Лукашэнка: Дэвальвацыі не будзе
Як і напярэдадні ранейшых дэвальвацый, прэзідэнт заяўляе, што яе не будзе.
«Беларусь не будзе бегчы за Расіяй і дэвальваваць нацыянальны рубель», — заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па эканамічных пытаннях, перадае
БелТА.
Лукашэнка таксама запатрабаваў ад урада весці разлікі з Расіяй у валюце — доларах ці еўра.
Ён падкрэсліў: «Нікога не хачу здзівіць, пазіцыя застаецца ранейшай. Мы не збіраемся бегчы за Расіяй, гэта катэгарычна забараняецца, таму што расійскі рынак — незразумела што там, хто што хоча і што там будзе».
«Ваганні на расійскім валютным рынку не паддаюцца ніякаму асэнсаванню», — сказаў Лукашэнка, адзначыўшы, што дэвальваваць валюту на гэтым фоне непрымальна.
«У нас ёсць абавязацельствы перад насельніцтвам. І мы іх павінны прытрымлівацца, што, як мне дакладваюць урад і Нацыянальны банк, і робіцца», — адзначыў ён.
Лукашэнка падкрэсліў, што стабільнасць на валютным рынку — гэта абавязак банкаўскай сістэмы на чале з Нацыянальным банкам і ўрадам Беларусі, усё
астатняе — у руках насельніцтва.
«Хочаце абвалу — бегайце па абменніках. Гэта ўсё ў
руках грамадзян нашай краіны. Ківаць на кіраўніцтва, на ўрад, на Нацыянальны банк сёння непрымальна», — сказаў ён. Пры гэтым ён запэўніў: «Мы будзем прытрымлівацца стабільнай
сітуацыі ў краіне і будзем выкарыстоўваць для гэтага ўсе рычагі, не парушаючы ніякіх фінансава-эканамічных законаў, якія дзейнічаюць аб'ектыўна».
Нагадаем, што ў снежні 2008 годзе Лукашэнка таксама запэўніваў, што дэвальвацыі не будзе. Але 2 студзеня 2009 года беларускі рубель абясцэніўся адразу на 20%.
charter97.org