Беларусь пачынае нафтавую вайну з Расіяй

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі прыняло рашэнне аб павышэнні тарыфаў на транзіт нафты праз тэрыторыю нашае краіны. З чым гэта звязана? Сваё меркаванне выказвае доктар эканамічных навук прафесар Барыс Жаліба.

neft__800x500.jpg


— Гэта можна трактаваць як беларускі захад у адказ на дзеянні Расіі, якая скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь. Можна тлумачыць і так, што, маўляў, у Беларусі інфляцыя, ўсё павышаецца, і ў Расіі інфляцыя, то бок, можна гэтую справу і не палітызаваць. Аднак, гэтае рашэнне — даволі слабы адказ на дзеянні расійскага боку. Відавочна, што перамовы па цане на газ зацягнуліся, і пакуль перспектывы выцягнуць іх не праглядваюцца.

Пастаўкі расійскай нафты працягваюць скарачацца, працягвае скарачацца і валютная выручка ад продажу нафтапрадуктаў, працягваюць скарачацца і паступленні ў бюджэт. Мы за гэты год ўжо маем мінус тры адсоткі росту ВВП, і гэты паказчык, хутчэй за ўсё, застанецца. Таму, відаць, выпадае толькі палітызаваць такія крокі.

— А ці не паследуе з боку Расіі ўдар у адказ?

— Канешне, можа — зуб за зуб, вока за вока. Але ў нас зусім розныя вагавыя катэгорыі, таму ўдар з боку Расіі можа быць значна мацнейшым. Дастаткова яшчэ больш скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь ці зрабіць штосьці падобнае. Ці паставіць ультыматум па пытанню пагашэння запазычанасці за газ, ці падвесіць пытанне аб выдзяленні чарговага траншу Еўразійскага банка. У расійцаў інструментарый значна больш багаты.

Ці перакрые павышэнне транзітных коштаў на нафту страты, якія Беларусь нясе ад скарачэння паставак нафты на нашы НПЗ? 

— Мяркую, што не перакрые. Усё ж такі тарыфы на прагонку нафты па трубаправодах не самыя вялікія. Гэта не экспартныя пошліны ці пошліны на нафтапрадукты. Гэта можа быць проста гульня нерваў, што, маўляў, мы пакуль паступілі вось так, а потым будзем думаць, як адказаць больш сур’ёзна. Але расіянам гэта як слану драбіна.

— А як яшчэ больш жорстка можа адказаць Беларусь?

— Лукашэнка адкрытым тэкстам заявіў, што мы пераглядзім узровень нашага прадстаўніцтва ў Еўразійскім эканамічным саюзе і ў Саюзнай дзяржаве. Ён і можа перагледзець. Натуральна, Расіі гэта не спадабаецца, гэта будуць ужо чыста палітычныя гульні. Для Пуціна ЕАЭС — гэта як дзіця, якое ён мусіць выпеставаць. Але пакуль што з гэтым атрымліваецца ўсё вельмі кепска.