Калі ўрад атрымае карт-бланш на рэформы?
Ці атрымаецца ў чыноўнікаў ствараць спрыяльныя ўмовы для бізнесу, не парушаючы каноны палітычнай сістэмы?
Беларуская эканоміка выходзіць на траекторыю аднаўлення, заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Васіль Мацюшэўскі.
— Тэмпы эканамічнага росту дадаюць ад месяца да месяца. Мэтавая задача па тэмпах росту ВУП на першае паўгоддзе выконваецца з апярэджаннем: 100,9% (пры заданні 100,2%), — паведаміў Васіль Мацюшэўскі.
Як атрымалася дасягнуць такіх вынікаў?
— Асноўны рост адбыўся за кошт знешняга попыту, змены кан'юнктуры цэн, якія дазваляюць экспарту павялічвацца на дзясяткі адсоткаў, — адзначае эксперт Ліберальнага клуба Антон Балточка. — ВУП перайшоў мяжу з чырвонай зоны ў зялёную.
— Наколькі ўстойлівы гэты рост?
— Васіль Мацюшэўскі адзначыў, што для дасягнення паказчыкаў у рамках пяцігодкі патрабуюцца структурныя змены. Гэта вельмі важна.
— Само паняцце «структурныя змены» або «структурныя рэформы» раней выклікалі абурэнне ў кіраўніцтва краіны. Ці значыць гэта, што ўрад саспеў да рэформаў?
— На мой погляд, ва ўрада няма алергіі на змены, калі яны не парушаюць усталяванага парадку, гэта значыць, палітычнага ладу. Такія рэформы ўладамі ўспрымаюцца нармальна, а некаторыя з іх нават ператвараюцца ў жыццё. Да прыкладу, Нацыянальны банк атрымаў карт-бланш і рэалізаваў шэраг змяненняў.
З дзяржсектарам так не атрымліваецца, бо там вельмі шмат гуртоў з рознымі інтарэсамі. Гэта не дазваляе правесці рэформы, якія парушаць устояныя сувязі, адпаведна, там больш супраціву. Мяркуючы па словах Васіля Мацюшэўскага, ва ўрадзе разумеюць: гэта трэба мяняць, каб зрабіць рывок больш устойлівым, хуткім і выканаць параметры, устаноўленыя ў рамках палітычнай праграмы.
— Якая роля адводзіцца малому і сярэдняму бізнесу?
— Паколькі эканоміка не прайшла структурныя змены, патрэбна ўстойлівая база, падмурак для далейшага прасоўвання па лініі развіцця. Для гэтага патрэбен прыватны сектар, які быў бы больш гнуткі да розных вонкавых фактараў. Менавіта таму робіцца стаўка на пакет дакументаў па спрашчэнні вядзення бізнесу, які распрацоўваецца ў Адміністрацыі прэзідэнта.
Наколькі ён працуе, не ведаю. Зыходзячы з праекта, там ёсць радыкальныя спрашчэнні, якія патрабуюцца бізнэсу. Але ў той жа час ёсць вельмі нізкі давер да ўраду, таму не думаю, што гэтыя дакументы дадуць хуткую аддачу. Тут патрэбна комплексная праца: не толькі прыняць дакументы, але і правільна іх падаць прадпрымальнікам і народу. Калі гэта будзе зроблена, то, магчыма, у сярэднетэрміновай перспектыве мы атрымаем пазітыўны эфект.
— Вы лічыце, што ўлады ўжо не ўспрымаюць прыватніка як ворага?
— Зараз, на мой погляд, у органах дзяржкіравання ёсць разуменне, што бізнес з'яўляецца асновай, на якой можна выправіць сітуацыю ў эканоміцы. Але справа ў тым, што апошнія гады бізнэсу не надавалася патрэбная ўвага з пункту гледжання яго развіцця. Бізнэс быў апендыксам сістэмы. Зараз да прадпрымальніцтва яўнага негатыву няма, але няма і выразнага разумення: як развіваць гэты сектар, як ствараць ўмовы, не парушаючы каноны палітычнай сістэмы.
Таму працэс і ідзе туга, няма ніякай сістэмнасці. Пакуль урад, Адміністрацыя прэзідэнта, Міністэрства толькі вучацца працаваць з прыватным сектарам, спрабуюць намацаць: як весці дыялог, якія рашэнні трэба прымаць, каб ён развіваўся.
Паводле Заўтра тваёй краіны