Абяцанка-цацанка. Беларусам зноў абяцаюць прыход лаўкостараў у краіну
Беларусь вядзе перамовы з венгерскай лаўкост-кампаніяй WizzAir пра яе прыход у Беларусь. Пра гэта расказаў дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Арцём Сікорскі.
Размовы пра прыход еўрапейскіх лаўкостаў у Беларусь ідуць ужо некалькі гадоў. Аднак дагэтуль невядома, калі гэта адбудзецца. Прыход WizzAir у Беларусь, нібыта, быў запланаваны на сёлетні красавік, але гэтым планам перашкодзіла пандэмія COVID-19, нагадвае Еўрарадыё.
«Я не хачу раскрываць дэталі, але зараз WizzAir і Нацыянальны аэрапорт Мінск працуюць над вельмі цікавым праектам. Спадзяюся, што пасля адмены авіяблокады мы ўбачым вынік гэтай працы», — паведаміў Сікорскі.
Таксама ён анансаваў магчымы прыход ірландскай лаўкост кампаніі Ryanair. «У нас з Ірландыяй падпісана вельмі ліберальнае пагадненне аб паветраных зносінах, што дазваляе авіякампаніі Ryanair мець пятую ступень свабоды паветра для выканання палётаў у любыя аэрапорты Рэспублікі», — заявіў ён.
Нагадаем, што менавіта прымусовая пасадка ў Мінску самалёта Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, стала прычынай авіяблакады Беларусі.
Сікорскі зазначыў, што цяпер у Беларусь лятаюць два лаўкостары — эмірацкі Flydubai і расійскі «Азімут». Акрамя таго, дазвол на такія палёты мае расійскі лаўкостар «Победа».