Дзясяткі гадоў мы ішлі не ў тым кірунку — і катастрафічна адсталі

Калі зірнуць на «беларускі эканамічны цуд» у параўнанні з суседнімі краінамі, становіцца бачна, што росквіт і дабрабыт, пра якія гаворыць прапаганда, нам толькі сніліся.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

— Напярэдадні адзначалі юбілей — 20-годдзе ўступлення краін Усходняй Еўропы, у тым ліку і нашых суседзяў, у ЕС, — нагадаў Аляксандр Кныровіч на сваім канале. — У 2003 годзе за ўступленне ў ЕС выказаліся 67% латышоў, 77,5% палякаў і больш за 90% літоўцаў.

Блогер параўнаў, чаго дасягнулі за два мінулыя дзесяцігоддзі Беларусь, краіны Балтыі і Польшча, і вельмі здзівіўся.

— Рост эканомікі Беларусі склаў 2,6 раза, Польшчы і Латвіі — 3,3 раза, а Літвы — 3,8 раза.

Гэта азначае, што тэмп росту РБ быў амаль на 30% ніжэйшы, нават з улікам нафтавых датацый з боку Расіі і ўдзелу ў вялікім расійскім рынку.

Сярэдні заробак, ужо пасля выліку ўсіх падаткаў і абавязковых плацяжоў, паводле звестак за 2022 год, у Літве склаў 1330 долараў, у Польшчы — 1120, Латвіі — 1197, Беларусі — 545. Розніца больш чым у два разы.

Сапраўды кошт ЖКХ і бензіну ў краінах Балтыі і Польшчы крыху вышэйшы, чым у Беларусі.

Але што б выбралі вы: 1200 долараў чыстага заробку і 200 долараў за ацяпленне ці 550 долараў заробку і 50 долараў за ацяпленне? -—задаецца наглядным пытаннем блогер.

Ён прыводзіць і іншыя цікавыя паказчыкі ўзроўню жыцця ў суседніх краінах.

— Вельмі важны паказчык — доля выдаткаў на ежу ў бюджэтах сем'яў розных краін. У Беларусі, паводле апошніх апытанняў, блізу 38% заробку сыходзіць на ежу. Адметна тое, што 10 гадоў таму гэты паказчык быў такім жа.


Глядзіце таксама

Гэта значыць, за дзесяць гадоў паляпшэння, павелічэння і стабільнасці доля сродкаў, якія беларус выдаткоўвае проста на ежу, ніяк не змянілася. Дык ці быў рост?

У той жа час літоўцы на ежу трацяць 21% свайго заробку, латышы — 19,6%, палякі — 17,2%. Розніца зноў фактычна ў два разы. І гэта ёсць дасягненне краін, якія ўступілі ў ЕС.

Колькасць аўтамабіляў на 1000 жыхароў у Літве складае 576, у Польшчы — 687, Латвіі — 414, а ў Беларусь — 327.

І яшчэ адзін цікавы паказчык — аб'ём банкаўскіх укладаў. Нядаўна Лукашэнка заявіў, маўляў, у кожнага беларуса захоўваецца па тысячы долараў на рахунку ў банку.

Аднак высветлілася, што такая сума атрымліваецца, калі лічыць не толькі дэпазіты, тое, што людзі зберагаюць у банках, але яшчэ і тыя сумы, якія проста ляжаць пасля атрымання зарплаты, гэта значыць грошы, якія трацяцца на працягу месяца.

У рэальнасці ў кожнага беларуса на дэпазіце менш за 600 долараў. Трэба сказаць, што і саміх дэпазітаў у нас на 9 мільёнаў насельніцтва ўсяго крыху больш за адзін мільён.

Але калі я параўнаў, што адбываецца па гэтым жа паказчыку ў краінах Балтыі і Польшчы, перада мной адкрылася сапраўднае пекла.


Глядзіце таксама

Нават калі ўзяць нашых 9 мільёнаў насельніцтва і ўявіць, што на кожнага маецца цэлая тысяча долараў, атрымаецца, што ўсяго ў беларусаў у банках ляжыць каля 9 млрд. долараў.

У той час як у латышоў ляжыць 11 млрд. даляраў, што ў пераліку на насельніцтва складае па 6,4 тысячы долараў на кожнага, або ў 10 разоў больш, чым у беларусаў!

У Літве агульная сума дэпазітаў складае больш за 20 млрд. долараў, або 8950 на кожнага чалавека. У Польшчы сума наогул нейкая касмічная — каля 300 млрд. долараў і таксама 8 тысяч долараў на кожнага.

Гэта значыць, кожны паляк і кожны літовец трымаюць у банку суму, у 15 разоў большую, чым кожны беларус. І гэта таксама вынік 20-гадовага развіцця ў бок Еўропы ў адным выпадку і ў бок Расіі ў другім, — сказаў на заканчэнне Кныровіч.

Паводле «Салідарнасці».