Гісторыя аднаго кахання

Яны пражылі разам 55 гадоў. Аднойчы з ім здарыўся інфаркт — сэрца стаяла чатыры хвіліны, яго ледзь выратавалі. І адразу пасля аперацыі ён даў вялікае інтэрв’ю пра сваё юначае каханне, якое пранёс праз усё жыццё…



z_julijaj_yakauleunaj_3_logo.jpg

Юлія Якаўлеўна і Генадзь Мікалаевіч Бураўкін

Яго звалі — Генадзь Бураўкін, яе — Юля...

Ішоў красавік 2009 года. Генадзю Бураўкіну, які ледзь не памёр прама ў Міністэрстве юстыцыі падчас абмеркавання пытання ліквідацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў, праз год пасля інфаркту зрабілі аперацыю на сэрцы — шунціраванне, і па першым часе ён нават шкадаваў, што пагадзіўся на гэтую аперацыю. Ён сам тады патэлефанаваў з бальніцы — сказаў, што 9 мая будзе 50 гадоў, як яны з Юліяй Якаўлеўнай разам. Дадаў, што быў бы рады, каб я напісаў нешта з гэтай нагоды. Нават будучы ў цяжкім стане, Генадзь Мікалаевіч не мог не сказаць колькі слоў пра сваю сям’ю, не мог яшчэ раз не прызнацца ў каханні да той, якая праз усё жыццё была побач. Вядома, я адразу сабраўся ў бальніцу да Бураўкіна…

— Пачыналася гэта ўсё 9 траўня 1959 года, калі, кажучы афіцыйнай мовай, мы з Юляй распісаліся. Паколькі ў нашых бацькоў не было сродкаў наладжваць з гэтай нагоды ўрачыстасці, вяселле зрабіў філфак: мой пяты курс аддзялення журналістыкі і Юлін трэці курс беларускага аддзялення. Вяселле было шумнае, вясёлае, студэнцкае. Святкавалі ў сталоўцы ўніверсітэта — у падвале пад біякорпусам. Асабіста мне запомнілася ванна, поўная вінегрэту — яго згатавалі Юліны дзяўчаты — які быў з’едзены яшчэ да перапынку… Тады ж па свежых слядах Сеня Блатун напісаў цэлую паэму пад «Тарнаса на Парнасе». Яе пасля перадавалі з вуснаў у вусны. Нават не ведаю, ці захавалася яна дзе ў пісьмовым выглядзе. Памятаю адтуль радкі:

Народ усё быў нетакоўскі:

Сам Ніл Гілевіч, Матукоўскі…

— Значыцца, Гілевіч і Матукоўскі таксама былі вашымі гасцямі?

— Так, быў Ніл, з якім мы сябравалі, быў і Мікалай — мой самы даўні і самы блізкі сябра. Таксама як і былі Рыгор Барадулін і Вася Зуёнак.

— Але з чаго ўсё пачалося? Калі вы ўпершыню звярнулі ўвагу на будучую сваю жонку?

— У студэнцкім буфеце. Я тады быў на трэцім курсе, а Юля прыйшла на першы. Падчас перапынкаў паміж заняткамі мы бегалі ў буфет перакусіць — звычайна бутэлькай кефіру і батонам. Памятаю, як убачыў у чарзе не знаёмую мне дзяўчыну, якая мне адразу спадабалася. А пазнаёміліся мы пазней — калі яна прыйшла ў тэатральны калектыў універсітэта, дзе я ўжо ўдзельнічаў.

— Былі вядучым акцёрам?

— Вядучымі акцёрамі там былі Ігар Дабралюбаў, які вучыўся на пятым курсе, і Лёва Тамільчык, цяперашні акадэмік. Ну, а я быў таксама на прыкметных ролях. Наш універсітэцкі калектыў лічыўся адным з лепшых самадзейных тэатральных калектываў… Вось тады і завязаліся нашы з Юляй узаемаадносіны, што прывялі да маладога, прыгожага і рамантычнага студэнцкага кахання, якое вылілася ў вяселле.

Дарэчы, я і тады захварэў, але на туберкулёз. У палаце было чалавек трыццаць ці сорак, дык мае суседзі былі перакананыя, што Юля, якая часта прыходзіла да мяне, мая сястра. Яны не маглі ўявіць, што сімпатычная маладая дзяўчына ходзіць да туберкулёзніка, вось і вырашылі, што яна — сястра… Я вельмі ўдзячны, што ў самыя цяжкія моманты, якія ў мяне былі, яна заўсёды была побач.

— А дзе вы сталі жыць, як сыгралі вяселле?

— На прыватнай кватэры. Хоць на мяне і была заяўка з рэдакцыі віцебскай абласной газеты — ажно на загадчыка аддзела культуры. Для выпускніка гэта ого якая вышыня! Тым больш што і зарплата адпаведная, і з кватэрай рэдактар абяцаў вырашыць пытанне. Але мы з Юляй параіліся — і вырашылі застацца ў Мінску. Па-першае, мне трэба было працягваць лячэнне, але галоўным было тое, што Юлі давялося б пераводзіцца на завочнае аддзяленне, дабаўляўся б яшчэ год вучобы.

44_logo.jpg

Юлія Якаўлеўна і Генадзь Мікалаевіч Бураўкін

— Вы вось узгадалі Рыгора Барадуліна — дзіўна так атрымліваецца, што і ён, і вы былі жанатыя толькі аднойчы, што вернасць юначаму каханню абодва пранеслі праз усё жыццё.

— Канешне, я ў гэтым сэнсе старамодны — так цяпер рэдка бывае, але ў мяне няма ніякага шкадавання. Наадварот… Што ж тычыцца Рыгора, дык да жаніцьбы ён пасля часта да нас прыходзіў. Зарабляючы нейкую капейчыну, мы пісалі ўсялякія перадачы на радыё. У тым ліку напісалі тады песню, якую цяпер спявае Зміцер Вайцюшкевіч:

Я па броду крочу

Днём і ноччу

З чувіхаю

І цыгаркай яркай

Проста ў вочы

Ёй пыхкаю…

Пасля наша кватэра, ужо «ўласная» і больш прасторная, стала «сваёй» не толькі для Рыгора. Яна ўвесь час была гасціннай для многіх нашых сяброў: і для Васіля Быкава, і для Ніла Гілевіча, і для Пятра Клімука, Валодзі Кавалёнка. Заўсёды дарагімі і жаданымі гасцямі былі Ігар Шклярэўскі з Масквы і Павел Боцу і Лівіу Даміян з Малдавіі — царства ім нябеснае, а таксама Іван Драч, Дзмітро Паўлычка, Барыс Алейнік, Раман Лубкіўскі і выдатнейшы і любімейшы на Украіне кампазітар Сашко Білаш. Не кажу ўжо пра нашых знакамітых мастакоў Леаніда Шчамялёва, Гаўрылу Вашчанку, Аляксея Марачкіна, братоў-пісьменнікаў Валянціна Болтача, Віктара Казько, Сяргея Законнікава… І, канешне, у гэтым заслуга перш за ўсё Юлі, бо яна была не толькі шчодрай гаспадыняй, але і нашым аднадумцам, чалавекам, блізкім да таго, чым мы жылі, за што хваляваліся, за што змагаліся. І, можа, таму ў нас такі доўгі ўзаемны саюз — у нас адносіны асоб, блізкіх па перакананнях і маральных прынцыпах. Для мяне заўсёды было вялікай радасцю, што вельмі дарагія і важныя для мяне госці «прымалі» не толькі мяне, але і Юлю, і нашых дзяцей — сына Лёшу і дачку Свету.

— Генадзь Мікалаевіч, а ці часта вы прысвячалі сваёй жонцы вершы?

— Адзін з першых я ўключаю ва ўсе кніжкі, бо ён мне здаецца адным з маіх, як кажуць, фірменных — гэта «Юнацтва сінія арэлі»:

Яны прыглушана рыпелі

Сярод старых кашлатых ліп.

Мы тыя сінія арэлі

Зламаць нікому не далі б…

Ну, а што тычыцца астатніх… Калі выйшла кніга «Чытаю тайнапіс вачэй... Вершы пра каханне», многія пыталіся: няўжо ўсе вершы прысвечаныя Юлі? Я звычайна адказваў: не трэба ўжо так сцвярджаць, што ўсе да аднаго, але практычна ў кожным з іх Юля прысутнічае.

— Здаецца, быў у вас яшчэ адзін верш, які вы напісалі раней за «Юнацтва сінія арэлі», калі нежанаты былі…

— Калі мы з Рыгорам Барадуліным яшчэ вучыліся, дык самы яго славуты верш быў «Кухня Насці», які ён прывёз з цаліны, а мой — «Зноў пабачыў цябе…»:

Цэлы тыдзень хадзіў я прыгнечаным,

Не гулялася, не спявалася.

Кожнай раніцай,

Кожным вечарам

Сэрцу нечага не ставала ўсё.

А сягоння

Зусім няпрошана,

Нечакана, неспадзявана я

Зноў убачыў цябе,

Харошая,

Дарагая,

Нецалаваная.

І гатоў салаўём заліцца я

На лады, на калены розныя,

Каб дзівілася нават міліцыя,

Што такімі бываюць цвярозыя.

І нясу, каханнем асвечаны,

Па вясновай зямлі сэрца гром-біццё.

Паглядзяць на мяне сустрэчныя —

І таксама шчаслівымі робяцца.

І магу я звярнуць нават гор хрыбты —

Сіла рвецца з грудзей нечуваная…

Ты ж пайшла.

І нічога не ведаеш ты,

Дарагая,

Нецалаваная…

Пасля мне расказвалі, што калі я ішоў па ўніверсітэце, дык дзяўчаты казалі адна адной: «Вунь пайшоў «дарагая, нецалаваная»!»… Быў малады, закаханы. І калі не было прысвячэння Юлі, дык усё роўна гэта былі вершы, прысвечаныя ёй.

— А чаму не ставілі прысвячэнняў?

— У той час гэта было не надта прынята. Нават калі пазней я захацеў прысвяціць Юлі кнігу «Пяшчота», дык высокае начальства з Камітэта па друку зняло прысвячэнне.

— Дарэчы, Юлія Якаўлеўна расказала, што гэта яна падштурхнула вас да напісання «Пяшчоты», гаварыла, у прыватнасці: «Генадзь заўсёды пісаў вершы пра каханне, але яны былі раскіданыя па розных кнігах, пакуль я аднойчы не прымусіла яго напісаць цэлую кніжку такіх вершаў.«Зрабі зборнік, — прасіла я, — пакуль яшчэ свежае ў цябе гэтае пачуццё…» І калі раней яго называлі выключна грамадзянскім паэтам, дык цяпер аказалася, што ён яшчэ і тонкі лірык».

— Мабыць, так. Хоць я і сам пра такую кнігу думаў. Гэта ж была пара «брэжнеўскай публіцыстыкі» ў паэзіі. І вось якраз у той час мой сябра Дзмітро Паўлычка выдаў цэлую кніжку пра каханне — «Таямніцы твайго аблічча». Яна мне вельмі спадабалася, і я вырашыў, так бы мовіць, падхапіць ініцыятыву і такім чынам, падахвочаны Дзмітром і Юляй, склаў «Пяшчоту». Дарэчы, спадзяваўся, што кніжка мая нейкім чынам падахвоціць і сяброў — таго ж Рыгора Барадуліна, Янку Сіпакова — напісаць нешта падобнае. Я ж бачыў, што ў той паэтычна-публіцыстычнай тарабаршчыне, якая тады ўсё запаланіла і ў якой і мы часамі прымалі ўдзел, страчваецца ўвага і павага да паэзіі, а інтымнай лірыкай гэтую ўвагу і павагу можна заваяваць. Маладосць ёсць маладосць, юнакам патрэбныя, акрамя ўсяго іншага, вершы пра каханне… Мой сябра расказваў, як ён ачмураў сваю дзяўчыну маімі вершамі, не прызнаючыся, што гэта не ягоныя вершы… Улады прыходзяць і адыходзяць, а каханне было і будзе. І вершы пра каханне таксама застануцца, калі яны, канешне, таленавітыя. Ну, а хто натхняе на такія вершы? — дзяўчаты і жанчыны. Мой першы натхняльнік — Юля.

Фота з асабістага архіва Бураўкіных