Бюджэт не можа абысціся без “п’яных грошай”
Не так даўно Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з міністрам аховы здароўя Васілём Жарко. У выніку стала вядома, што новы закон аб ахове здароўя ўступіць у дзеянне з той нагоды, што ён распрацаваны па даручэнні кіраўніка дзяржавы.
І згадваецца гісторыя рымскага імператара Веспасіяна: для папаўнення казны ён загадаў падвысіць падаткі на грамадскія прыбіральні. Таму небагатыя рымляне дзеля спраўлення фізіялагічных патрэбаў карысталіся сметнікамі і канавамі. Паводле гарадскога фальклору, спачатку спадарожніка сустракаў смурод, а ўжо потым яго воку адкрываліся цудоўныя краявіды горада, палацы арыстакратаў.
На ўсе кпіны Веспасіян адказваў вельмі дасціпна — грошы не пахнуць! З гэтай пары вельмі паважаюць Веспасіяна людзі, гатовыя за грошы зрабіць усё дазволенае і не дазволенае, дастойнае і зняважлівае. Зразумела, што такая тэхналогія часцей прымяняецца дзяржаўнымі дзеячамі, якія маюць на гэта паўнамоцтвы. Але зараз Лукашэнка, які налаўчыўся здабываць грошы з самых неверагодных крыніц, прыдумаў нешта падобнае да вечнага рухавіка. Хто аднойчы заплаціў, змушаны кожны раз плаціць больш і больш.
Патлумачым. Той, хто карыстаецца грамадскай прыбіральняй, калі не мае грошай (хоць гэта і не прыемна), можа паспрабаваць пашукаць і нейкае іншае, не вельмі афіцыйнае месца. Як гэта было і ў старажытным Рыме. Але новы закон “Аб ахове здароўе” пазбаўляе ўсялякіх альтэрнатыў тых хворых, якія за свае грошы аплачваюць утрыманне і развіццё ўсёй дзяржаўнай сістэмы аховы здароў’я.
Ёсць меркаванне, што змены і дапаўненні ў закон канчаткова паставяць крыж на бясплатнай медыцыне: будзе ўведзеная норма, што як хто скалечыўся або захварэў з нагоды ўжывання алкаголю, то абавязаны плаціць за свае лячэнне з уласнай кішэні. І гэта пасля таго, як пацыент ужо зрабіў свае ўнёскі у сацыяльныя фонды, якія і гарантуюць бясплатную медыцыну.
А статыстыка паказвае такую карціну: за мінулы год у краіне было прададзена алкагольных напояў на 16,7 трлн. рублёў, або 10,6% аб агульнага таваразвароту. Падаецца, што ў абсалютным і адносным вымярэнні гэта сума складае не шмат, але ў дачыненні да кожнай асобнай таварнай групы алкагольныя напоі пануюць над усімі.
Грошы, заробленыя на тытуні і алкаголі, ёсць самымі хуткімі для патрэбаў бюджэту. Прыкладам, у мінулым годзе з кожнай прададзенай бутэлькі гарэлкі, каньяку і віна бюджэт атрымліваў, адпаведна гатунку, 23–30% рознічнага кошту. Гэта значыць, у бюджэт ад продажу спіртнога паступіла блізу 3 трлн. рублёў.
Сёлета, па словах міністра фінансаў Андрэя Харкаўца, запланавана падвышэнне аб’ёму акцызаў у 1,5 разы, што складзе 16,4 трлн. рублёў або 8,3% даходнай часткі бюджэту. Гэта амаль кожны дзесяты рубель, што патрапіць у бюджэт.
Відавочна, бюджэт не можа абысціся без “п’яных грошай”. Як і тое, што падвысіць рознічныя кошты на алкагольныя напоі таксама немагчыма — у людзей гадамі выпрацоўвалі культурны стэрэатып чаркі і шкваркі. Можна чакаць, што ў выпадку падвышэння цэн на алкаголь грошы перакачуюць з дзяржаўнага бюджэту да самагоншчыкаў.