Беларусь бязвыплатна дапаможа Венесуэле лекамі на $214 тысяч

У пераліку — 35 найменняў лекаў беларускай вытворчасці: антыбіётыкі, абязбольвальныя, кроплі для вачэй, мазі, раствор для ін'екцый у ампулах і многае іншае, паведамляе «Еўрарадыё».

Фота з сайта teleskop-by.org

Фота з сайта teleskop-by.org

Беларусь бязвыплатна перадасць Венесуэле лекаў на 442 тысячы рублёў ($214 тысяч). Пра гэта гаворыцца ў пастанове Савета Міністраў № 613 ад 11 верасня 2019 года, падпісанай прэм'ер-міністрам Сяргеем Румасам і афіцыйна апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У арганізацыі і дастаўцы гуманітарнага грузу задзейнічана шэсць дзяржаўных прадпрыемстваў і органаў. Мінздароўя і УП «Кіруючая кампанія холдынгу "Белфармпром"» забяспечваюць водпуск і афармленне лекавых сродкаў, Беларуская гандлёва-прамысловая палата садзейнічае ў афармленні сертыфікатаў свабоднага продажу, Мінтранс адказны за дастаўку медыкаментаў у Венесуэлу, МЗС — за іх перадачу, а Беларускаму канцэрну па нафце і хіміі даручана вылучыць сродкі для пакрыцця кошту транспартных і лагістычных паслуг, звязаных з дастаўкай лекавых сродкаў у Баліварыянскую Рэспубліку Венесуэла.

З пачатку года Венесуэла перажывае палітычны крызіс, выкліканы цяжкім эканамічным становішчам. У краіне — гіперінфляцыя, перабоі з электрычнасцю, не хапае прадуктаў і элементарных тавараў накшталт туалетнай паперы.

21 студзеня ў Венесуэле пачаліся масавыя вулічныя акцыі супраць прэзідэнта Нікаласа Мадура. Кіраўнік Нацыянальнай асамблеі Хуан Гуаідо абвясціў сябе часовым кіраўніком дзяржавы, аднак Мадура змог утрымаць уладу і да гэтага часу застаецца на чале краіны.

Адносіны Беларусі і Венесуэлы шмат у чым будаваліся на сяброўстве Аляксандра Лукашэнкі і папярэдняга прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса. Яны захоўваюцца і пасля смерці Чавеса ў 2013 годзе.

euroradio.fm