Лукашэнка загадаў максімальна скараціць міністэрства энергетыкі
Пры прызначэнні Уладзіміра Патупчыка міністрам энергетыкі, Аляксандр Лукашэнка заклікаў яго неадкладна і капітальна ачысціць Мінэнерга ад няпрофільных і непатрэбных выдаткаў, якія, па яго словах, цяжарам кладуцца на насельніцтва і прадпрыемствы. Пра гэта паведамілі ў Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы.
"З моманту падпісання мной указа вы становіцеся не проста міністрам, Вы—чалавек прэзідэнта, і мы павінны глядзець вачыма прэзідэнта на гэтую галіну. А мая задача вам—неадкладна ачысціць міністэрства энергетыкі. Мінэнерга трэба вярнуць у прытомнасць, максімальна яго скараціўшы. Яго трэба аптымізаваць цалкам, а функцыі перадаць на месцы", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым ён адзначыў, што ў міністэрстве патрэбныя вельмі сур'ёзныя пераўтварэнні, удумлівая і сур'ёзная праца. "Мне патрэбны сумленныя і надзейныя людзі, адданыя дзяржаве. Таму накатанай каляіны там быць не можа. Там павінна быць жорсткая рэформа, цяпер група займаецца па маім даручэнні, і вы падключыцеся да гэтага", — сказаў прэзідэнт.
Паводле яго слоў, "паглядзець трэба літаральна усё, што ад пачатку да канца, што там адбываецца, якія выдаткі". Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заклікаў не лезці празмерна ў аператыўную працу "Белэнерга", "Белпалгазу", узяўшы на сябе "кантроль, перспектыўныя пытанні, пытанні мадэрнізацыі".
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што міністр будзе ў поўнай меры несці адказнасць за ўсё, што адбываецца ў энергетыцы. "Галоўнае — глядзіце, як трацяцца грошы. Я ад вас чакаю сумленнага дакладу з нагоды тарыфаў у энергетыцы. Вы мне павінны сказаць, з чаго яны складаюцца. Упэўнены, што яны працэнтаў на 30 завышаныя з-за бязладдзя, нядбайнасці, манапалізму і гэтак далей. Значыць, і кампенсацыя насельніцтвам гэтых тарыфаў складае ўжо не 30%, а каля паловы", — адзначыў Лукашэнка.
Як раней перадаваў “Тэлеграф”, Аляксандр Лукашэнка заяўляў аб тым, што ў Беларусі энергетыкі стварылі ўласную дзяржаву ў дзяржаве, "нейкую сваю незалежную арганізацыю з элементамі мафіі і банды". У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў на працягу тыдня вырашыць кадравае пытанне ў міністэрстве энергетыкі. Як вынік, прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч 16 красавіка 2013 года вызваліў ад пасады намесніка міністра энергетыкі Беларусі Эдуарда Таўпянца. Таксама быў звольнены сам кіраўнік Мінэнерга — Аляксандр Азярэц.
Аляксандр Лукашэнка 22 красавіка прызначыў новага кіраўніка Мінэнерга. Ім стаў ураджэнец Светлагорска Уладзімір Патупчык, які раней быў міністрам працы і сацыяльнай абароны, намеснікам прэм'ера і намеснікам старшыні Савета Рэспублікі.