Ці атрымаецца завабіць у Беларусь працоўных мігрантаў?

У Беларусі з пачатку гэтага года колькасць занятых у эканоміцы скарацілася на 46,3 тысячы чалавек. Скарачэнне працоўных бачаць нават ва ўрадзе: прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка прапануе вырашаць праблему за кошт прыцягнення замежных работнікаў. Хто паедзе ў Беларусь гастарбайтэрам?

_budoulja___krany___horad___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Па словах прэм'ера, каб вырашыць праблему, чыноўнікі маюць намер прыцягваць замежных работнікаў і «максімальна задзейнічаць наяўныя працоўныя рэсурсы». Але ці атрымаецца?

— Ёсць дзве прычыны скарачэння занятага ў эканоміцы насельніцтва. Першая — гэта натуральны дэмаграфічны рух. І другая — гэта эміграцыя. Галоўная прычына — дэмаграфія. Адсоткаў на 70 за гэтую колькасць адсутных работнікаў яна адказвае, — тлумачыць у інтэрв'ю Філіну акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі.

— Цяпер у Беларусі ў працаздольны ўзрост уступае адносна малаколькаснае пакаленне работнікаў, а самае галоўнае, што пенсійнага ўзросту дасягае пакаленне бэбібумераў. Таму ў натуральным руху насельніцтва і апошнія гады, і цяпер, і яшчэ шмат гадоў будзе памяншэнне колькасці людзей працаздольнага ўзросту.

На гэта накладваецца эміграцыя з Беларусі, якая павялічваецца. З'язджаюць у асноўным людзі працаздольнага ўзросту.

— Галоўчанка прапануе прыцягнуць замежных работнікаў. Хто паедзе ў Беларусь гастарбайтэрам?

— Прапанова добрая, але трэба глядзець на навакольную нас рэальнасць. У нас ніколі дзяржава не займалася прыцягненнем імігрантаў, нават у лепшыя гады — з 2017-га па 2019-ты.

У Беларусі няма рэжыму, спрыяння мігрантам. За пяць адміністрацыйных парушэнняў іх з краіны высылаюць. Атрымаць грамадзянства Беларусі больш складана, чым атрымаць грамадзянства ЗША ці Германіі. Патрабуецца больш гадоў бесперапыннага пражывання. Ёсць некаторыя паблажкі для расійцаў, але нават для ўкраінцаў ільгот не вельмі шмат.

Цяпер займацца гэтым зусім складана, таму што імідж Беларусі моцна пагоршыўся. Гэта Раман Галоўчанка ўсе навіны чэрпае з БелТА, а людзі за мяжой глядзяць іншыя інфармацыйныя каналы і бачаць пастаянную нестабільнасць, ведаюць, што Беларусь з'яўляецца саўдзельнікам у расійскай атацы на Украіну, бачаць санкцыі, якія таксама ўскладняюць жыццё.

Яны бачаць пастаянную заканадаўчую нестабільнасць: то ў нас падаткі ўводзяцца, то адмяняюцца. Падаткі для айцішнікаў то павышаюцца, то паніжаюцца.

Гэта азначае, што цяпер урад можа зрабіць нешта спрыяльнае для мігрантаў, а праз год адменіць, гэта значыць усё нестабільна.

Нам патрэбныя не проста абы-якія мігранты. У першую чаргу патрабуюцца кваліфікаваныя спецыялісты. У нас вялікі недахоп лекараў, настаўнікаў. Іх прыцягнуць складана.

З Германіі і Літвы ў Беларусь не паедуць. Прыйдзецца арыентавацца на краіны СНД. Але тут трэба разумець, як мы выглядаем на фоне таго ж Казахстана, які больш стабільны і не пад санкцыямі.

Глядзіце таксама

— Хто да нас паедзе ў выніку?

— Думаю, што ніхто. Мяркую, Галоўчанка гэта проста так заявіў, таму што мы не бачым, каб урад рабіў нейкіх крокаў у гэтым кірунку. Сказаў бы, што ў нас ёсць такі пакет рэформаў, каб палепшыць умовы жыцця мігрантаў, неяк іх завабліваць, рэкламаваць краіну.

— У прэм'ера яшчэ ёсць пункт два: «Максімальна задзейнічаць наяўныя працоўныя рэсурсы».

— Гэта такі выдатны пункт, ва ўсіх планах рэформаў ён ёсць. У першую чаргу гаворка ідзе пра барацьбу з рознага роду дыскрымінацыяй. Паводле розных апытанняў, людзей перадпенсійнага ўзросту часта на працу не наймаюць або спрабуюць ад іх пазбавіцца.

Дыскрымінацыя людзей пенсійнага ўзросту нават з боку дзяржавы адбываецца. Напрыклад, у нас працуючым пенсіянерам памяншаюць дапамогі і пенсіі. Гэта значыць, яны становяцца перад выбарам: захаваць дапамогі і пенсію або ісці працаваць.

Якія ў нас яшчэ ёсць рэсурсы? У Беларусі практычна адсутнічае сістэма ясляў. Склалася такая норма, што маці павінны сядзець з дзецьмі дома да трох гадоў. Еўрапейская практыка паказвае, што года-паўтара — дастаткова. У першую чаргу, трэба будаваць яслі, а ў другую — мяняць культурную норму і заканадаўства, так, каб было прасцей сумяшчаць бацькоўства з кар'ерай.

Ёсць іншыя групы дыскрымінаваных. Напрыклад, людзі з інваліднасцю. Для іх трэба ствараць інфраструктуру. Ні адзін вазочнік на эканамічны факультэт БДУ не зможа пракрасціся, таму што там не прадугледжаны пандусы, не адаптаваныя ліфты, аўдыторыі і гэтак далей.

Гэта тычыцца людзей з многімі відамі інваліднасці. Людзей з глухатой, слепатой можна інтэграваць у грамадства і рынак працы, проста ім трэба дапамагчы, стварыўшы інфраструктуру.

Цяпер у нас вялікая дыскрымінаваная група — людзі, якіх дыскрымінуюць па палітычных прычынах. Чалавек мае прафесію, вопыт, але яго не бяруць на працу, таму што нешта напісаў у Фэйсбуку ў 2020 годзе, кудысьці выйшаў ці нешта заданаціў.

У Беларусі працягваецца запалохванне насельніцтва, усё яшчэ ўзбуджаюць справы па падзеях 2020 года. Гэта значыць, што людзі працягваюць выязджаць з краіны, баяцца там знаходзіцца, асцерагаюцца вяртацца на радзіму.

Таксама з вуснаў чыноўнікаў гучаць ідэі, што студэнтаў прымусяць адпрацоўваць 4-7 гадоў пасля заканчэння ВНУ. Хтосьці застанецца і будзе адпрацоўваць, нейкія дзіркі можна будзе заткнуць імі. Нейкая колькасць людзей спалохаецца і павязе дзяцей школьнага ўзросту за мяжу.

Акрамя таго, у нас усё яшчэ ёсць спіс забароненых прафесій для жанчын. Некаторыя дзяржаўныя дзеячы прапагандуюць ідэі, што нейкія працы не для жанчын. Адпаведна, гэтыя месцы застаюцца вакантнымі.

У пэўным сэнсе ў нас недавыкарыстаныя мужчыны. Па факце яны жывуць на 10 гадоў менш, чым жанчыны, часцяком паміраючы ў працаздольным узросце, не дажываючы да пенсіі. Трэба праводзіць дадатковыя даследаванні, накіроўваць рэсурсы на пошук прычын, што забівае мужчын.

Глядзіце таксама