«Калі заключаеш дамову з д'яблам, гэта заўсёды заканчваецца адным»

У 2022 годзе фінская кампанія «Olvi PLC», якой належыць «Лідскае піва», вырашыла сысці з Беларусі пасля таго, як краіна стала саўдзельнікам у вайне Расіі супраць Украіны. Праз паўгода, у канцы 2022-га, кампанія заявіла, што не можа прадаць актыў праз змены ў заканадаўстве, якія забараняюць замежнікам прадаваць кампаніі ў Беларусі.

_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__4__logo.jpg


Камітэт дзяржкантролю Беларусі правёў праверку ААТ «Лідскае піва» і па яе выніках аштрафаваў кампанію на 35,8 млн рублёў (12 млн еўра па курсе Нацбанка на 20 лютага). Кампанія са штрафам не пагадзілася і звярнулася з пярэчаннем у раённы суд.

Дасведчаныя ўдзельнікі рынку паведамілі СМІ, што драконаўскі штраф, накладзены на кампанію Дзяржкантролем, імаверна, стаў вынікам таго, што, нягледзячы на забарону, «Olvi PLC» усё роўна рабіла пэўныя рухі ў кірунку продажу кампаніі.

Якая будучыня чакае замежных інвестараў, якім улады забаранілі прадаваць актывы ў Беларусі? «Філін» абмеркаваў гэта з кіраўніком праекта «Кошт урада» Уладзімірам Кавалкіным.

— Як, па-вашаму, можа разруліцца гэтая гісторыя з «Лідскім півам»? Што чакае інвестара?

— Ва ўказе №1403 за 2022 год «Аб дадатковых мерах па забеспячэнні стабільнага функцыянавання эканомікі» накладзены абмежаванні на магчымасці продажу і адчужэння долі ў розных юрасобах, якія беларуская дзяржава палічыць важнымі для сябе.

Увогуле, гэта рэакцыя на тое, што многія інвестары хацелі б сысці з беларускага рынку ў сувязі з тым, што пачалася вайна Расіі супраць Украіны і рэжым Лукашэнкі з'яўляецца памагатым рэжыму Пуціна ў гэтай вайне. Адпаведна многія замежныя кампаніі палічылі, што для іх заставацца ў Беларусі — вялікая праблема, звязаная з рэпутацыйнымі выдаткамі, вышэйшымі за просты продаж бізнесу.

У гэтай сітуацыі кожная кампанія няшчасная па-свойму. Што тычыцца «Лідскага піва», то гэта класічны прамысловы бізнес. Яму выйсці з Беларусі складана, таму што ў іх завод, брэнд, таваравытворчая сетка. Усё гэта трэба альбо прадаваць (а продаж рэжымам Лукашэнкі забаронены, па сутнасці, інвестараў пазбавілі права ўласнасці, часткова, на іх маёмасць), альбо неяк згортваць такім чынам бізнес, каб мінімізаваць страты.

З гэтымі ж праблемамі сутыкаюцца абсалютна ўсе інвестары са злапомнага спісу. Далей кожная кампанія абірае стратэгію, што ёй рабіць. Ёсць кампаніі, якім прасцей спыніць бізнес і не мучыцца. Ёсць кампаніі, якія, як «Лідскае піва», спрабуюць прадаць сябе.

Кампаніям, звязаным з ІТ, прасцей перавезці людзей і спыніць фактычную дзейнасць у Беларусі, гэта значыць пакінуць юрыдычную асобу, якая не ажыццяўляе гаспадарчай дзейнасці, і весці бізнес за мяжой.

Горш за ўсё тым, хто першапачаткова інвеставаў у нерухомасць асноўныя сродкі, і тым, хто працаваў на беларускі рынак. «Лідскаму піву» ўдвая дрэнна. Ім наўрад ці дадуць спыніць працу, а калі яны будуць спрабаваць зніжаць аб'ёмы вытворчасці, іх пачнуць прэсаваць. Прадаць немагчыма. Увогуле, яны заложнікі ў гэтай сітуацыі. Выхадаў няшмат: альбо працягваць працаваць, альбо ўсё кінуць.

Чыноўнікі будуць іх прымушаць працаваць, а яны будуць думаць, як ад гэтага пазбавіцца. Уласна кажучы, гэта вельмі знакавая сітуацыя для любога патэнцыйнага замежнага інвестара. Будзе, як у анекдоце пра катанне на вярблюдзе ў Егіпце: сесці можаш бясплатна, каб злезці — плаці.


— Гэта значыць, будзе бізнес з-пад пугі?

— Так, хутчэй за ўсё. Тут яшчэ не да канца зразумела, што адбудзецца, калі яны пачнуць зніжаць аб'ёмы вытворчасці. Ці, дапусцім, яны захочуць проста спыніць працу і закансерваваць завод. Ім жа наўрад ці гэта хтосьці дасць зрабіць.

Прагназую: калі яны паспрабуюць нешта падобнае зрабіць, да кіраўнікоў прыедуць сілавікі і пачнуць іх прэсаваць і цягаць па СІЗА. Хутчэй за ўсё, трэба ўсё кіраўніцтва эвакуіраваць з краіны, перш чым спыніцца. Тут не пройдзе варыянт «хачу — працую, не хачу — не працую». Цяжкая гісторыя для інвестараў.

Верагодна, яны думалі, што тут будзе прыблізна так, як дзе-небудзь на Захадзе: захацеў — купіў, захацеў — прадаў.

Тое, што адбываецца цяпер — прыклад таго, што бывае, калі ты спрабуеш заключыць кантракт з д'яблам. У нейкі момант табе падаецца, што ты заключыў выгадную здзелку, таму што быццам бы і рынак ёсць, і льготы па падатках, і абяцанні, і людзі з нізкім заробкам, якім можна недаплачваць, таксама ёсць.

І вось, быццам бы, шчасце блізка. Але, калі ты заключаеш дамову з д'яблам, гэта заўсёды заканчваецца адным чынам: ты плаціш утрая.