Бунт на караблі. Кіраўнік Нацбанка заявіў, што банкі ўжо наеліся рызыкаў неплацежаздольных прадпрыемстваў

Беларускія банкі маюць дастатковую колькасць рэсурсаў для крэдытавання эканомікі, у тым ліку і на льготных умовах, аднак больш не могуць прымаць на сябе рызыкі неплацежаздольнасці прадпрыемстваў, якія атрымліваюць дырэктыўныя крэдыты.

kallaur_x_db9be564f43890ebb26f635170538b903a76339f.jpg


Пра гэта на пасяджэнні Брэсцкага аблвыканкама заявіў кіраўнік Нацбанка Павел Калаур, празрыста намякнуўшы, што далейшае крэдытаванне магчыма пад дзяржгарантыі, піша АФН.

«Банкі ўжо, можна сказаць, вычарпалі ліміт прыняцця на сябе рызыкаў па неплацежаздольных прадпрыемствах. Таму тут застаюцца толькі дзве ўмовы: альбо гарантыі ўрада, альбо гарантыі аблвыканкама», — заявіў Калаур.

«На самой справе праблем з фінансаваннем няма ... каля 30% крэдытаў выдаюцца на льготнай аснове. У цэлым па эканоміцы льготная працэнтная стаўка склала 6%. Пры інфляцыі дзяржава даплачвае 12% тым, хто бярэ крэдыты. Гэта суперстымулюючыя ўмовы. У тым ліку і праграмы пад інвестыцыі для малога бізнесу», — удакладніў кіраўнік Нацбанка.

На 1 чэрвеня 2022 года чыстая запазычанасць прадпрыемстваў-флагманаў склала 109,5 млрд BYN. Каля 61,4% чыстага доўгу фармавалі флагманы прамысловасці. На справаздачную дату сума абавязацельстваў прамыслоўцаў склала 67,2 млрд BYN. Нета-даўгі па апрацоўчых галінах прамысловасці да 1 чэрвеня дасягнулі 44,2 млрд BYN, па горназдабыўных — 3,2 млрд BYN, па энергетыцы — 19,8 млрд BYN, адзначаюць banki24.by.

За межамі прамысловасці істотную нета-запазычанасць мелі сельская гаспадарка (15,1 млрд BYN), будаўніцтва (4 млрд BYN), раздробны гандаль (8,5 млрд BYN), транспарт (4,2 млрд BYN), прафесійная, навуковая і тэхнічная дзейнасць (4,9 млрд BYN). Абавязацельствы флагманаў у сельскай гаспадарцы сталі рэкорднымі за перыяд вымярэнняў.

Звычайна ўлады ратавалі прадпрыемствы з дапамогай дырэктыўных крэдытаў, фактычна абавязваючы банкі крэдытаваць неплацежаздольныя прадпрыемствы. Зараз Калаур выступіў супраць падобнай практыкі — за некаторымі выключэннямі.

Варта адзначыць, што ў 2021 годзе ўвесь ВУП Беларусі склаў 173,2 млрд BYN. Такім чынам, запазычанасць беларускіх флагманаў — гэта прыкладна 2/3 ВУП краіны.