Дварковіч заявіў Сямашку пра недапушчальнасць затрымання Баўмгертнэра
Кіраўніцтва Расіі працягвае лічыць непрымальнай сітуацыю з затрыманнем у Мінску гендырэктара кампаніі «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнера.
Пра гэта заявіў віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч 5 верасня на сустрэчы ў Маскве са сваім беларускім калегам, першым віцэ-прэм’ерам Уладзімірам Сямашкам.
Як паведамляе сайт расійскага ўрада, Дварковіч падкрэсліў, што Баўмгертнер знаходзіўся ў Мінску і браў удзел у сустрэчы па запрашэнні прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча.
Запрашэнне было адпраўлена «на падставе дамоўленасцяў на міжурадавым узроўні».
Аркадзь Дварковіч пацвердзіў, што Расія мае намер паставіць у Беларусь у 2013 годзе 18,5 млн. тон нафты і, зыходзячы з гэтага, будзе ўзгадняцца баланс на чацвёрты квартал.
Як зазначаецца ў паведамленні, віцэ-прэм’еры закранулі пытанне аб узаемаадносінах у сферы сельскай гаспадаркі. «Аркадзь Дварковіч зазначыў, што ў Расіі ёсць прэтэнзіі па якасці
і бяспецы да шэрагу прадукцыі беларускай вытворчасці. Апрача таго, расійскія зацікаўленыя ведамствы зараз вывучаюць сітуацыю з рээкспартам прадукцыі з трэціх краін пад выглядам беларускіх
тавараў», — зазначаецца ў паведамленні.
Віцэ-прэм’еры таксама абмеркавалі ход рэалізацыі сумесных праектаў па развіцці інтэграцыі расійскіх і беларускіх прамысловых прадпрыемстваў у сферы радыёэлектронікі, у касмічнай сферы,
машынабудаванні, хімічнай галіне. Кансультацыі па гэтых кірунках і сустрэчы міжведамасных рабочых груп Расіі і Беларусі будуць працягвацца на наступным тыдні.
Пры гэтым Аркадзь Дварковіч падкрэсліў: «Узаемадзеянне па ўсіх пытаннях, якія абмяркоўваліся на перамовах, будзе залежаць ад развіцця сітуацыі ў цэлым».
belapan.com