Памёр праваабаронца Сяргей Гоўша
На 73-м годзе пайшоў з жыцця адзін з найстарэйшых сябраў «Вясны», сябра Рады арганізацыі, праваабаронца з Баранавічаў Сяргей Гоўша.
Ён быў адным з удзельнікаў стварэння Таварыства беларускай
мовы, Экалагічнага саюза, Беларускага народнага фронту. У 1991 г. пасля вылучэння
Таварыствам беларускай мовы быў абраны дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета, распавядае «Вясна».
Пачынаючы з 1997 года, спадар Сяргей у шэрагах сябраў «Вясны». «Не шкадуючы ні сілаў, ні свайго вольнага часу, аказваў дапамогу
землякам, абараняў іх на судовых працэсах, дапамагаў абскардзіць несправядлівыя
рашэнні ў вышэйшых інстанцыях», — адзначаюць ягоныя калегі.
Сяргей Гоўша часта звяртаўся да мясцовых і рэспубліканскіх уладаў з прапановамі і заявамі, датычнымі розных актуальных пытанняў — свабоды мірных сходаў, свабоды слова. Праваабаронца няўрымсліва адстойваў права беларусаў на свободныя і празрыстыя выбары, шанаваў і абараняў беларускую мову.
Сяргей Гоўша неаднаразова звяртаўся з паведамленнямі ў
Камітэт па правах чалавека ААН, дзе ягоныя скаргі былі падтрыманыя і
разгледжаныя.
«За сваю праваабарончую дзейнасць спадар Гоўша пераследаваўся ўладамі, некалькі разоў затрымліваўся міліцыяй, і да апошняга дня заставаўся нязломным барацьбітом за агульначалавечыя каштоўнасці», — гаворыцца ў памінальным артыкуле «Вясны».