Экс-кіраўнік Нацбанка: «Дэпрэсія ў беларускай эканоміцы будзе працягвацца яшчэ некалькі гадоў»

Экс-кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч у інтэрв'ю UDF.BY падвёў вынікі адыходзячага года і зрабіў прагноз на 2018-ы.

1512321531_bogdankevich.jpg

— Станіслаў Антонавіч, як ацэніце 2017 год для беларускай эканомікі? Можна сказаць, што мы выходзім з крызісу?
— Невялікае мінімальнае ажыўленне да канца года ў нас як быццам вызначаецца. Але суджу пра гэта толькі па адным паказчыку: колькасць прынятых на працу ў кастрычніку перавысіла колькасць звольненых — упершыню за 10 месяцаў.
Яшчэ сярод станоўчага — прыняты ўладамі Дэкрэт №7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Гэта крок у правільным кірунку, але яго трэба было зрабіць (вызваліць бізнес ад дробязнай апекі) яшчэ 20 гадоў таму.
Разам з тым гэта не фундаментальныя рашэнні. Імі маглі б быць зніжэнне падаткаабкладання і прыватызацыя невялікіх прадпрыемстваў (сёння ў дзяржаўнай уласнасці захоўваюцца нават асобныя цырульні!). Так што рашэнні па разняволенню дзелавой ініцыятывы — палавіністыя, хоць важныя і патрэбныя.
У той жа час у нас знізіліся інвестыцыі ў параўнанні з сітуацыяй трох-пяцігадовай даўніны. Гэта фундаментальны паказчык. Без іх росту цяжка казаць аб ажыўленні эканомікі. Беларусі неабходныя сур'ёзныя, прамыя замежныя інвестыцыі.
Працягвае падаць і курс нашай валюты. Хай інфляцыя і знізілася да мінімальнага ўзроўню за незалежную гісторыю краіны, але ўсё ж паказнік у 5-7% за год сведчыць пра эканамічныя праблемы.
— Чакаецца, што па выніках года ВУП вырасце на 1,7-2%. Гэта добры вынік?
— Гэты рост занадта малы для такой слабой эканомікі як беларуская. Калі б такі рост назіраўся ў Германіі і ЗША — гэта быў бы нармальны паказчык. Але для нашай краіны, якая знаходзіцца ўнізе ўсёй Еўропы, гэта надзвычай малы рост. Нават можна сказаць, стагнацыя эканомікі.
Так што ў цэлым я пакуль пазітыўных змен у беларускай эканоміцы не бачу.
— Не выключана, што па выніках года ўлады ўсё-ткі змогуць выканаць абяцанне давесці сярэднюю зарплату па краіне да 1 000 рублёў. На прадпрыемствы з выканкамаў прыйшлі лісты аб неабходнасці рыўка ў снежні. Як думаеце, што будзе з заробкамі у 2018 годзе?
— Нельга падымаць зарплату на 30%, калі ВУП вырас усяго на 2%. Гэта ж абсурд! Няўжо гэта незразумела уладам і Аляксандру Лукашэнку? Можна штучна дамагчыся істотнага росту заробкаў у снежні, але гэта прывядзе да зніжэння заробкаў у першым жа квартале 2018 года. А галоўнае, прывядзе да росту інфляцыі і праблем з валютным курсам. Што мы ўжо праходзілі.
Штучнае і антынавуковае рашэнне пра падвышэнне сярэдняга заробку да 1 000 рублёў не вядзе да вырашэння праблемы па ажыўленні эканомікі.
—Згодна з рэйтынгам нямецкай даследчай кампаніі GfK, Беларусь увайшла ў тройку краін Еўропы з самымі нізкімі даходамі насельніцтва. Як думаеце, надоўга наша краіна ўгразла ў гэтым складаным стане эканомікі?
— Баюся, што надоўга. Дэпрэсія ў эканоміцы будзе працягвацца ў наступным годзе, а то і некалькі гадоў. Калі ўлады не прызнаюць памылкі і не прымуць меры па кардынальнаму змяненню сітуацыі, па правядзенні рэформаў.
Перш за ўсё, краіне патрэбны свабода прадпрымальніцтва і прыцягненне інвестыцый. Можна развівацца не толькі за кошт замежных, але і ўласных. Можа, варта жыць сціпла і ўкладвацца ў тэхналогіі, абсталяванне, павышэнне прадукцыйнасці, а не ў фармальнае павышэнне сярэдняй зарплаты? Для развіцця эканомікі трэба першае, а не другое.
Паводле udf.by