«Я трываю, але плачу». Аляксандру Кулінковічу — 52

Падчас татальнай забароны і знішчэння ўсяго чалавечага немагчыма забараніць і знішчыць толькі памяць. Няхай пакуль мы не можам сустракацца, як падчас яшчэ не так даўно традыцыйных канцэртаў, але ж «вялікая сям’я» дзядзькі Сашы нікуды не знікла. Можа, толькі больш растусавалася па свеце.

aljaksandr_kulinkovicz_nejra_dzjubel_novy_czas4_logo.jpg


Сёння мы ў чарговы раз прыгадаем Сашу. Хтосьці даедзе да ягонага апошняга прытулку, пастаіць, пагаманіць з ім, распавядзе пра штосьці сваё, чым можна падзяліцца толькі з самым блізкім чалавекам. У размовах з сябрамі апошнім часам часта гучыць: «Можа, і добра, што Саша да гэтага ўсяго не дажыў».

aljaksandr_kulinkovicz_nejra_dzjubel_novy_czas9_logo.jpg


Насамрэч, зараз вельмі цяжкія часы для творчых людзей. Тыя, хто не жадае хлусіць і выдаваць чорнае за белае, падвяргаюцца пераследу, вымушаны з’язджаць альбо сядзець у турме. Для творчай асобы немагчымасць даносіць да людзей свае творы — найгоршае, што можа быць. Ствараць «у стол» і чакаць лепшых часоў досыць цяжка. Праз гэта, канешне, пагаршаецца здароўе і адна за адной накрываюць моцныя дэпрэсіі, якія пераадолець даволі цяжка.

aljaksandr_kulinkovicz_nejra_dzjubel_novy_czas7_logo.jpg


Кожны канцэрт, кожная сустрэча са сваімі слухачамі і фанатамі для дзядзькі Сашы, які і для ўсіх музыкаў, былі святам. Кожны раз ён выкладваўся на сцэне на 110 адсоткаў, і не істотна было — ці гэта невялічкі клуб «Графіці», ці вялікі фэст з тысячамі гледачоў. Амаль з першай песні «Нейра Дзюбель» слухачы нейкім цудоўным чынам станавіліся адзіным цэлым і вылучалі неверагодную энергію.

aljaksandr_kulinkovicz_nejra_dzjubel_novy_czas11_logo.jpg


Саша вельмі не любіў, калі што-небудзь забаранялі. Нават калі напрыканцы 2016 года ў Мінску забаранілі канцэрт гурта «Бутырка», ён досыць эмацыйна гэтым абураўся: «Не падабаецца? Не слухай, не хадзі, не глядзі!... Музыкі дораць ілюзію. Ты на Канарах, ты ў турме, пра маму, гэтая дрэнная жанчына цябе кінула, а ты намачыў манту, і табе кранты... Мы, музыкі, можам пагрузіць вас у тое, чаго вы не хочаце ці не можаце перажыць рэальна. І ў мора з чайкамі, і ў цэнтрал, мы можам пагрузіць вас у трагедыю на Нямізе... Не замінайце! Мы самі разбяромся са сваімі сябрамі, з нашай публікай. У межах Канстытуцыі. Якая таксама ілюзорная і якую пераехала камбайнам».


Так, сёння ў Мінску не будзе звычайнага канцэрта на дзень народзінаў дзядзькі Сашы, як не было ўжо даўно цікавых і ўразлівых канцэртаў розных нашых гуртоў і спевакоў. Цётачкі з начосамі і дзядзечкі з наступствамі чарговага праслухвання сясцёр Груздзевых на тварах упарта працягваюць вызначаць лёс таго, што ім не належыць. Спрачацца з імі і нешта даказваць не мае ніякага сэнсу.
Захоўваем сваё самі.
«Вось струнаў спеў,I смыка напеў,I — пад ветрам — верасу звон.I ўсё гэта — мы:Наша радасць i гнеў,Наш спрадвечны, халодны агонь».
 А. М. Кулінковіч «Скрыпка Дрыгвы»