«Што Лукашэнка можа прапанаваць? Мантру, што лепш быць бедным, чым у турме?»

Як навуцы вядома каля 400 доказаў тэарэмы Піфагора, так у Беларусі ёсць мноства доказаў дабрабыту беларускага народа. І іх усё прыбывае. Вось надоечы суддзя з Польшчы да нас збег — чым не паказчык. Прапаганда далонькі адбіла ад радасці. Зрэшты, да нас ужо неяк цэлы прэзідэнт збягаў — Бакіеў з усім дваром. Але чарга на мяжы — пакуль у адваротны бок.

_zycce___ekanomika___ljudzi___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_2.jpg

Калі і квапіцца хто на нашы сацыялістычныя любасці, то, хутчэй, ад адчаю. Вельмі ўжо мы бедныя, піша ў Plan.B Вольга Лойка.

Жыць стала лепш!

«Мы ніколі яшчэ не жылі так добра, як цяпер», — ганарліва заявіў Лукашэнка сваім усебеларусам. «Вядома, маглі б і лепш, але ў нас няма таго, што ў Эміратах і Расіі», — удакладніў ён.

Зхітрыў, вядома. З нафтай у Беларусі сапраўды не вельмі, хоць вось Лукашэнка запатрабаваў ад свежапрызначанага міністра прыроды «капаць і шукаць», і з тых часоў рэкорды праходкі б'юцца адзін за адным. Можа, што і адкапаюць.

Але 20 адсоткаў сусветнага экспарту калію ў Беларусі было. Так што грэх скардзіцца. Прыроднымі багаццямі мы не пакрыўджаныя.

Зрэшты, як і ў выпадку са збеглымі ацэньваць трэба не патэнцыял і рэдкія малазаслужаныя поспехі, а паток. А паток вычарпаўся. І вінаватая ў гэтым не маці-прырода, а хтосьці іншы, ад каго і калій не гандлюецца, і беларусы бягуць хутчэй, чым ад войнаў.

Глядзіце таксама

У вас дабрабыт здуўся

З вымярэннем дабрабыту таксама ёсць пытанні. Зручных параметраў — маса. Дарма што Белстат працуе, не пакладаючы калькулятара. Для пачатку пахваліцца поспехамі ў роўнасці. Каэфіцыент Джыні для Беларусі ў 2021 годзе складаў 0,276 (тут 0 — пазначала б, што ўсе ў краіне атрымліваюць роўныя даходы, 1 — што ўсе даходы атрымлівае адзін чалавек). Гэта ніжэй суседзяў і большасці еўрапейскіх краін. А з таго часу, як Беларусь патокам пакінулі айцішнікі з іх непрыстойна высокімі даходамі, беларуская роўнасць стала яшчэ раўнейшай.

Ці вось узровень малазабяспечанасці насельніцтва — добры паказчык. Знізіўся па выніках мінулага года да 3,6% з ранейшых 3,9%. Столькі сем'яў жыве з даходамі на чалавека ніжэй бюджэту пражыткавага мінімуму. У Польшчы, да прыкладу, вельмі бедных больш за 4%. Праўда, там і бюджэт вышэйшы за беларускія 406 рублёў 74 капеек на месяц.

Яшчэ дабрабыт выглядае нядрэнна на фоне жудасных 90-х. Лукашэнка пахваліўся, што рэальныя грашовыя даходы беларусаў у 10 разоў перавысілі ўзровень сярэдзіны 1990-х. І не схлусіў жа.

Горш, калі параўноўваць бярэмся з суседзямі. Эксперт Beroc Дзмітрый Крук прыводзіць такія лічбы: у 2012 годзе, на піку даходаў, сярэдні даход беларуса складаў каля 75% ад даходу сярэдняга паляка ці літоўца. Сёння гэтыя лічбы — каля 52-53%.

Дарэчы, кіраўнік польскага ўрада Дональд Туск абяцае, што ў 25-ю гадавіну ўступлення Польшчы ў ЕС (гэта значыць праз пяць гадоў) палякі будуць багацейшымі за брытанцаў. Вераць не ўсе, хоць прагрэс Польшчы відавочны: ВУП на душу насельніцтва за гады сяброўства ў ЕС патроіўся. Беларускі графік — куды больш сціплы.

Глядзіце таксама

Вылазь з лімузіна, буржуй!

Але справа, вядома, не ў індыкатарах. Людзі ездзяць, людзі бачаць. І пытанні задаюць не ў прыклад сервільным прапагандыстам.

— Ты не мудры, ты скажы, крытых шыферам хат у вашай Польшчы шмат засталося?

— Ды не відаць амаль такіх, калі толькі не жыве ніхто.

— Вось. Кажу ж, багацей жывуць…

Вось і Лукашэнка, нібыта, верыць, што беларусаў ён адвёў ад прорвы і прывёў да дабрабыту. Але Заходнюю Еўропу называе «затлусцелай» і «ўкормленай». Усходняя таксама імкнецца відавочна не туды. І закрадваюцца асцярогі, што беларусы таксама не супраць. Што не мілая ім сумленная беднасць.

Дарма што Польшча за дваццаць гадоў у Еўрасаюзе атрымала з бюджэту ЕС 161 млрд еўра. А ў Расіі намеснік міністра абароны пражывае ў цэнтры Масквы ў старадаўнім асабняку з рамана «Майстар і Маргарыта».

А што Лукашэнка можа прапанаваць народу і элітам? Мантру, што лепш быць бедным, чым у турме? Барацьбу з раскошай, якую прайграюць яшчэ хутчэй, чым барацьбу з карупцыяй?

Вось настроіўся ён супраць лімузінаў на школьных выпускных. Заявіў, што ставіцца «вельмі негатыўна». «Гэта павінна быць свята, куды ідуць дзяўчына, хлопец, за рукі ўзяўшыся, — кампаніяй, калектывам. Патанчаць і сустрэнуць світанак. Гэта вельмі важна», — заявіў Лукашэнка.

І 15-ты iPhone у кішэні школьніка — маветон. І строі брэндавыя — фу. А радавацца трэба гарантаванаму першаму працоўнаму месцу і смажанцы за рубель дваццаць. Прапагандысты «Мінскай праўды» цэлы праект пра гэта наваялі — ездзяць па краіне і ядуць няхітрыя сталоўскія стравы, седзячы на дзерманцінавых крэслах. Танна і злосна. Ганарыцеся і радуйцеся.

Але беднасць — гэта не пра адсутнасць лімузіна, танныя хлебныя катлеты і бясплатную медыцыну (калі вам, вядома, не патрэбныя швейцарскія пратэзы і найноўшыя амерыканскія лекі). Гэта пра адсутнасць амбіцый і планаў. І разумення, куды весці краіну, калі «за цывілізаваным светам» Лукашэнка яе весці адмовіўся.

...А калі яго эпоха скончыцца, можна беларусам усё ж разбагацець? Нам, увогуле, не тэрмінова. І хоць бы злёгку. Але хай атрымаецца.