Чаму ў Еўропе не любяць ратаваць прадпрыемствы-«тытанікі»
Штучнае ўтрыманне на плыву неплацёжаздольных, фізічна і маральна састарэлых, прадпрыемстваў — дзяржаўная беларуская традыцыя апошніх 25 гадоў. Між тым, у астатняй Еўропе падобная тактыка не правіла, а выключэнне.
Прадпрыемствы-«тытанікі» у Еўрасаюзе ратуюць рэдка і неахвотна, таму што падобны від дапамогі лічыцца шкодным для канкурэнцыі, а значыць, і для эканомікі ў цэлым. Калі ў ЕС і вырашаюць кагосьці ўтрымаць на плыву, то робяць гэта па адмыслова распрацаваных правілах дзяржаўнай дапамогі.
На дзярждапамогу могуць разлічваць кампаніі: а) якія знаходзяцца ў дрэнным фінансавым стане; б) з нізкім крэдытным рэйтынгам; в) са стратай большай часткі статутнага капіталу; г) з адкрытай справай аб банкруцтве; д) з малым прыбыткам і велізарнай крэдыторскай запазычанасцю. Пры гэтым дзеючыя правілы забараняюць дапамагаць кампаніям, якія працуюць менш за тры гады, а таксама прадпрыемствам вугальнай і металургічнай галін.
Аказваць дапамогу ці не, вырашае Еўракамісія, якая правярае, ці адпавядае кампанія умовам прадастаўлення дзяржпадтрымкі па агульных і спецыяльных крытэрах. Пасля аналізу крытэраў для кожнага віду дапамогі, якую кампанія разлічвае атрымаць — ці то яна проста хоча паправіць свой фінансавы стан і аднавіць плацежаздольнасць, ці то ёй патрэбна радыкальная рэструктурызацыя, ці тое і тое, і іншае разам — камісія вызначаецца з рашэннем.
Для пачатку дзяржава можа падтрымліваць кампанію на плыву да 6 месяцаў, але выключна дзяржкрэдытамі і гарантыямі з платай дзяржаве за карыстанне такой дапамогай. Лічыцца, што гэтага часу дастаткова, каб прадпрыемства магло аднавіцца, скласці глабальны і доўгатэрміновы план выхаду з крызісу або прыняць рашэнне аб ліквідацыі.
Калі па заканчэнні паўгода кампанія адновіць плацежаздольнасць, адчуе перспектывы на будучыню і дакажа Еўракамісіі іх здзяйсняльнасць, у яе ёсць шанец атрымаць дапамогу і на рэструктурызацыю. Калі ж кампанія зразумее, што перспектыў у яе няма, дзяржава дапаможа ёй ліквідавацца.
Пры доўгатэрміновай дапамозе і прадастаўляльнік, і атрымальнік павінны даказаць Еўракамісіі, што яна не дарма дазваляе укладваць дзяржрэсурсы. Часам камісія карэктуе планы рэструктурызацыі і асобна прапісвае дадатковыя ўмовы прадастаўлення дапамогі.
Але ў любым выпадку — і на аднаўленне плацежаздольнасці, і на рэструктурызацыю — і дапамога будзе абмежаванай: правілы забараняюць стопрацэнтнае фінансаванне працэдуры аздараўлення кампаній.
Максімальны памер дапамогі на аднаўленне будзе роўны аб'ёму фінансавання, неабходнага для падтрымання бягучай дзейнасці кампаніі да паўгода. Для рэструктурызацыі дзяржава можа даць да 75% ад неабходнага фінансавання, а іншыя выдаткі паміж сабой павінны падзяліць акцыянеры. Больш за тое, у наступны раз дзярждапамогу на рэструктурызацыю нельга будзе атрымаць раней, чым праз 10 гадоў.
Гэта, вядома, даволі жорсткія ўмовы, але затое еўрапейскія кампаніі не дазваляюць сабе працаваць шаляй-валяй. У адрозненне ад беларускіх прадпрыемстваў-«тытанікаў», упэўненых, што ў цяжкую часіну бацька кіне выратавальны круг. Нават калі часіна гэтая надышла з-за неадэкватнасці выклікам часу і неадпаведнасці патрабаванням рынку.
Паводле gazetaby.com