Каля 40% банкаў Расіі знаходзяцца ў «чырвонай зоне». А беларускія банкі?

Са слоў кіраўніка расійскага Ашчадбанка Германа Грэфа, страты банкаў у Расіі ў першым паўгоддзі склалі 1,5 трыльёна рублёў (больш за 24 млрд долараў).

Герман Грэф

Герман Грэф


«Паводле нашых ацэнак, страты банкаў істотна знізяцца ў другім паўгоддзі, але банкаўскі сектар са страт не выйдзе», — сказаў ён падчас эканамічнага форуму ВЭФ-22.

Цікава, што сярод буйных сістэмаўтваральных банкаў Расіі каля 40% ужо з'яўляюцца стратнымі. Пры гэтым заходнія санкцыі супраць расійскай эканомікі толькі набіраюць поўную сілу: у снежні пачнуць дзейнічаць абмежаванні на расійскую нафту і нафтапрадукты, а на гэтым тыдні ЕС можа прыняць пастанову аб лімітавых коштах на расійскі газ.

Такім чынам, чаканні расійскага банкіра паляпшэння сітуацыі ў банкаўскім сектары цалкам могуць аказацца далёкімі ад рэальнасці — асабліва з улікам росту бюджэтнага дэфіцыту і праблем з імпартам, якія маюць крытычнае значэнне для эканомікі Расіі.

Вядома, што цяпер беларуская эканамічная сістэма вельмі завязана на Расію. І, як лічаць эканамісты BEROC, сітуацыя ў беларускай банкаўскай сферы не нашмат лепшая. Прынамсі, у найбліжэйшай будучыні на фінансавы стан беларусаў будуць аказваць уплыў асноўныя фактары, якія зніжаюць даходы. Такі пункт гледжання выказаны ў маніторынгу беларускай эканомікі «Экспертны погляд», падрыхтаваным эканамістамі BEROC.

Зразумець стан банкаўскай сістэмы ў Беларусі цяпер досыць складана. Адна з найбольш істотных праблем, якія перашкаджаюць гэтаму — адсутнасць дакладнай інфармацыі. Звесткі аб бухгалтарскіх балансах камерцыйных банкаў і наяўная статыстыка істотна скажоныя, у тым ліку выкарыстаннем дазволеных рэгулятарам контрцыклічных захадаў.

«Што датычыцца фінансавых вынікаў, то цяпер мы знаходзімся ў перыядзе вялікіх ілюзій адносна прыбытковасці банкаўскага сектара. У моманце прыбытак і аперацыйны даход банкаў маюць добрую дынаміку, нават калі параўноўваць мінулыя паўгода з першым паўгоддзем 2021-га. Праблема ў тым, што гэты рост даходаў і прыбытку банкаўскага сектара адбываюцца на фоне прыгнёту фундаментальных драйвераў даходнасці банкаў — падзення продажу, скарачэння аб'ёмаў гандлю і разлікаў, доўгатэрміновага скарачэння інвестыцыйнай актыўнасці ў краіне, скарачэння колькасці кліентаў (гэта відаць у статыстыцы па ІП і колькасці насельніцтва ў працаздольным узросце), занятасці і рэальных даходаў насельніцтва», — гаворыцца ў даследаванні.

1013476609_0__1_2533_1591_1920x0_80_0_0_9dc25d06a4e677425046c5ef9742c3f1.jpg


У ім таксама адзначаецца, што сённяшні рост даходаў і прыбытку банкаў перш за ўсё заснаваны на кароткатэрміновых усплесках цанавых фактараў — працэнтнай маржы, досыць шырокіх курсавых спрэдаў. А таксама, па зразумелых прычынах, абумоўлены аб'ёмамі валютна-абменных аперацый. У той жа час камісійны даход — устойлівае ядро даходнасці банкаў — практычна не расце. Адпаведна, праз досыць кароткі прамежак часу аддача на капітал можа адчувальна знізіцца. Больш за тое, частка даходаў будзе з'едзена неабходнасцю дарэзервавання партфеляў.

Эксперты мяркуюць, што рэальная карціна таго, што адбываецца, стане вядомая, калі ў другім квартале 2023-га будзе апублікавана справаздачнасць па міжнародных стандартах за 2022 год.

«Карціна гэтая, хутчэй за ўсё, будзе неспрыяльнай. Працэнтныя і гандлёвыя даходы, хутчэй за ўсё, сціснуцца, агульная база аперацыйнага даходу — таксама. Для банкаўскай сістэмы гэта — доўгатэрміновая рызыка. Акрамя таго, як відаць са статыстыкі, адбылася вымушаная дакапіталізацыя дзяржаўных банкаў. Гэта можна разглядаць як сігнал таго, што на гарызонце за паўгода-год таксама паўстане пытанне сістэмнай устойлівасці банкаўскай сферы», — адзначаецца ў маніторынгу.