Эканаміст: Беларусь не выйдзе на станоўчае гандлёвае сальда з РФ

Былы віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Уладзімір Сямашка, прызначаны амбасадарам у Расіі, сваёй першачарговай задачаю лічыць зніжэнне коштаў расійскіх энерганосьбітаў для нашае краіны. Ці рэальна гэта?

c3974d196c99401ff323d0140be0b57b.jpg

Былы віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Уладзімір Сямашка, прызначаны амбасадарам у Расіі, сваёй першачарговай задачаю лічыць зніжэнне коштаў расійскіх энерганосьбітаў для нашае краіны.

“Адмоўнае сальда з Расіяй ёсць рэальнай эканамічнай праблемай сёння. Калі б гэтага не было, наша эканоміка пачувалася б значна лепш. У глабальным плане задача ўрада і амбасады — вырашыць гэту праблему. Па-першае, трэба зрабіць таннейшай закупы энерганосьбітаў, і падставы для гэтага ёсць, калі ўлічваць саюзныя дамоўленасці”, — мяркуе Сямашка.

Ці рэальна гэта?

Эканаміст Леў Марголін адзначае, што яшчэ ў часы, калі ён быў намеснікам старшыні беларускага ўраду, Сямашка вялікую частку свайго часу выдаткоўваў менавіта ўрэгуляванню спрэчак з Расіяй і на тое, каб энерганосьбіты паступалі ў Беларусь як мага танней. “Зараз пасада змянілася, але задача засталася ранейшай, бо галоўная праблема ў нас з Расіяй — гэта кошты на энерганосьбіты”, — падкрэслівае эксперт. 

Ці справіцца новы беларускі амбасадар з такой задачай?

— Я мяркую, што Аляксандр Лукашэнка сыходзіць з рэальнасці, ён разумее, што гэта вельмі складанае пытанне. Але мы бачым, што ва Уладзіміра Сямашкі былі пэўныя вынікі ў гэтым плане, і Лукашэнка лічыць, што лепей за Сямашку з гэтым пытаннем ніхто не справіцца.

Лукашэнка заяўляў, што ў беларускага амбасадара мусяць быць надзвычайныя паўнамоцтвы. Што гэта азначае?

— Гэта калька з Пуціна, які надаў расійскаму амбасадару паўнамоцтваў болей, чымся ў звычайнага пасла, калі зрабіў Бабіча паўнамоцным прадстаўніком. Вось і Лукашэнка вырашыў дзейнічаць паводле ягонага прыкладу. Звычайны пасол вырашае ўсе пытанні ў сваёй краіне праз міністэрства замежных справаў. Але паколькі Сямашка мае ў нас цяжкую палітычную вагу, яму будзе прадастаўлена права наўпрост звяртацца да прэм’ера і нават прэзідэнта. 

— Ці рэальна пераадолець адмоўнае сальда ў гандлі з Расіяй?

— У цяперашніх умовах гэта немагчыма. Нашым каньком увесь час была складаная тэхнічная прадукцыя, машынабудаванне, вытворчасць прыбораў, а ў Расіі былі сыравінныя прадукты. Але наша залежнасць ад сыравінных прадуктаў не толькі не зменшылася, але нават узрасла, а расійская залежнасць ад нашай прадукцыі істотна знізілася. Гэта і аўтамабільная вытворчасць, паколькі ў Расіі зараз нашмат больш сур’ёзных заводаў параўнальна з МАЗам, гэта і тэлевізары, лядоўні, пральныя машыны, электрапліты — усё, што раней называлі візітоўкай Беларусі. Зараз усё гэта мусіць канкураваць на расійскім рынку з Кітаем, Карэяй, заходнімі краінамі. З кожным годам нам канкураваць робіцца ўсё складаней і складаней. Таму вырашыць пытанне дысбалансу ў знешнім гандлі зараз нерэальна, бо адразу адмовіцца ад расійскіх энерганосьбітаў цяпер немагчыма. 

— Ці ёсць альтэрнатыва расійскім энерганосьбітам?

— На дадзены момант няма, бо ўся наша эканоміка, перапрацоўчая прамысловасць завязаныя на Расію. Нашы нафтаперапрацоўчыя заводы і гэтак не самыя эфектыўныя па перапрацоўцы нафты, і канкураваць на сусветным рынку яны могуць толькі праз цану на нафту. Калі яна вырасце, то канкураваць з перадавымі прадпрыествамі мы не зможам. 

— У мадэрнізацію беларускіх НПЗ ужо ўкладзеныя велізарныя грошы.Чаму няма выніку?

Гэта пытанне. Выхад на 90% перапрацоўкі нафты ў светлыя нафтапрадукты пераносіцца то на 2019, то на 2020, то на 2021 год. І гэты тэрмін увесь час аддаляецца. Быў адзін час, калі дзяржава літаральна рабавала нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Калі на Захадзе НПЗ бяруць крэдыты пад нізкія працэнты, то ў нас крэдыты вельмі дарагія, а дзяржава не мае грошай на субсідыі.