Французскі след Тэадора Нарбута
Тэадор Нарбут — адзін з найбольш заўважных дзеячаў беларускай гістарычнай навукі першай паловы ХІХ стагоддзя. Ён пакінуў значны след у археалогіі, археаграфіі, фалькларыстыцы і музейнай справе. Аднак яго навуковы ўнёсак, на жаль, нельга назваць бездакорным
Апаненты небеспадстаўна папракалі Нарбута ў фальсіфікацыях і вельмі вольным выкарыстанні гістарычных фактаў. Тым не менш забываць гэту выбітную постаць першай паловы ХІХ стагоддзя было б злачынствам. Дзень нараджэння Нарбута (1784–1864 гг.), які па старым стылі прыпадае на 28 кастрычніка (ці на 8 лістапада па новым стылі) у чарговы раз падштурхоўвае нас да рэфлексіі аб яго творчай спадчыне і таямніцах біяграфіі. А наступны, 2019 год наогул мусіць прайсці пад знакам Нарбута — спаўняецца 235 гадоў з дня яго нараджэння!
У біяграфіі, як і ў творчай спадчыне Тэадора Нарбута, шмат неверагодных і часам фантастычных дэталяў. Чаго толькі вартая адна гісторыя са знаходкай і публікацыяй «Баркулабаўскага летапісу». Але асабіста мяне заўжды інтрыгаваў эпізод яго знікнення ў 1812 годзе.
Здзіўляла, што біяграфія настолькі папулярнай асобы фактычна мае белую пляму ў такі вырашальны для лёсу Радзімы год. Што рабіў Нарбут у 1812 годзе? Неаспрэчны факт, што ён кінуў вайсковую кар’еру і выйшаў у адстаўку якраз напярэдадні вайны ў чыне штабс-капітана расійскага войска. Што было далей? Алесь Ненадавец у біяграфіі Нарбута (Серыя «100 выдатных дзеячаў», 2014 год) асцярожна абыходзіць гэта пытанне, намякаючы на прафранцузскія настроі навукоўца: «Зразумела, сказаліся раны, кантузія, хваробы, але нельга забывацца і пра тое, што Нарбут чакаў ад хуткай вайны не перамогі рускіх войскаў, а здзяйснення абяцанняў Напалеона, паводле якіх тэрыторыя сучаснай Беларусі павінна была вярнуцца ў межы Рэчы Паспалітай да першага падзелу ў 1772 годзе». У іншай біяграфіі Нарбута, якая належыць Кастусю Тарасаву, чытаем больш інтрыгуючую версію. Дакладней, версіі.
Прапаноўваюцца тры магчымыя сцэнары падзей. Першы прадугледжваў, што Нарбут ціха перабыў лета-восень 1812 года ў сваім маёнтку Шаўры на Лідчыне. Другі, больш цікавы, накіроўваў яго зноў на службу ў расійскую армію. («…вайну 1812 года ён сустрэў у Вільні, знаходзячыся пры двары імператара Аляксандра, і быццам бы ўдзельнічаў у вайне з Напалеонам у шэрагах расійскай арміі, і нават атрымаў за гэта медаль. У якой арміі, у якім палку якой дывізіі ці пры якім штабе — невядома»).
Апошняя, трэцяя версія, найбольш шматабяцальная. Паводле яе Нарбут далучыўся да Вялікага Войска ў Вільні і служыў перакладчыкам пры штабе генерала Жана-Клода Маро (1755–1828). Пасля паразы Банапарта Нарбут не эміграваў, а застаўся дома нелегальна, пакуль не дачакаўся амністыі ў 1815 годзе. Адназначны адказ пра 1812 год у жыцці Нарбута мог бы даць сам герой, але ён, на жаль, ніколі не выказваўся на гэту тэму адназначна і дэталёва.
Сапраўды, тры агучаныя версіі ўвесь час перадрукоўваюцца і множацца ў польска-, беларуска- і рускамоўных крыніцах. Верагоднасць удзелу Нарбута ў вайне на баку Напалеона не пацвярджаецца дакументальна. Канешне, французы маглі мець вялікую цікаўнасць да ваеннага інжынера, які ў свой час праектаваў і, адпаведна, ведаў усё пра Бабруйскую крэпасць. А яе падчас вайны трымалі ў аблозе і не маглі ўзяць атрады польскага генерала Яна Дамброўскага. Патрыятычныя матывы таксама маглі падштурхнуць Нарбута да актыўных захадаў у 1812 годзе (прыгадаем яго пазіцыю падчас паўстанняў 1830–1831 і 1863–1864 гадоў).
Летась я паспрабаваў знайсці ўласны адказ пра дэталі 1812 года ў жыцці Нарбута, падчас працы ў Ваенным, а пасля і ў Нацыянальным архіве Францыі. Шанец адшукаць згадку пра чальца штабу французскага генерала быў сапраўды даволі вялікі, бо справаводства ў напалеонаўскім войску працавала дакладна, як механізм гадзінніку. Ды марна. Пошук Нарбута ў атачэнні генерал Маро не даў выніку. Безумоўна, гэта не абвяргае гіпотэзу, бо ў архіўных пошуках нельга спадзявацца на хуткі вынік.
Нечаканым французскім следам Нарбута стаў план Вільні ў картаграфічнай калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі Францыі («Plantopographique de Vilna» (D1803)). Пра аўтарства сведчыць подпіс «намалявана Т. Нарбутам» («dessinépar T. Narbouth)». Каб упэўніцца ў аўтарстве плана Вільні, варта параўнаць гэты подпіс з аўтографам на кнізе, што захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Зірніце самі! Розніца ў напісанні прозвішча палягае ў французскай перадачы гучання слова. Але вось напісанне і нахіл літар, і, галоўнае, вензель — яны красамоўна сведчаць пра руку аднаго чалавека.
Аўтограф Т. Нарбута з фонду НББ. Подпіс «памалявана Т. Нарбутам» («dessinépar T. Narbouth)»
Іншая справа, што наяўнасць у французскім кнігазборы плана Вільні не з’яўляецца доказам яго ўдзелу ў вайне. Было безліч іншых магчымасцяў для з’яўлення малюнка ў Парыжы. Тым не менш, план Вільні рукі нашага вядомага інжынера і гісторыка варты пільнай увагі даследчыкаў. Нагадаем, што Нарбут паводле ваеннай адукацыі быў інжынерам-фартыфікатарам.
Тапаграфічны план Вільні — гэта даволі вялікі па памеры твор (45х32 см.), выкананы тушшу і фарбамі. Ён не датаваны (GED-1803 — гэта шыфр, а не дата!). Аўтар плана пазначае ўсе храмы, значныя грамадскія будынкі і галоўныя вуліцы Вільні. Так сама на схеме адлюстравана знаходжанне млыноў і цагельняў, што схіляе да думкі аб магчымых практычных мэтах стварэння плану.
Усё ж як можна датаваць гэты план Вільні? Дзякуючы некаторым аб’ектам і іх дыслакацыі можна прыблізна назваць час яго стварэння. У прыватнасці, у «№44 Анатамічны тэатр» пазначаны ў квартале каля ракі Вілейкі — у адным з найстаражытнейшых храмаў Вільні — праваслаўным Прачысценскім саборы. Пераабсталяванне сакральнага будынку пачалося з 1808 года, калі будынак выкупіў Віленскі Універсітэт, і яго рэканструкцыяй на працягу трох год займаўся архітэктар Міхаіл Шульц. А ў 1815–1841 гадах тут ужо працаваў анатамічны тэатр з аўдыторыямі ды кнігазборам. На плане ёсць яшчэ шэраг падказак (Віленскі ўніверсітэт, Уніяцкая царква св. Мікалая і іншыя), якія не дазваляюць датаваць план Нарбута пазней за другую палову 1830-х гадоў. Адпаведна, гэты дакумент можа смела лічыць жывой ілюстрацыяй для Вільні легендарных часоў філаматаў і філарэтаў, Вільні, па якой блукаў яшчэ студэнтам Адам Міцкевіч.
Але Нарбут не быў бы самім сабой, калі б на гэтым плане не пакінуў знаку пра сваю любоў да паданняў. Пад №48 на легендзе да мапы пазначаны «Уваход у падземны ход (падзямелле), які перасякае пад зямлёй увесь горад». Побач з №30 «Дзіцятка Езус». Забягаючы наперад скажам, што там сёння сапраўды існуе тунель даўжынёй блізу 150 метраў, які быў змураваны ў XVI стагоддзі як сакрэтны схрон.
Звесткі пра таямнічыя сутарэнні можна адшукаць у шматлікіх крыніцах. Напрыклад, Адам Кіркор пра іх пісаў наступнае: «Вильно одно из древнейших поселений в этом крае. … в начале XIV столетия Вильно могло быть небольшим Литовским поселением и имело деревянное укрепление, по мнению историков, на том месте, где ныне богоугодное заведение Иисус Младенец, с подземным ходом, коего следы доселе сохранились».
Верагодна, спасылка на меркаванне іншых гісторыкаў нас накіроўвае якраз да самога Тэадора Нарбута. У першым томе яго славутага твору «Гісторыі літоўскага народа» (1835 год) сустракаецца дастаткова разгорнуты нарыс пра сутарэнні ў Вільні: «У Вільні на плацы, што сёння ўваходзіць у манастыр Дзіцятка Езус, побач са сцяной былога гарадской муру, заўважныя зараз сляды былой крэпасці, альбо асобнага замку, якія раней Бакштай называлі. Пад усёй гэтай гарой знаходзяцца прасторныя падземныя хады, з вельмі трывалага цаглянага мура, з заламі, фрамугамі, нішамі, якія цягнуцца з рознымі паваротамі, кажуць, канец якіх невядомы да гэтага часу. Гэтыя хады злучаліся з невялікай таемнай бажніцай, якая месцілася ў той Бакшце».
Нарбут дадае, што паміж Вільняй і Трокамі ў даўнейшыя часы быў падземны ход, якім карысталіся месцічы. Па яго словах, гэты ход пачынаўся ў Трокскім замку і выходзіў у Вільні, рыхтык у кляштары Дзіцятка Езус. «Пакінем наступным пакаленням даследчыкаў старажытнасцяў краю вывучэнне гэтых падзямелляў…» — падсумоўваў Нарбут.
Адзначым, што ўдзячныя нашчадкі не забылі пра паданні гэтага кутка былой сталіцы ВКЛ. Сёння пра таямнічыя сутарэнні пад Бакштай і пра драпежнага васіліска з-пад той гары вам з вялікай ахвотай распавядуць турыстычныя гіды падчас экскурсіі.
То-бок, план Вільні рукі Тэадора Нарбута — гэта не проста падрабязны і дасканалы тапаграфічны твор, але яшчэ і працяг яго бачання гісторыі нашай старажытнай сталіцы. Ілюстрацыя да яго літаратурна-гістарычнай спадчыны.
Як вядома, Нарбут валодаў дзевяццю мовамі. Таму не дзіўна, што план Вільні з каментарамі па-французску ён выканаў уласнаручна.
Застаецца пытанне, чаму спатрэбілася яго рабіць на гэтай мове? Для каго? Больш лагічным быў бы польскі тэкст, калі б ён быў разлічаны для ілюстрацыі яго кніг. Або рускамоўны варыянт, у выпадку стварэння плана для патрэб расійскай арміі (яшчэ да выхаду Нарбута ў адстаўку). Але раптам версія Кастуся Тарасава слушная, і Тэадор Нарбут рабіў франкамоўны варыянт плана Вільні для генерала Маро? Пытанне пакуль застаецца адкрытым і скіроўвае нашу ўвагу на французскі след.
* * *
Аўтограф Тэадора Нарбута на кнізе «Хроніка літоўская» з калекцыі галоўнага кнігазбору Беларусі. Яго каштоўнасць цяжка перацаніць. Па-першае, сама бібліятэка Нарбута была разрабаваная пасля паўстанні 1863–1864 гадоў; па-другое, адрасат аўтографа — той самы славуты заснавальнік Віленскага музею старажытнасцяў Яўстах Тышкевіч.
«Ягамосці графу Яфстаху Тышкевічу, маршалку павету Барысаўскага, чальцу Дацкага таварыства даследчыкаў старажытнасцяў. Знаўцу і аматару краёвых старажытнасцяў, аддаючы даніну павагі і пашаны, ахвяраваў гэтую Хроніку. Тэадор Нарбут. 1 лютага 1846. Шаўры».