Дзе ўзяць грошы на барацьбу з масавым беспрацоўем?
Міністэрства працы і сацыяльнай абароны налічыла на беларускіх прадпрыемствах 6% лішніх работнікаў. Запланаваная ўладамі рэструктурызацыя пацягне за сабой вызваленне часткі гэтых работнікаў, паведаміў першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч.
Як абараніць звольненых беларусаў і ці палепшаць масавыя скарачэнні працу дзяржкампаній?
«Павышаць дапамогу па беспрацоўі можна ўжо сёння»
З улікам росту беспрацоўя, магчымых скарачэнняў і эканамічных складанасцяў сітуацыя на рынку працы складаецца досыць складаная, адзначае навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Марыя Акулава. У цяперашніх эканамічных умовах няма патэнцыялу для росту, а беспрацоўныя ніяк не абароненыя.
— Трэба працаваць над сістэмай страхавання ад беспрацоўя, — кажа эксперт.
Мінфін заяўляў, што у 2018 годзе плануецца паступовае ўвядзенне такога страхавання.
— Але ўжо цяпер варта было б, па меншай меры, павысіць дапамогу па беспрацоўі хаця б да ўзроўню пражытачнага мінімуму, — лічыць Марыя Акулава. — Магчымай крыніцай павышэння могуць стаць фінансы, якія дзяржава траціць на субсідаванне стратных дзяржаўных прадпрыемстваў.
У бліжэйшай перспектыве эканаміст прагназуе пагаршэнне сітуацыі на рынку працы, што ставіць перад органамі сацыяльнай абароны новыя выклікі.
Калі заяўленая рэструктурызацыя прадпрыемстваў будзе суправаджацца масавымі скарачэннямі, больш за ўсё ад гэтага пацерпяць жыхары невялікіх гарадоў і рэгіёнаў, якія трымаюцца за горадаўтваральныя прадпрыемствы, лічыць эксперт Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Кацярына Барнукова.
Па ацэнцы экспертаў, 5% «лішняй» працоўнай сілы — гэта некрытычны паказчык. На такі працэнт можна скараціць штат, калі часова не наймаць новых супрацоўнікаў, чакаючы, пакуль «лішнія» работнікі выйдуць на пенсію.
На прадпрыемствах, дзе лішак занятасці значна вышэй, прыйдзецца шукаць іншыя метады вырашэння пытання.
— На прадпрыемствах, дзе занята вялікая доля жыхароў невялікага горада, трэба будзе альбо распрацаваць праграму мабільнасці — дапамагаць людзям пераязджаць на новае месца жыхарства або ездзіць на працу на вялікія адлегласці, альбо запусціць структурны праект, які дазволіць хаця б часова заняць вызваляемых, — прапаноўвае Кацярына Барнукова.
«Пры спрыяльных умовах для бізнесу людзі самі знойдуць сабе працу»
У рашэнні праблемы росту беспрацоўя і працаўладкавання людзей, якія апынуцца непатрэбнымі дзяржкампаніям, ёсць некалькі падыходаў.
Грошы, якія зараз уліваюцца ў дзяржпрадпрыемствы, можна хаця б часткова накіраваць на перанавучанне людзей на вытворчасці, павышаць іх кваліфікацыю, забяспечваючы больш высокую запатрабаванасць на рынку працы, адзначаюць эксперты.
Cур'ёзныя праблемы цяпер перажываюць будаўніцтва і апрацоўчая прамысловасць. Спецыялістам, якія апынуліся без працы, не застаецца нічога іншага, акрамя як перавучвацца і сыходзіць у іншыя сферы эканомікі, напрыклад, у сферу паслуг.
— Па вопыце іншых краін відаць, што перайсці працаваць у новую сферу не так проста. Людзям патрэбна сацыяльная падтрымка і дапамога праз бізнэс-інкубатары і розныя праграмы навучання, — кажа Кацярына Барнукова.
Знізіўшы прыватным кампаніям падатковую нагрузку, дзяржава дапаможа ім накіраваць зэканомленыя сродкі на абнаўленне фондаў і рост прадукцыйнасці, а значыць, і на пашырэнне штатаў.
Падатковыя льготы для малога бізнесу і індывідуальнага прадпрымальніцтва, якія дзяржава можа прадастаўляць новаспечаным бізнесменам, дадуць людзям магчымасць самастойна вырашаць пытанне свайго працаўладкавання, адзначаюць спецыялісты.
— Сёння, калі чалавек разважае,ці не адкрыць яму сваю справу, ён ведае, што павінен зарэгістравацца, плаціць падаткі і ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны. Але страх выклікае неабходнасць плаціць падаткі, не маючы ўяўлення, што ў яго з пачатым бізнесам атрымаецца, — падкрэслівае Кацярына Барнукова.
Стымулюючы развіццё сектара індывідуальнага прадпрымальніцтва і малога бізнэсу дзяржава забяспечыць сябе дадатковым прыбыткам.
— Бо менавіта малы бізнес з'яўляецца асноўнай крыніцай росту эканомік многіх краін, — адзначае Марыя Акулава.
«Аптымізаваць прадпрыемствы камандамі зверху не атрымаецца»
Аздараўленне прадпрыемстваў і эканомікі ў цэлым магчыма толькі праз мадэрнізацыю, а яна цягне за сабой кадравую дыягностыку, заявіла намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Алена Манкевіч.
Планы дзяржаўных кіраўнікоў сведчаць пра тое, што ўлады не плануюць праводзіць рэформы, а толькі наводзяць вонкавы глянец, лічыць эканаміст і кіраўнік праекта «Кошт Ураду» Уладзімір Кавалкін.
— Чыноўнікі па-ранейшаму працягваюць забіваць кампаніі, якія належаць дзяржаве. З прычыны таго, што самі кіраваць імі не ўмеюць, яны ідуць па савецкай практыцы дзяржплана, спускання зверху ўніз цэнтралізаваных паказчыкаў, якія абсалютна адарваныя ад рынку і патрэбаў пакупнікоў, — кажа эканаміст.
У выніку падае вытворчасць, зніжаецца прыбытак, выяўляецца лішняя рабочая сіла, а без дзяржпадтрымкі большасць прадпрыемстваў сталі б непрыбытковымі
— Замест планаў па аптымізацыі дзяржкампаній міністрам і іх намеснікам трэба перастаць лезці ў справы прадпрыемстваў: лічыць лішніх або адсутных работнікаў, даваць ўказанні зверху з нагоды таго, колькі і чаго вырабляць і куды прадаваць, — лічыць эксперт.
Аптымізаваць дзейнасць дзяржкампаній дапаможа рэформа сістэмы карпаратыўнага кіравання дзяржаўных прадпрыемстваў.
— Кіраваць прадпрыемствамі — не справа міністэрстваў. Іх задача — ствараць рамкі і ўмовы працы на рынку, прычым аднолькавыя як для дзяржаўных, там і для прыватных кампаній. Дзяржпрадпрыемствы павінны працаваць сапраўды гэтак жа, як прыватныя, і арыентавацца, зыходзячы з сітуацыі і кан'юнктуры рынку, патрэбаў у іх прадукцыі. І зыходзячы з гэтага будаваць планы па вытворчасці, інвестыцыях і персаналу, — заключае Уладзімір Кавалкін.
Паводле zautra.by