Лісты за краты. Мяу, мур,мяў, мама, вяртайся хутчэй!
Па тым, хто за кратамі, сумуюць не толькі мамы-таты-сужонцы-дзеці-сябры. Вяртання палітвязняў дадому чакаюць і чатырохлапыя гадаванцы. Вось такі кранальны ліст напісаў муж Марфы Рабковай каханай ад імя іх ката Марфеўса.
Мяу, мур, мяў, мама! Ты там як?
Не перажывай за мяне і маю малодшую сястрычку, у нас усё добра. Ты, галоўнае, сама не сумуй і абавязкова кушай. Рабі зарадку, і я таксама буду. Я наогул фізкультуру люблю, ты ж ведаеш — асабліва бег з перашкодамі і скачкі ў даўжыню ды ў вышыню. Паехаў бы хоць сёння на алімпіяду, але татка не дазваляе трэніравацца дома. Ён часам лаецца на мяне, але гэта не са зла, за цябе хвалюецца. Часта сядзіць за сталом ля ўключанай лямпы і нешта мармыча сабе пад нос. Тады я пачынаю з ім таксама размаўляць, каб адцягнуць увагу. А яшчэ мы ўсе разам рыхтуем ежу па вечарах, асабліва я дапамагаю. Сяджу на крэсле і кантралюю, а таму атрымліваецца смачна. Але мне так не хапае таго, каб і ты была побач. Мама, мы цябе чакаем, хутчэй бы ты вярнулася!
А яшчэ мяне часам крыўдзяць вароны за акном, лётаюць і нешта крычаць. Напэўна, абзываюцца. Але я не маўчу, і адказваю ім з падваконніка. Нічога, яны ў мяне дачакаюцца! Учора адна такая глядзела з даху, так я яе прагнаў. Татка нават пагладзіў па галаве, цэніць мой клопат. І цябе цэніць, будзь упэўненая! Мама, вяртайся хутчэй!
*****
Марфа Рабкова – каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны", праваабаронца.
Была затрыманая разам з мужам Вадзімам Жаромскім вечарам 17 верасня і дастаўленая ў ГУБАЗіК. У яе кватэры быў праведзены ператрус, вынятая тэхніка, асабістыя грошы і рэчы. Пазней Вадзіма адпусцілі.
Марфе Рабковай паведамілі, што яна затрыманая ў межах крымінальнай справы па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці). Па гэтым артыкуле ёй і было прад'яўлена абвінавачванне.
19 верасня яе перавялі з ІЧУ ў СІЗА № 1 у г. Мінску.
6 студзеня за кратамі Марфа сустрэла свае 26-годдзе.
Вы можаце падтрымаць Марфу Рабкову лістом ці паштоўкай: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2