«Едуць для перазагрузкі»: Што рускім турыстам трэба ў нашай краіне?

Попыт на туры з РФ у Беларусь вярнуўся на дакавідны ўзровень. Прынамсі, пра гэта паведамляюць тураператары. Падобна, Беларусь спрабуе замяніць расіянам закрытую для іх Еўропу. З якімі мэтамі едуць да нас «рускія турысты»?

_harodnja_park_zylibera_i_pobacz_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg

Беларусь у 2023 годзе ўпершыню ўвайшла ў ТОП-10 самых папулярных напрамкаў на лета ў расійскага тураператара «Інтурыст». Санаторыі ў Беларусі ўжо браніруюць на восень, бо на ранейшы час месцаў амаль не засталося.

Расіяне, акрамя традыцыйных экскурсійных праграм і санаторнага адпачынку, усё часцей выбіраюць Беларусь для кароткіх паездак на выхадныя, шопінгу, а цяпер яшчэ і стаматалагічных паслуг, піша «Беларусы і рынак». 

Беларусь аднавілася ў попыце 

Паводле сукупных ацэнак вядучых расійскіх тураператараў, у 2023 годзе попыт на туры ў Беларусь аднавіўся да ўзроўню 2019 года і ў сярэднім на 30-50% апярэджвае продажы сезона-2022, паведамляе Асацыяцыя тураператараў Расіі.

Так, паводле статыстыкі расійскага Нацыянальнага тураператара АЛЕАН, колькасць браняванняў у беларускія санаторыі ў параўнанні з летам 2022 года павялічылася на 120%, у гасцініцы — на 110%, экскурсійных тураў сталі замаўляць больш на 26%.

У АЛЕАН таксама звяртаюць увагу і на такі цікавы трэнд, як на істотны рост колькасці браняванняў аб'ектаў размяшчэння ў Беларусі ў параўнанні з дакавідным 2019 годам. Паводле інфармацыі АЛЕАН, іх стала больш у разы, бо раней расіяне браніравалі нумары наўпрост самі, ды і загарадныя аб'екты раней не карысталіся такім высокім попытам.

У кампаніі «Мультитур» адзначаюць 20-працэнтны рост продажаў па асобных аб'ектах, у тураператара «ВЕДИ ГРУПП» колькасць браняванняў тураў у Беларусь павялічылася ў параўнанні з мінулым годам на 55-60%. Яшчэ больш уражлівая дынаміка ў тураператара FUN & SUN: з пачатку года колькасць пацверджаных заявак у Беларусь вырасла ў 6 разоў.

На думку экспертаў тураператара «Інтурыст», адна з прычын росту цікавасці расіян да паездак у Беларусь – адсутнасць даступных па цане прапаноў па экскурсійных турах у Еўропу. Адбіваецца на попыце і развіццё авіязносін: сёння даляцець у Мінск на прамым рэйсе можна амаль з двзюх дзясяткаў гарадоў Расіі.

«Дзякуючы з'яўленню новых і дадатковых рэйсаў у Мінск з рэгіёнаў, Беларусь у 2023 годзе ўпершыню ўвайшла ў ТОП-10 самых браніруемых па аб'ёме напрамкаў на лета ў тураператара «Інтурыст», — паведамілі ў прэс-службе тураператара.

Як дадаюць у «ВЕДИ ГРУПП», турысты з маскоўскага рэгіёну і абласцей Цэнтральнай Расіі часцей за ўсё падарожнічаюць у Мінск па чыгунцы, у той час як жыхары больш аддаленых рэгіёнаў выбіраюць самалёт. Пры гэтым спецыялісты адзначаюць і актыўны самастойны паток па кірунку: як і ў дакавідныя часы частка турыстаў едзе ў Беларусь на аўтамабілі. 


Санаторыі ў Беларусі ўжо браніруюць на восень

Па назіранні ўдзельнікаў турынка, асабліва актыўна аднаўляецца попыт на санаторны адпачынак у Беларусі. «У чэрвені ў беларускіх санаторыях ужо не было месцаў. На ліпень-жнівень таксама шмат заявак, але пацвярджаюцца яны з цяжкасцю. Так што цяпер расійскія турысты ўжо актыўна браніруюць здраўніцы ў Беларусі на восень», — распавялі эксперты тураператара «Дэльфін».

Пра падобны трэнд паведамілі і ў кампаніі «Русский Экспресс». «Попыт на туры ў Беларусь скіраваны пераважна на санаторны адпачынак. Пры гэтым большасць папулярных аб'ектаў ужо не даступныя да браніравання да сярэдзіны жніўня. Мы падбіраем альтэрнатыўныя варыянты, але з кожным днём іх становіцца ўсё менш», — растлумачылі ў кампаніі.

Па дадзеных «Мультитур», прыкладна 70% усіх продажаў па Беларусі прыпадае на санаторыі. Кошт пуцёўкі з харчаваннем у дзень на аднаго чалавека пачынаецца ад 1700 рублёў.

На другім месцы па папулярнасці на беларускім напрамку — сіці-туры і браніраванне гатэляў. Так, доля сіці-тураў у браняваннях напрамкі ў «Інтурыста» складае 50%. У FUN&SUN гэты працэнт яшчэ вышэйшы. Як тлумачаць у «Інтурысце», запатрабаванасць такога фармату адпачынку ў Беларусі звязана і з дастатковай колькасцю недарагіх гатэльных нумароў у рэспубліцы.

На думку спецыялістаў «Дельфина», Мінск стаў папулярным напрамкам «выхаднога дня» дзякуючы недарагім гатэльным і экскурсійным прапановам, а таксама развітому транспартнаму злучэнню.

«Браніруюць не толькі Мінск, але і Гродна і нават Віцебск. У Беларусь усё больш едуць для перазагрузкі — з мэтай адпачыць, проста пагуляць і смачна паесці», — канстатуюць прадстаўнікі «Дэльфіна».

У «ВЕДИ ГРУПП» адзначаюць і актыўны попыт на аўтобусныя групавыя экскурсійныя туры па Беларусі. Яны таксама даступныя па цане: так, аўтобусны тур «выхадныя ў Мінску» (2 ночы) каштуе ад 33 800 расійскіх рублёў на дваіх.

 

У Беларусь — па брэнды, аўтадэталі і лячэнне зубоў

З'явіліся і новыя інтарэсы турыстаў. Тураператары атрымліваюць запыты на туры з наведваннем аграсядзіб, адпачынак на прыродзе, роварныя і пешыя маршруты. Вырас попыт і на адпачынак у катэджах на азёрах і рэках.

Пад уплывам санкцый фармуюцца і новыя запыты расійскіх турыстаў: гэта шопінг — у тым ліку купля аўтадэталяў і модных брэндаў, якія сышлі з рынку РФ. Сярод свежых трэндаў — стаматалогія. З-за росту курсу валют і лагістычных складанасцяў стаматалагічныя паслугі ў Расіі падаражэлі на 25-35%, а ў Беларусі «паставіць пломбу» будзе істотна танней.

«Для часткі расійскай аўдыторыі Беларусь стала кірункам, дзе можна набыць тое, чаго ўжо няма ў РФ праз санкцыі, або тавары, якія з тых жа прычын абыдуцца танней. Так што турысты не супраць сумясціць адпачынак з мэтавымі пакупкамі або атрыманнем паслуг, напрыклад, паходам да стаматолага. Карты «Мір» у Беларусі прымаюць практычна ўсюды, так што з аплатай пакупак і паслуг праблем не будзе», — тлумачаць эксперты.

 

Расіяне паехалі ў дарагія санаторыі

Дарэчы, у Беларусь паехалі і расійскія турысты з дастаткам вышэй за сярэдні. Паводле інфармацыі PAC Group, у першую чаргу такіх турыстаў цікавяць санаторыі высокага ўзроўню.

Паводле АЛЕАН, пуцёўка ў санаторый «Альфа Радон», самую дарагую здраўніцу ў Беларусі, на 10 дзён у ліпені абыдзецца ў 230 тысяч расійскіх рублёў на дваіх (каля 2 700 доллараў). Атрымліваюць тураператары запыты і на SPA-адпачынак: як распавялі ў «ВЕДИ ГРУПП», карыстаецца попытам тур «Мінск: тыдзень у Victoria & SPA 4*» (ад 75 тысяч рублёў на 6 начэй на дваіх — амаль 900 долараў). Тур уключае адпачынак і SPA ў вядомым гатэлі, а таксама невялікую экскурсійную праграму па Мінску з магчымасцю дадаць індывідуальныя экскурсіі і дадатковыя паслугі.

У параўнанні з сезонам-2022 цэны на экскурсійныя туры ў Беларусь практычна не змяніліся. А вось санаторны адпачынак падаражэў на 15–25%, але пры гэтым цэны ўсё роўна ў большасці выпадкаў застаюцца ніжэйшымі, чым, напрыклад, на курортах каўказскіх мінеральных водаў.

«Па лячэбных турах кошты ў Беларусі ў сярэднім на 30% таннейшыя у параўнанні з аб'ектамі супастаўнага ўзроўню на аднолькавыя даты на курортах каўказскіх мінеральных водаў», — рэзюмавалі ў FUN&SUN.

Пераклад «НЧ»