«Харчовы Кландайк»: экспарт беларускай сельгаспрадукцыі ў Расію зменшыўся на $200 млн.

У студзені-лютым 2015 года Беларусь паставіла на расійскі рынак сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання на паўмільярда долараў. У вартасным выражэнні экспарт айчыннай сельгаспрадукцыі ў Расію знізіўся прыкладна на 200 млн. долараў у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. 



moloko_i_miaso.jpg

У студзені-лютым 2014 года Беларусь паставіла на расійскі рынак сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання на 711,8 млн. долараў, нагадвае БелаПАН.

Традыцыйна асноўны абъём паставак беларускай сельгаспрадукцыі ў Расію прыпадае на прадукцыю жывёлагадоўлі — мяса-малочныя тавары, і ў вартасным выражэнні сёлета адбылося зніжэнне іх экспарту.

Так, экспарт сыроў і тварагу склаў 92,2 млн. долараў у студзені—лютым 2015 года і знізіўся на 16,2% менш у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.

Вартасны аб’ём экспарту малака і вяршкоў склаў 60,5 млн. долараў і знізіўся на 43,6% у параўнанні са студзенем—лютым 2014 года. Таксама Беларусь экспартавала ў Расію ялавічыны на 44,6 млн. долараў, што на 45,3% менш у параўнанні са студзенем—лютым 2014 года.

Варта адзначыць, што ў фізічным выражэнні пастаўкі беларускіх малочных тавараў на расійскі рынак сёлета павялічыліся. Так, за студзень-люты гэтага года экспарт беларускіх сыроў і тварагу ў Расію вырас у параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года на 12,3%, пастаўкі малака і вяршкоў павялічыліся на 9,3%. Экспарт беларускай ялавічыны ў Расію ў фізічным выражэнні знізіўся на 30,9% у параўнанні са студзенем—лютым 2014 года.

У сакавіку Беларусь і Расія ўзгаднілі аб’ёмы паставак беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі на расійскі рынак у 2015 годзе. Паводле дасягнутых дамоўленасцяў, Беларусь паставіць у 2015 годзе ў Расію сыроў і тварагу 107,6 тыс. тон, сухога абястлушчанага малака — 80 тыс. тон, неразведзенага малака — 36 тыс. тон, канцэнтраванага — 60 тыс. тон, іншай малочнай прадукцыі — 430 тыс. тон.

Акрамя гэтага, запланавана, што ў 2015 годзе Беларусь паставіць на расійскі рынак 132 тыс. тон ялавічыны, 30 тыс. тон свініны, 100 тыс. тон мяса птушкі і 95 тыс. тон іншай мясной прадукцыі.