Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ васьмярых чалавек
У Беларусі палітвязнямі прызнаныя яшчэ 8 чалавек. Адпаведную заяву апублікавала «Вясна».
Палітвязнямі прызнаныя Аляксандр Мацяюк, Алег Баразна, Аляксандр Назаровіч,
Віталь Васільевіч, Аляксандр Мар'ясаў, Сяргей Лаўкайціс, Вадзім Цыкуноў і Дзмітрый Андрасюк.
Судом Чыгуначнага раёна Віцебска Аляксандр Мацяюк асуджаны да 9 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі паводле ч. 3 арт. 328 і арт. 332 КК са штрафам за незаконныя з мэтай збыту, набыццё, захоўванне і перавозку марыхуаны ў буйным памеры і ўтрыманні прытона для ўжывання наркатычных сродкаў. Абвінавачаны прызнаў віну часткова — у незаконных дзеяннях з наркатычным сродкам без мэты збыту і ў прадастаўленні памяшкання для ўжывання наркатычных сродкаў. Гэтым жа прысудам асуджаны да 2 гадоў і 3 месяцаў зняволення ў папраўчай калоніі за незаконныя дзеянні ў дачыненні да наркатычных сродкаў без мэты збыту Алег Баразна. Абодва асуджаныя з'яўляліся актывістамі ініцыятывы «Краіна для жыцця».
Бабруйскім судом Аляксандр Назаровіч,
Віталь Васілевіч і Аляксандр Мар'ясаў прызнаныя вінаватымі ў актыўным удзеле ў
групавых дзеяннях, што парушаюць грамадскі парадак, незаконных дзеяннях у дачыненні да прадметаў, паражаючыя ўласцівасці якіх заснаваныя на выкарыстанні
гаручых рэчываў, замаху на знішчэнне і пашкоджанне маёмасці агульнанебяспечным
спосабам, у асабліва буйным памеры, асабліва злосным хуліганстве за падпал рыззя
на чыгуначных шляхах, якія прывялі да затрымкі руху транспарту, выраб запальнай
прылады і яго выкарыстанне на даху металічнага кіёска «Табакерка», за
што ім паводле арт.арт. 342, 339, 295-1, ч.1 арт.14 і ч. 3 арт. 218 КК
прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 8 гадоў,
7,5 гадоў і 7,5 гадоў у папраўчай калоніі адпаведна.
Судом Жодзіна Сяргей Лаўкайціс асуджаны паводле ч. 3
арт. 339 КК за інспіраваны, як пішуць праваабаронцы, спецслужбамі ў межах аператыўнага эксперымента падпал металічнага кіёска «Табакерка», які пацягнуў за сабой шкоду
лакафарбаваму пакрыццю на суму 341 рубель.
Судом Чыгуначнага раёна Гомеля Вадзім Цыкуноў асуджаны за
выраб прадметаў, паражальныя ўласцівасці якіх заснаваныя на выкарыстанні
гаручых рэчываў, і выкарыстанне іх, у выніку чаго загарэўся ўчастак асфальта і
зямлі, паводле арт. 295-1 і ч. 3 арт. 339 КК да трох гадоў і шасці месяцаў
пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Адзначаецца, што абвінавачаны на этапе дасудовай
вытворчасці зазнаў катаванні.
Суд у Брэсце асудзіў Дзмітрыя Андрасюка паводле арт. 402 КК за адмову даць сведчанні ў якасці сведкі на судовым
пасяджэнні да трох месяцаў арышту (у цяперашні час накіраваны адбываць
пакаранне). Сваю адмову абвінавачаны растлумачыў адмовай суддзі прад'явіць яму
як дапытанаму сведку пасведчанне, мяркуючы, што права пераканацца ў
паўнамоцтвах суддзі наўпрост выцякае з палажэнняў арт. 72 Кодэкса аб
судаўладкаванні і статусе суддзяў.
На сёння ў Беларусі статус палітвязня маюць ужо 952 чалавекі.