліўшы, што ўсё павінна быць увязана з працай эканомікі, прамысловасці. 
Нагадаем, у снежні 2014 года на фоне росту курсу долара ў краіне ўрад прыняў пастанову № 1207, якая ўстанавіла фактычную забарону на павышэнне цэн на спажывецкім рынку. Пастановай Саўміна № 250 ад 31 сакавіка 2015 года забарона на рост цэн была адменена.
Аляксей Арэшка, БелаПАН