Індывідуальныя прадпрымальнікі сустрэнуць 2024 год з чарговымі дрэннымі зменамі заканадаўства
Павышэнне падаткаў, ліміт па даходах. Што змяняецца для ІП у 2024 годзе.
Пачынаючы з 2021 года, беларускім індывідуальным прадпрымальнікам сістэматычна павышаюць падаткі, пазбаўляюць іх ільгот па адлічэннях у ФСАН і магчымасці працаваць па спрошчанай сістэме падаткаабкладання, заўважае «Наша Ніва».
У 2024-м змены будуць не такія істотныя, як у папярэднія гады.
Галоўным новаўвядзеннем можна назваць з'яўленне столі, пры дасягненні якой ІП больш не зможа працягваць працу ў тым жа статусе.
Для індывідуальных прадпрымальнікаў, у якіх даходы з пачатку каляндарнага года перавысілі 500 тысяч рублёў, стаўка падаходнага падатку будзе ў памеры 30% замест стандартных 20%. Павышаная стаўка будзе прымяняцца на працягу ўсяго падатковага перыяду, г. зн. усяго каляндарнага года, у якім атрымана дадзеная сума даходу.
Цікава, што пачаткова планавалі павысіць стаўку падаходнага падатку для ўсіх прадпрымальнікаў з 20 да 25%.
Апроч гэтага, ІП, якія перавысяць ліміт, больш не будуць мець права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю у якасці ІП. Ім давядзецца стварыць юрыдычную асобу.
Таксама з наступнага года будуць праіндэксаваны стаўкі адзінага падатку. У 2024 годзе яны будуць павялічаны на 7,5%.
Па стане на пачатак кастрычніка гэтага года ў Беларусі дзейнічала 149,6 тысячы юрыдычных асоб, пры гэтым колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў была ў паўтара раза большай — 256,5 тысяч чалавек, піша праект «Нашы грошы».
Гэта дзіўныя лічбы, асабліва калі ўлічыць тое, якімі падатковымі і адміністрацыйнымі навацыямі абцяжарылі прадпрымальнікаў чыноўнікі ў апошнія гады.
Зрэшты, статыстыка не дае адказу на пытанне «Колькі ІП у Беларусі не толькі зарэгістравана, але і вядуць дзейнасць?».
Амаль кожны трэці з 256,5 тысяч беларускіх прадпрымальнікаў цяпер зарэгістраваны ў сталіцы. Тут іх на 1 кастрычніка было 71,2 тысячы.
Яшчэ 46,6 тысячы зарэгістраваны ў Мінскай вобласці.
Колькасць прадпрымальнікаў па іншых рэгіёнах вар'іруецца: ад 22,3 тысячы ў Віцебскай вобласці да 34,2 тысячы ў Брэсцкай.
За год прадпрымальнікаў стала менш на 5,3%. Пры гэтым найбольш іх колькасць скарачаецца ў Мінску (-8,2%) — зрэшты, гэта нядзіўна, бо цяпер магчымасць зарэгістравацца як ІП у сталіцы практычна адсутнічае. Па іншых абласцях зніжэнне склала: ад 2% у Мінскай вобласці да 6% у Брэсцкай.
Прадпрымальнікі для ўлады: класавы вораг ці апошняя надзея на выратаванне?
Як беларускія чыноўнікі ставяцца да прадпрымальнікаў? Гэта відаць па заканадаўстве. З улікам таго, што бізнес максімальна дыстанцуецца ад дзяржавы, то па сутнасці сваёй і філасофіі ён супрацьпастаўлены дзяржаўнай мадэлі эканомікі ў яе беларускім варыянце.
Аднак ва ўмовах санкцыйнага ціску менавіта прадпрымальнікі часта дазваляюць закрыць дзіркі на знешнім і ўнутраным рынку, захоўваць выбар тавараў на прылаўках і спраўна плаціць падаткі. Зрабіць гэта выключна дзяржаўным сектарам не ўяўляецца чыноўнікам магчымым, таму канчатковае рашэнне прадпрымальніцкага пытання пастаянна адкладаецца.
Адметна, што сярод статыстыкі, якую Белстат і іншыя дзяржорганы перасталі публікаваць у адкрытым доступе, асобнае месца займаюць звесткі наконт працы індывідуальных прадпрымальнікаў — асабліва з разбіўкай па месяцах.
Усе мы разумеем, што, калі гэтую інфармацыю хаваюць, капаць яе трэба як мага больш уважліва, таму што відавочна ў гэтай галіне назапасіліся вялікія праблемы.
Раней была магчымасць адсочваць інфармацыю па ІП штомесяц, але часы памяняліся, і толькі нядаўна мы атрымалі даныя па выніках 2022 года. Пра што яны кажуць?
Першая навіна — за мінулы год колькасць прадпрымальнікаў у Беларусі знізілася на 10 тысяч чалавек.
Цяпер асабліва моцна зніжаецца колькасць прадпрымальнікаў у сталіцы, адмоўная дынаміка (мінус дзве тысячы ІП) была ў Мінску ўжо ў 2021 годзе — у той час, калі ў рэгіёнах усё яшчэ ішоў рост. Тут таксама варта згадаць, што ў сталіцы ў апошнія гады глабальная праблема з рэгістрацыяй ІП у прынцыпе.
Мяркуючы па ўсім, урад азначыў «канчатковае вырашэнне пытання ІП» менавіта пачынаючы са сталіцы. Прычына відавочная — прадпрымальнікі адыгралі яркую ролю ў падзеях 2020 года і ператварыліся з «вашывых блох», на якіх чыноўнікі глядзелі з пагардай (але пры гэтым не забывалі даіць іх з асаблівай стараннасцю) у самых сапраўдных класавых ворагаў. Пры гэтым варта ўзгадаць, што ў лепшыя гады 31% прадпрымальнікаў канцэнтраваўся ў Мінску.
Узнікае парадаксальная сітуацыя. Знішчаючы прадпрымальнікаў як клас, з папулісцкага пункту гледжання, цяперашнія ўлады ствараюць сітуацыю, пры якой «усё настолькі дрэнна, што нават добра».
Па-першае, паколькі ІП закрываюцца тысячамі, дзяржаўныя прадпрыемствы ў самых розных галінах пазбаўляюцца ад канкурэнтаў. А гэта значыць, што ў спажыўцоў застаецца ўсё меншы выбар.
Па-другое, яшчэ адна радасць для чыноўнікаў — павелічэнне долі дзяржавы ў эканоміцы, а значыць — усё больш татальны кантроль над тым, што адбываецца ў краіне.
І гэта крок не проста ў 1990-я гады, а яшчэ глыбей — у 1980-я і нават 1970-я. Але, з пункту гледжання ўрада, мэта, мабыць, апраўдвае сродкі. Вы хацелі перамен? Тады Welcome Back In The U. S. S. R.
Па сутнасці, сітуацыя падобна да той, калі з гонкі выбіваюць лідара, і на гэтым фоне ўсе сераднякі пачынаюць выглядаць нашмат лепш.
Відавочна, што праблемы, якія ўзнікалі ў апошнія гады ў прадпрымальнікаў у сталіцы, будуць усё больш распаўсюджвацца на іншыя рэгіёны краіны. Магчыма, да моманту, калі паціснуць руку апошняму прадпрымальніку, які падаўся на ліквідацыю дзейнасці. Ёсць у гэтым усім, вядома, вялікае «але».
Беларусь, у якой душаць прадпрымальнікаў, вельмі хутка можа скаціцца ў часы, калі імпартныя джынсы зноў, як за часамі СССР, стануць прадметам гонару і прыкметай раскошы, а любая нармальная паслуга (ад масажыста да трунара) можа быць атрымана толькі па шэрай схеме і за наяўныя міма касы.