"Яго папракалі за частае слова «згода», а яе так не стае сёння беларусам!" Успаміны пра Шушкевіча
Сёння споўнілася б 90 гадоў Станіславу Шушкевічу — першаму кіраўніку незалежнай Беларусі, старшыні Вярхоўнага Савета з 1991 па 1994 год. Шушкевіч быў адным з тых, хто паклаў канец існаванню Савецкага Саюза, падпісаўшы ў 1991 годзе ў Віскулях разам з тагачаснымі прэзідэнтамі Расіі і Украіны Ельцыным і Краўчуком вядомыя «Белавежскія пагадненні».
Пры ім бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» сталі дзяржаўнымі, а Беларусь узяла курс на бяз’ядзерны статус. Потым Лукашэнка, стаўшы кіраўніком краіны, ганіў Шушкевіча за згоду на вывад ядзернай зброі.
Малавядомымі фактамі з біяграфіі выбітнага палітыка з «Новым Часам» дзеліцца яго былы штатны кансультант Людміла Класкоўская.
«Першым чынам ён запытаўся: "Беларускую мову добра ведаеце?"»
— Спадарыня Людміла, вы чатыры гады працавалі поруч са Станіславам Шушкевічам у Вярхоўным Савеце. Бачылі яго не толькі ў параднай атмасферы, а і ў розных нефармальных сітуацыях. Якім вам запомніўся першы кіраўнік незалежнай Беларусі?
— Найперш як вельмі добразычлівы, разумны, нестандартны чалавек. Не зашпілены на ўсе гузікі функцыянер, а жывы, цікавы, добры, мяккі, разважлівы, з глыбокім пачуццём гумару, сапраўдны патрыёт Беларусі.
Я была штатным кансультантам Станіслава Станіслававіча з 1991-га па 1994-год. Яго апарат быў зусім невялікі — у адрозненне ад цяперашняга лукашэнкаўскага. У ім працаваў і Валер Цапкала, але ён прыйшоў у каманду крыху пазней за мяне, адказваў за міжнародныя адносіны.
Людміла Класкоўская кажа, што гады працы з Шушкевічам сталі росквітам яе прафесійнай дзейнасці.
— Яны выпалі на вельмі цікавы гістарычны час: віскулёўскія пагадненні, стварэнне незалежнай Беларусі, прыезд тагачаснага прэзідэнта Амерыкі Біла Клінтана, бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», уздым беларушчыны.
Калі я прыйшла ўладкоўвацца да яго кансультантам, першым чынам Шушкевіч запытаўся: «Беларускую мову добра ведаеце? Бо вам давядзецца часцей працаваць з беларускім словам».
Я адказала станоўча, дадаўшы, што беларускую мову вывучала ў вясковай школе з першага класа.
Мы бачыліся амаль кожны дзень. У апараце я паміж іншым адказвала і за яго асабістую пошту, рыхтавала тэзісы выступаў Шушкевіча, штодзённа знаёміла яго з медыядайджэстам.
Станіслаў Станіслававіч заўсёды казаў нам: «Ніколі не выкарыстоўваеце сваё службовае становішча для вырашэння ўласных праблем. Калі даведаюся, што такое адбылося… Лепей адразу самі звальняйцеся».
Калі я заходзіла ў яго прыёмную, там сядзеў сакратар і дзяжурылі два супрацоўнікі КДБ. Калі Шушкевіч быў вольны, яны ківалі галавой і я без аніякіх папярэдніх дамоўленасцяў заходзіла да яго ў кабінет. У якім бы стане ні быў Шушкевіч — альбо стомлены пасля сесіі альбо яшчэ штосьці, ён заўсёды добразычліва ўсміхаўся, вітаўся і запытваў: «Ну што ў вас? Якія весткі вы мне прынеслі?» Станіслаў Станіслававіч заўжды звяртаўся і да мяне, і да ўсіх іншых супрацоўнікаў выключна на «вы».
Пры гэтым ён прасіў даваць толькі факты, без лішніх уводзінаў.
«Амаль заўсёды выступаў экспромтам»
— Неяк ён папрасіў мяне накідаць тэзісы выступу да чарговага афіцыйнага мерапрыемства. Дарэчы, асноўныя думкі ён заўсёды даваў мне сам. Дык вось, я напісала тэкст, а калі Шушкевіч выйшаў на сцэну, то адклаў маю паперу ўбок і пачаў казаць экспромтам. Я спачатку трохі пакрыўдзілася, але калі пачала яго слухаць — наколькі ўпэўнена, трапна ён гаворыць — адразу забылася пра свае «крыўды».
— А ўвогуле ці часта Станіслаў Станіслававіч выступаў экспромтам?
— Амаль што заўсёды.
У той час на беларускім тэлебачанні пачалася серыя выступаў Шушкевіча ў фармаце прамой лініі з адказамі на вострыя пытанні, што найбольш хвалявалі беларусаў. Гэта быў жывы эфір. Доўга шукалі вядоўцу і знайшлі яго ў асобе тагачаснага намесніка галоўнага рэдактара «Народнай газеты», майго былога мужа Аляксандра Класкоўскага. Дык вось, Шушкевіч да гэтых эфіраў ніколі не рыхтаваўся, на ўсе пытанні адказваў экспромтам, вострых пытанняў не баяўся, быў вельмі адкрыты, шчыры. Мы, яго каманда, часам рыхтавалі для яго тыя ці іншыя тэзісы, але ён рэдка імі карыстаўся.
— А як было з пачуццём гумару ў першага кіраўніка незалежнай Беларусі?
— І з гумарам было ўсё ў парадку. Гэта асабліва праяўлялася ў нефармальнай абстаноўцы.
Неяк перад жывым эфірам на БТ грымёры надзелі на Станіслава Станіслававіча і вядоўцу фартухі ў гарошак — каб пудра ад грыму не запэцкала вопратку. Шушкевіч паглядзеў на сябе ў люстэрка, засмяяўся і прапанаваў пайсці ў такім выглядзе ў студыю, каб трохі павесяліць народ.
Фартухі, вядома, давялося зняць, але ў эфіры яны з’явіліся ў добрым гуморы.
Ці такі факт. Неяк на адным з прыёмаў я павіталася з Шушкевічам і прызналася: «Нічога не ела ад раніцы». Ён усміхнуўся і адказаў: «А я дык ад раніцы нічога не піў».
Узгадваю яшчэ адзін эпізод. Падчас сустрэчы з выбаршчыкамі ў 1994 годзе ў Бялынічах з залы паступіла пытанне: «Ці праўда, Станіслаў Станіслававіч, што ў вас было дзве жонкі?» Шушкевіч шырока ўсміхнуўся і адказаў: «Так. А чаму б у добрага чалавека не можа быць дзве жонкі?»
Дарэчы, наконт алкаголю. Злыя языкі сцвярджалі, што Шушкевіч, Ельцын і Краўчук у Віскулях развалілі Савецкі Саюз, напіўшыся каньяку. Насамрэч тры кіраўнікі чыста сімвалічна ўзнялі па келіху толькі пасля таго, як былі падпісаныя знакамітыя пагадненні. Увогуле я ніколі не бачыла Шушкевіча на вялікім падпітку.
— А ці была ў Станіслава Станіслававіча якая-небудзь мянушка ў Вярхоўным Савеце?
— Наконт усяго ВС не ведаю, але паміж сабой мы называлі яго «Шуш». Некаторыя звалі яго «Дзедам» — таксама за спінай, вядома. Хаця ну які Станіслаў Станіслававіч тады быў дзед? На момант адстаўкі яму было ўсяго шэсцьдзесят гадоў.
«Лукашэнка сказаў мне: "Я стану прэзідэнтам"»
Суразмоўца згадвае, што менавіта пад уплывам жывых эфіраў на БТ у яе і былога мужа Аляксандра нарадзілася ідэя напісаць кнігу пра першага кіраўніка незалежнай Беларусі. Біяграфічнае выданне выйшла пад назвай «Станіслаў Шушкевіч. Пуцявіна лёсу».
— Я тады працавала з архівамі КДБ — збірала інфармацыю пра рэпрэсаванага ў трыццатых гадах паэта Станіслава Пятровіча Шушкевіча, бацьку будучага старшыні Вярхоўнага Савета.
Чытала пажоўклыя старонкі архіўных дакументаў і жахалася маштабам сталінскіх рэпрэсій, таму, як нават з простых непісьменных сялян карнікі выбівалі «патрэбныя паказанні» — прымушалі сведчыць супраць сябе, прызнавацца, што тыя збіраліся скідаць савецкую ўладу, былі шпіёнамі замежных дзяржаў. З абсалютна невінаватых рабілі «ворагаў народу».
Я ўпэўненая, што пры такім чалавеку, як Станіслаў Шушкевіч, сваякі якога прайшлі праз сталінскае пекла рэпрэсій, ніколі б не адбылося тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Калі нашыя дзеці і ўнукі за свае погляды трапляюць за краты і праходзяць праз катаванні і пакуты, а пасля вымушаныя яшчэ збягаць з краіны.
Дарэчы, на працягу ўсяго кіравання Шушкевіча тысячы людзей дасылалі яму лісты і тэлеграмы падтрымкі. Як з Беларусі, так і з усяго свету. Ужо тады многія беларусы выступалі супраць вайсковага саюзу з Расіяй, за суверэнітэт, прасілі Шушкевіча адстойваць нацыянальныя інтарэсы і не паддавацца камуністычнай большасці, што сядзела ў парламенце.
Адзін мінчанін зазначыў у лісце: «Крый божа, каб мае нашчадкі пісалі гэтак у сваіх аўтабіяграфіях: «Мой дзядуля жыў у часова незалежнай Беларусі». Допіс 93-га году, але наколькі актуальны сёння!
Шушкевічу пісалі цэлымі сем’ямі. Падтрымлівалі, зычылі здароўя, выказвалі падзяку за прыезд Клінтана ў Беларусь. «Вы былі і застаецеся гонарам і сумленнем беларускай нацыі», — напісала адна сям’я з Глыбокага.
— Не магу не запытацца, ці сустракаліся вы ў Вярхоўным Савеце з тады яшчэ дэпутатам Аляксандрам Лукашэнкам?
— Безумоўна. Яшчэ задоўга да таго, як ён стаў прэзідэнтам. Я адразу зразумела, хто перада мной, і падумала: крый божа, каб гэты калі-небудзь дарваўся да ўлады.
Між тым трэба прызнаць, што прага да ўлады ў яго каласальная. Узгадваю 94-ы год, я стварыла ў газеце «Добры вечар», дзе тады працавала, рубрыку «Дыялог з кандыдатам: ні слова пра палітыку». Каманда Лукашэнкі адгукнулася першай. Самі звязаліся са мной, прапанавалі зрабіць з Лукашэнкам інтэрв’ю.
Размова была доўгай. Лукашэнка пазбягаў пытанняў пра бацьку. Сказаў, што не памятае яго. Я запыталася таксама: «Калі не станеце прэзідэнтам, чым будзеце займацца далей?» Той адказаў: «Я думаю, што выйграю ўжо першы тур».
Прыканцы Лукашэнка сказаў, што мусіць вычытаць тэкст перад публікацыяй. Як цяпер памятаю, загаловак артыкула быў: «Я чалавек даверлівы, не ўмею піць і люблю, калі мне кажуць «дзякуй».
Я б не хацела асабліва развіваць гэтую тэму, бо сёння мы гаворым пра зусім іншага чалавека, вялікага і шчырага беларуса Станіслава Шушкевіча.
— З кім яшчэ з вядомых палітыкаў вы пазнаёміліся падчас працы ў Вярхоўным Савеце? Якімі запомнілі гэтых людзей?
— З Захаранкам, Ганчаром, Карпенкам, Булахавым. Апошняга супрацоўніцы і журналісткі паміж сабой называлі «беларускім Аленам Дэлонам». Захаранкам таксама ўсе захапляліся. Высокі, статны, прыгожы, калі заходзіў у залу, усе паварочвалі галовы ў яго бок…
Сустракалася ў Вярхоўным Савеце і з Нілам Гілевічам, які ў той час узначальваў камісію па адукацыі, культуры і захаванню гістарычнай спадчыны. З Анатолем Вярцінскім — тады намеснікам старшыні камісіі па пытаннях галоснасці, СМІ і правоў і чалавека. Багата было сустрэч з выдатнымі людзьмі.
«Скінуў Стася з-за цвіка…»
— Хто-кольвек з апанентаў папракаў Шушкевіча за яго «мяккацеласць», залішнюю памяркоўнасць. Маўляў, занадта інтэлігентны для такой пасады. Пастфактум казалі, што яму не хапіла цвёрдасці, каб пераламаць тагачасную сітуацыю ў Беларусі і захаваць дэмакратыю…
— Ну так, яшчэ і пасмейваліся з ягонага ўлюбёнага слоўца «згода», якое ён часта паўтараў на пасяджэннях. Але вось менавіта гэтай талерантнасці, жадання знайсці кампраміс, той самай згоды так катастрафічна не стае сённяшняму беларускаму грамадству.
І тады на Шушкевіча нападалі з розных бакоў — як старая савецкая наменклатура, так і апазіцыя БНФ.
Алею ў агонь падліў у снежні 93-га Лукашэнка, тагачасны старшыня часовай антыкарупцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета, які з трыбуны парламента абвінаваціў Шушкевіча ў перавышэнні ўлады і карупцыі. Неўзабаве, у студзені 1994-га, большасць Вярхоўнага Савета прагаласавала за адстаўку Шушкевіча з пасады спікера.
Лукашэнка сцвярджаў, што Шушкевіч нібыта скраў скрыню цвікоў для пабудовы лецішча.
Нехта тады прыдумаў трапную прыпеўку:
Аляксандр Лукашэнка — беларускае ЧК
Мільярды правароніў,
Скінуў Стася з-за цвіка.
Дарэчы, я не аднойчы была на лецішчы ў Станіслава Шушкевіча. Там амаль што ўсё зроблена яго рукамі, побыт вельмі сціплы, але ўтульны. У гэтым магла ўпэўніцца і расійская здымачная група, якая прыехала на лецішча да Станіслава Станіслававіча, здымала пра яго фільм. Памятаю, як Шушкевіч частаваў іх гарбатай і казаў, што набыў яе ў буфеце Вярхоўнага Савета. Пасля дадаў, што амаль увесь яго заробак ідзе на лецішча, а жывуць Шушкевічы на заробак жонкі Ірыны.
Станіслаў Станіслававіч вельмі любіў сваю сям’ю, быў выдатным, клапатлівым сем’янінам — не аднойчы ў гэтым пераканалася.
Гэта праўда, што ён быў вельмі сціплым, мяккім і ў чымсьці нерашучым чалавекам. Калі, напрыклад, я прыносіла яму на подпіс ліст да якога-небудзь старшыні выканкама, Шушкевіч браў яго ў рукі і ўважліва чытаў, уносіў праўкі. У арыгінале, складзеным мною, было напісана: «Патрабую ад вас у найбліжэйшы час…» Шушкевіч гэта закрэсліваў і пісаў: «Я прасіў бы вас».
Калі я пярэчыла, Станіслаў Станіслававіч казаў: «Не падбухторвайце мяне да супрацьпраўных дзеянняў».
Ці такі вось, напрыклад, выпадак. Прыходжу да Шушкевіча, яго няма на месцы, кажуць, што яму патэлефанаваў Вячаслаў Кебіч (старшыня Савета Міністраў Беларусі ў 1990–1994 гадах. — А.В.), пэўна, пайшоў да яго. А не наадварот, разумееце?
Лістапад 1992. Барысаў
— Шушкевіч цяжка перажываў сыход з пасады?
— Ён не паказваў выгляду, стараўся трымацца, але было бачна, як яму гэта даецца. Шушкевіч сабраў нас і сказаў: «Сёння мяне зноў будуць здымаць. Пэўна, назаўсёды. Галасы, якіх не хапіла ў першы раз, ужо «знайшліся». Папрасіў нас не хвалявацца, таксама сказаў, што калі нам патрэбная будзе дапамога ў працаўладкаванні, ён пастараецца дапамагчы.
Мы запыталіся: «А што будзеце рабіць вы?» Станіслаў Станіслававіч адказаў: «Напэўна, паеду на лецішча. Я шалёна стаміўся».
Калі Шушкевіча ўсё ж знялі з пасады, па асабістым жаданні звольнілася і я.
Мы працягвалі падтрымліваць адносіны. Я віншавала яго з усімі святамі, днямі народзінаў. Але калі ён ужо пачуваўся слабым, хварэў, да тэлефона падыходзіла жонка Ірына і перадавала Станіславу Станіслававічу мае віншаванні.
Шушкевіч у апошні перыяд жыцця часта скардзіўся на боль у нагах, казаў, што цяжка хадзіць. Але пры гэтым стараўся як мага болей хадзіць па пакоі і лічыць крокі.
Калі я даведалася пра смерць Станіслава Станіслававіча, унутры ўсё абарвалася. Беларусь згубіла аднаго з найлепшых сваіх сыноў.
Мне вельмі крыўдна, што яго пахавалі на Паўночных могілках, а не Маскоўскіх, як таго ж Машэрава. Хіба першы кіраўнік незалежнай Беларусі не заслужыў, каб яго памяць належным чынам уганаравалі?
Я ўдзячная лёсу, што ў свой час працавала побач з такім выбітным чалавекам, як Станіслаў Шушкевіч. Светлая памяць!
Фота з асабістага архіву Людмілы Класкоўскай