Паўночная Карэя дэмакратызуецца?
Вынікі апошніх мясцовых выбараў у Паўночнай Карэі дазволілі некаторым экспертам казаць аб пачатку асцярожнай дэмакратызацыі самай жорсткай дыктатуры на планеце.
На першы погляд казаць аб дэмакратызацыі вотчыны Кімаў проста смешна. Пачаць можна з таго, што сама электаральная сістэма апрыёры блакуе любыя спробы апазіцыі атрымаць дэпутацкія мандаты. Усе кандыдаты ў любыя прадстаўнічыя органы ўлады могуць балатавацца выключна пад сцягам Дэмакратычнага фронту ўз'яднання Карэі.
Дэмфронт — гэта шматпартыйны альянс, у якім дамінуе ўрадавая Працоўная партыя Карэі, што мае каля 90 працэнтаў месцаў. Астатнія дастаюцца лаяльным партыям — эсдэкам, партыі клерыкалаў і этнічным карэйцам у замежжы. Відавочна, што прайсці фільтр у кандыдаты могуць выключна лаяльныя Кіму.
Пра празрыстасць падліку галасоў таксама казаць не даводзіцца. Вядомыя прэцэдэнты, калі на выбарах, калі верыць тутэйшай ЦВК, татальна галасавалі 100 працэнтаў выбаршчыкаў.
Мясцовыя выбары, якія адбыліся сёлета ў канцы лістапада, на першы погляд мала адрозніваліся ад папярэдніх. Па даных афіцыйнага Цэнтральнага інфармацыйнага агенцтва Карэі (ЦТАК), па іх вынікам 27 858 працоўных, сялян, прадстаўнікоў інтэлігенцыі і чыноўнікаў былі абраныя новымі дэпутатамі мясцовых сходаў правінцый, гарадоў і паветаў. Па даных Цэнтральнай выбарчай камісіі, яўка на выбарах склала 99,63%.
Аднак некаторыя дэталі мінулых выбараў былі незвычайнымі. Па-першае, улады дапусцілі канкурэнтны прынцып адбору кандыдатаў у спіс Дэмфронта. У некаторых акругах прайшлі папярэднія выбары, каб вызначыць кандыдата, які будзе балатавацца па спісах Фронту..
Па-другое, улады ўсталявалі на выбарчых участках дзве асобныя скрыні для галасавання рознага колеру: адну для ўхвалення, іншую для неўхвалення. Міністэрства аб'яднання Паўднёвай Карэі заявіла, што гэта супярэчыць прынцыпу тайнага галасавання, паколькі лёгка пабачыць і зафіксаваць — хто галасаваў супраць. Аднак у дадзеным выпадку паказальны той факт, што ўлады ў прынцыпе дапускаюць наяўнасць у краіне незадаволеных.
Больш за тое існаванне нелаяльных было прызнана на афіцыйным узроўні. Афіцыёз упрост заявіў, што на апошніх мясцовых выбарах некаторыя галасавалі супраць кандыдатаў у дэпутаты мясцовых сходаў. Гэта стала першым выпадкам у гісторыі КНДР, калі рэжым паведаміў пра альтэрнатыўныя галасы на сваіх выбарах. «Сярод выбаршчыкаў, якія прагаласавалі за кандыдатаў у дэпутаты правінцыйных народных сходаў, прагаласавала супраць — 0,09 працэнта», паведамляе ЦТАК.
Урэшце. вясёлая сітуацыя з яўкай, якая, як было сказана вышэй, склала на першы погляд астранамічныя 99,63%. Справа ў тым, што для мясцовых «ярмошыных» гэта проста вельмі нізкі паказчык. Звычайна малюецца лічба 99, 98% яўкі. Адным словам, фінальную лічбу відавочна адкарэктавалі.
Адсюль лагічнае пытанне — навошта?