Пра Незалежнасьць, нацыянальную сьвядомасьць і Пазьняка. Яркія цытаты Сяргея Навумчыка
Сёньня свой дзень народзінаў сьвяткуе дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, адзін з выбітных палітыкаў, дзякуючы якім ў Беларусі былі «сем гадоў Адраджэньня» — Сяргей Навумчык. Зьвернемся да ягоных сьведчаньняў пра лёсавызначальныя для нашай краіны падзеі.
Кароткая гістарычная памяць — бяда народаў. Сяргей Навумчык зрабіў надзвычай шмат дзеля таго, каб беларусам гэтая бяда не пагражала, зафіксаваўшы ў падрабязках пэрыяд нацыянальнага Адраджэньня пачатку 90-х.
Пра большасьць дэпутатаў
ВС 12-га скліканьня
«Беларусь была адзінай постсавецкай краінай, дзе вышэйшы заканадаўчы орган фактычна кантраляваўся тымі, хто адмаўляў незалежнае існаваньне краіны і дзяржаўнасьць мовы тытульнай нацыі. Арыентацыя абсалютнай большасьці дэпутатаў ВС ад першага да апошняга дня кадэнцыі 12-га скліканьня была накіраваная на Маскву: спачатку як на сталіцу СССР, потым — «братэрскай» Расеі.
Другая парадаксальная адметнасьць — дэпутаты ў большасьці не адчувалі сябе палітыкамі, успрымаючы наяўнасьць мандату выключна як спосаб ці то зрабіць уласную кар’еру ў выканаўчых структурах, ці наладзіць уласны бізнэс, ці, у лепшым разе, «выбіць» для калгасу, саўгасу ці заводу нейкія матэрыяльныя рэсурсы».
«Словы «сувэрэнітэт» ці «геапалітыка» гучалі для іх як незнаёмыя тэрміны. Яны не былі палітыкамі і нават уявіць не маглі, што ім трэба займацца палітыкай. «Займацца палітыкай» гучала як крамола».
Дэпутаты Апазыцыі
«Ня менш важнай, чым заканадаўчая дзейнасьць (а паводле ўплыву на грамадзкую сьвядомасьць дык і непараўнальна больш выніковай), была прапагандысцкая праца дэпутатаў Апазыцыі БНФ.
Першыя сэсіі ВС ішлі ў прамой радыётрансьляцыі; пазьней тэлебачаньне і радыё перадавалі даволі падрабязныя рэпартажы з сэсіяў, а выступы ў «Розным» перадаваліся без купюраў аж да 1995 году. Менавіта з вуснаў дэпутатаў праз тэлерадыётрансьляцыю большасьць жыхароў Беларусі пачулі раней ім невядомыя гістарычныя факты, а галоўнае — аргумэнтацыю неабходнасьці сувэрэннага існаваньня».
«Ну і, нарэшце, падаецца нялішнім абнародаваць фінансавы аспэкт нашай дзейнасьці. За ўсе гады існаваньня Апазыцыі БНФ на распрацоўку ці экспэртны аналіз законапраектаў, Дэклярацыі і Канстытуцыі, увогуле на палітычную дзейнасьць, мы не атрымалі ні ад Вярхоўнага Савету, ні ад замежных дзяржаваў ці небеларускіх арганізацыяў ніводнага, як цяпер модна казаць, «гранту», ніводнага даляру, рубля, франку, маркі, злотага, кроны і г.д. Ніхто пра гэта і ня думаў, гэтага пытаньня для нас не існавала».
Пра Незалежнасьць і нацыянальную сьвядомасьць
«У пачатку 90-х людзі чакалі вельмі хуткага выніку, а хуткага выніку на пераломе палітычнай і эканамічнай фармацыі не бывае. Літоўцы таксама прайшлі праз цяжкія гады рэформаў. Але літоўцы гатовыя былі цярпець дзьве зімы ў кватэрах з мінусавой тэмпературай, абы толькі ня страціць Незалежнасьць — а мы, беларусы, не пагадзіліся перажыць некалькі гадоў адноснай эканамічнай нестабільнасьці і паставілі вышэй за ўсё «чарку і шкварку». Прычына — у розным узроўні нацыянальнай сьвядомасьці».
«Да сытуацыі, калі бальшыня (ужываем формулу электаральная бальшыня) беларусаў набудзе нацыянальную сьвядомасьць, падаецца, яшчэ далёка. Тут я не аптыміст. З 1995 году ішла чыноўніцкая русыфікацыя, цяпер яе робяць сілавікі — зьдзекамі, катаваньнямі і турмамі. Загаварыць па-беларуску ў прысутнасьці ГУБАЗіКаўца рэальна небясьпечна. Страх таксама вельмі нэгатыўна ўплывае на людзей, мы павінны гэта разумець.
Тым большая пашана ўсім, хто ў Беларусі захоўвае вернасьць беларускаму слову. Гэта сапраўдныя героі. Бо само беларускае слова ў цяперашніх умовах — гэта ўжо супраціў».
Пра неабходнасьць парлямэнцкай рэспублікі
«Захаваньне парлямэнцкай рэспублікі было адным з галоўных патрабаваньняў Апазыцыі БНФ, і да нейкага часу нам удавалася ўтрымліваць членаў Канстытуцыйнай камісіі ад уключэньня «прэзыдэнцкіх» разьдзелаў у праект Канстытуцыі. Сытуацыя карэнным чынам зьмянілася, калі супраць парлямэнцкай рэспублікі выступілі нашыя «саюзьнікі» па дэмакратычным лягеры».
«Якія былі нашыя аргумэнты? Калі ў чатырох словах — прэзыдэнцтва непазьбежна прывядзе да дыктатуры. Калі ж казаць канцэптуальна, мы лічылі, што менавіта парляменцкая форма праўленьня дазволіць Беларусі ісьці па шляху ўмацаваньня незалежнасьці і ўтрымаць яе ад катаклізмаў, зьвязаных з залежнасьцю ад жаданьняў ці асаблівасьцяў нейкай канкрэтнай асобы».
Пра Зянона Пазьняка
«У палітыцы вельмі важная здольнасьць аналізаваць зьявы, вызначаць правільныя мэты і пасьлядоўна дамагацца іх рэалізацыі. Гэтаму, напэўна, можна навучыцца з вопытам. А вось палітычнай інтуіцыі навучыцца нельга. Можна правільна расстаўляць словы і сказы, але, каб напісаць «Лілеі» ці «Знак бяды», трэба быць Барадуліным ці Быкавым.
Можна стварыць партыю і нават прывесьці яе да ўлады — але для стварэньня дзяржавы патрабуюцца іншыя якасьці. Шмат разоў у Вярхоўным Савеце (але ня толькі ў ім) Пазьняк рабіў крокі, якія маглі падавацца спантаннымі, нечаканымі, нават супярэчнымі традыцыйнай лёгіцы падзеяў, але потым, пры спакойным аналізе, яны падаваліся адзіна правільнымі і адзіна магчымымі. Як мінімум двойчы (у ліпені 1990-га, падчас прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, і ў жніўні 1991-га, пры наданьні ёй статусу канстытуцыйнай сілы) гэтыя крокі вызначылі лёс Беларусі (інтуіцыі не пазбаўлены і Лукашэнка, але ў яго яна накіраваная выключна на ўласнае палітычнае самавыжываньне — тым часам інтуіцыя Пазьняка накіраваная на выжываньне Беларусі)».
«Мэтай (вылучэньня Зянона Пазьняка ў якасьці кандыдата на пост прэзідэнта) было стварэньне прававой дэмакратычнай дзяржавы, дзе паважаліся б правы ўсіх нацыяў, дзе было б гарантаванае ўжываньне адзінай дзяржаўнай мовы — беларускай. Павінна была быць уведзеная забарона ўсіх арганізацыяў, якія выступаюць супраць незалежнасьці Беларусі. Пазьняк лічыў неабходным выхад Беларусі з СНД, вывад з тэрыторыі краіны расейскіх войскаў. Разам з тым, у праграме падкрэсьлівалася, што «галоўная задача беларускай зьнешняй палітыкі — наладжваньне раўнапраўных, узаемавыгадных партнэрскіх адносінаў з Расейскай Фэдэрацыяй».
У праграме Пазьняка не было ні слова, што дало б падставы папракнуць яго «экстрэмізмам» — нават тыя палажэньні, якія здаваліся найбольш радыкальнымі, рэалізоўваліся ў краінах Усходняй Эўропы (і менавіта яны, дарэчы, зьявіліся перадумовамі эканамічнага разьвіцьця гэтых краінаў у параўнаньні з краінамі СНД)».
«Выбарчую кампанію 1994 году шмат у чым вырашыла пазыцыя сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку (і ў першую чаргу) і да пачатку самой кампаніі. І тут варта параўнаць інфармацыйныя магчымасьці Лукашэнкі і Пазьняка і інфармацыйную атмасфэру вакол іх.
З самага моманту ўтварэньня Аргкамітэту БНФ Пазьняк стаў мішэньню для зьнішчальных паклёпаў — прычым па ўсіх каналах афіцыйнай прапаганды. Ніводны рэдактар афіцыйных (тады — камуністычных) газэтаў падчас свайго знаходжаньня на пасадзе не пажадаў разабрацца, дык ці сапраўды лідэр БНФ «фашыст», «экстрэміст», і што павінна, а што не павінна ўкладацца ў паняцьце «нацыяналіст». Пасьля абраньня Пазьняка дэпутатам гэтая паклёпніцкая хваля спачатку прыцішылася, аднак недзе з 1992 году зноў узмацнілася — толькі паклёпы былі ўжо больш вытанчаныя, калі такое вызначэньне дапушчальнае ў дачыненьні да паклёпаў.
Той вельмі абмежаваны доступ да эфіру, які мелі дэпутаты Апазыцыі, Пазьняк выкарыстоўваў ня дзеля самарэклямы, а з мэтай тлумачэньня праграмных палажэньняў БНФ ды захадаў, якія ўрад павінен быў бы рабіць дзеля ўмацаваньня сувэрэнітэту».
Пра гады нацыянальнага Адраджэньня
«Ня варта ідэалізаваць 1991-1993 гады, хаця ў параўнаньні нават з 2015-2019-мі яны выглядаюць як трыюмф дэмакратыі і нацыянальнага Адраджэньня. Проста ў той час дзяржаўныя інстытуцыі (урад, аблвыканкомы, райвыканкомы) ня вельмі моцна перашкаджалі нацыянальным ініцыятывам, а ў некаторых выпадках і спрыялі. Але гэтае спрыяньне дасягалася неймавернымі высілкамі тысячаў і тысячаў актывістаў — найперш БНФ, але і сацыял-дэмакратычнай Грамады, і Таварыства беларускай мовы».
Крыніцы цытатаў: Кнігі Сяргея Навумчыка «Сем гадоў нацыянальнага Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)», «Дзевяноста чацьверты», інтэрвію «Новаму Часу».
Шчыра віншуем спадара Сяргея Навумчыка з днём народзінаў! Зычым здароўя і плённай працы.