Экс-кіраўнік Нацбанка Беларусі: «Нас чакаюць цяжкія гады. Заробкі будуць падаць»

Толькі за адзін месяц сакавік золатавалютныя рэзервы Беларусі скараціліся больш, чым на мільярд долараў, і цяпер складаюць каля 7,7 млрд. UDF.BY пацікавіўся ў экспертаў, ці варта турбавацца ў сувязі з гэтым фактам і да чаго можа прывесці далейшае скарачэнне золатавалютных рэзерваў (ЗВР).

hroshy_20.jpg

«Трэба тэрмінова шукаць валюту. Інакш — пагроза дэфолту»

Доктар эканамічных навук Барыс Жаліба ў каментары UDF.BY адзначыў, што «турбавацца адназначна варта».
«Зніжэнне ЗВР на мільярд — мабыць, рэкорднае. Прычыны зразумелыя: бягучыя плацяжы па даўгах, адсутнасць загружанасці НПЗ расійскай нафтай, яшчэ і каронавірусны крызіс наваліўся. Было дзве хвалі дэвальвацыі беларускага рубля, які з пачатку года страціў дзесьці да чвэрці свайго кошту да долара і еўра. Вядома, Нацбанк занепакоены, бо выплаты па ўнутраным і знешнім доўгу чэрпаюцца ў асноўным з валютных рэсурсаў», — сказаў Жаліба.
Паколькі валютнай і фінансавай падтрымкі ад Расіі «як не было, так і няма», Мінфін і Нацбанк пачынаюць інтэнсіўна шукаць крыніцы выплат па дзяржаўнаму доўгу, адзначыў эканаміст. Беларускія ўлады спрабуюць узяць экстраны крэдыт у МВФ на 900 млн долараў, плануюць размяшчэнне еўрабондаў, вядуць перамовы з Масквой.
«Трэба тэрмінова шукаць валюту. Калі не знойдзем мільярда, а лепш двух (грошы патрэбныя яшчэ і на барацьбу з пандэміяй каронавіруса), то апынемся перад пагрозай парушэння графіка пагашэння дзярждоўгу — асабліва вонкавага», — лічыць Жаліба.

Чым гэта можа пагражаць Беларусі?

«Краіна аб'яўляе дэфолт, як гэта нядаўна зрабіў урад Лівана. А за гэтым рашэннем могуць быць санкцыі. Беларусь апынецца закрытай для інвестыцый», — сказаў эканаміст.

«Заробкі ўжо падаюць, і яны будуць падаць далей»

Былы старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч у каментары UDF.BY адзначыў, што сітуацыя са скарачэннем ЗВР неадназначная.
«Трэба ўлічваць, што ў мінулым годзе мы назапасілі два мільярды долараў ЗВР, а цяпер выдаткоўваем толькі мільярд з гакам. З іншага боку, непакой выклікае той факт, што мы цэлы год збіралі два з лішнім мільярды, а тут за адзін месяц патрацілі мільярд. Гэта значыць занадта хуткія тэмпы зніжэння рэзерваў», — сказаў Багданкевіч.
Пры гэтым былы кіраўнік Нацбанка канстатаваў:
«Наогул ЗВР павінны складаць каля 10 мільярдаў долараў. Яны павінны забяспечваць трохмесячны аб'ём імпарту і бягучыя плацяжы па знешніх даўгах. Папярэднія больш аб'ёмныя рэзервы былі недастатковымі, а цяпер яны яшчэ больш зменшыліся».
Багданкевіч бачыць шэраг пагроз для эканомікі краіны ў цэлым. З пазітыўных навін — толькі адна.
«Падзенне коштаў на нафту — гэта велізарны плюс для Беларусі. Мы можам назапашваць нафту ў запас, перапрацоўваць і прадаваць нафтапрадукты па сусветных цэнах», — лічыць былы кіраўнік Нацбанка.
У цэлым яго прагноз песімістычны.
«Думаю, не адкрыю Амерыку, калі скажу, што не пазбегнуць рэцэсіі ў эканоміцы усяго свету і Беларусі. Нас чакаюць цяжкія гады. Гэта падзенне сферы паслуг, якая складае каля паловы долі ў ВУП, і іншых сфер. Чакаюцца цяжкасці са збытам прадукцыі, магчымы рост рэальнага беспрацоўя. Нічога добрага не чакае малы і сярэдні бізнэс. Зарплаты ўжо падаюць, і яны будуць падаць далей.
Вядома, усё гэта звязана, у тым ліку, і з вірусам, але ў нас і да віруса былі праблемы. Нізкая рэнтабельнасць, дрэнная кіравальнасць дзяржпрадпрыемствамі, а ад рэформаў адмаўляліся. Думаю, варта чакаць падзенне ВУП на 5% і можа нават на 15%», — лічыць Багданкевіч.
Паводле udf.by