Яшчэ адзін ІТ-стартап эміграваў з Беларусі
Частка супрацоўнікаў ІТ-кампаніі «Fibery» праз палітычную сітуацыю ў краіне была вымушаная пакінуць Беларусь.
Пра гэта ў справаздачы за травень паведаміў яе заснавальнік Міхаіл Дубакоў. Сам ён рэлакаваўся на Кіпр, перадае «Радыё Свабода».
«Уся каманда распрацоўшчыкаў працавала з мінскага офісу. Але больш не працуе. Палітычная сітуацыя ў Беларусі прымушае людзей эміграваць у іншыя краіны. Цяпер 5 чалавек з нашай каманды на Кіпры, яшчэ 5 — у Польшчы».
У справаздачы айцішнік называе прычыны, якія прымусілі да радыкальнага кроку — закрыццё TUT.BY і інцыдэнт з самалётам «Ryanair». Падзеі, якія сталі апошняй кропляй для многіх беларусаў у рашэнні пакінуць краіну.
«Можаце ўявіць, як складана ў такіх умовах чальцам каманды факусавацца на развіцці "Fibery". Рэлакейт — складаны псіхалагічны працэс. Аднак мы павінны прайсці праз гэтыя турбулентныя часы і выжыць», — зазначыў Міхаіл Дубакоў.
Пры гэтым ён лічыць, што ў пераездзе ёсць і пазітыўныя рэчы. У прыватнасці, разумееш сутнасць аддаленай камунікацыі, праз змяншэнне сацыяльных кантактаў больш працуеш, а самае галоўнае — ва ўмовах бяспекі супрацоўнікі-эмігранты лепш факусуюцца на задачах, чым у непрадказальнай Беларусі.
ІТ-прадпрымальнік Міхаіл Дубакоў у 2004 годзе заснаваў кампанію «Targetprocess», якая распрацоўвала сістэмы кіравання праектамі. Некалькі гадоў таму прыцягнуў 5 млн. долараў інвестыцый ад «Зубр Капіталу» і ЕБРР. Пазалетась запусціў платформу для менеджменту праектаў «Fibery».