Два жыцці Кірылы Арлоўскага
Дыверсант-баявік, на рахунку якога сотні жыццяў. Пасля спецслужбоўскай кар’еры з ампутаванымі рукамі стаў старшынём першага калгасу-мільянера ў СССР. Прататып галоўных герояў у літаратурнай і кінакласіцы. 30 студзеня — 125 гадоў з дня нараджэння Кірылы Арлоўскага, беларуса з пакручастым лёсам.
Для адных ён герой збройнай партызанкі, для іншых — герой стваральнай працы на зямлі. З небяспрэчнымі метадамі.
Кірыла Арлоўскі — асоба ў БССРаўскай гісторыі настолькі вядомая і легендарная, што нават у Вікіпедыі можна пачытаць, што буйная магістральная вуліца Арлоўская ў Мінску названа ў ягоны гонар. Хаця насамрэч назва вытворная ад расійскага горада Арла, як і мноства іншых вуліц у нашай сталіцы названыя паводле гарадоў былога СССР. Дый па логіцы: калі б так ушанавалі Кірылу Арлоўскага, то і вуліца адпаведна называлася імя Арлоўскага, а не Арлоўскай. Зрэшты, у шэрагу беларускіх гарадоў ёсць менавіта вуліцы Арлоўскага.
Кірыла Арлоўскі стаў вядомым савецкім партызанскім камандзірам з 1920 года. Ваяваў у тым ліку супраць войскаў Булак-Булаховіча. Асабліва разгарнулася яго дыверсійная дзейнасць пад мянушкамі Аршынаў і Муха-Міхальскі ў першай палове 1920-х гадоў на тэрыторыі Заходняй Беларусі супраць польскіх уладаў. Чэкісты задумвалі ўзняць мясцовых жыхароў на ўзброены супраціў. Шум ад аперацый атрада Арлоўскага быў на ўсю Польшчу: спаленыя маёнткі буйных землеўласнікаў і паліцэйскія пастарункі, падрывы мастоў і цягнікоў, ліквідацыя жаўнераў і чыноўнікаў. Асаблівы розгалас набыў напад на цягнік, у якім ехаў кіраўнік Палескага ваяводства Станіслаў Даўнаровіч. Партызаны забралі грошы і зброю, але нікога з уладных асобаў забіваць не сталі. Ваяводу ж ганебна высеклі бізунамі, пасля чаго ён быў адпраўлены ў адстаўку.
Вось што пісаў Арлоўскі-Аршынаў у адной са справаздачаў: «З 1920 па 1925 гады па ўказанні Разведупра працаваў на тэрыторыі ЗБ. За адзін толькі 1924 год па маёй ініцыятыве і асабіста мною забіта больш за 100 чалавек».
Пахваляўся ён у тым ліку гэтым і ў 1944 годзе, ужо пасля партызанкі ў Грамадзянскую вайну ў Іспаніі і супраць нямецка-фашыстоўскіх акупантаў, у лісце-заяве да Сталіна: «З 1918 па 1943 год мне пашчасціла 8 гадоў працаваць у тыле ворагаў СССР у якасці камандзіра партызанскіх атрадаў і дыверсійных груп, нелегальна пераходзіць лінію фронту і дзяржаўную мяжу звыш 70 разоў, выконваць урадавыя заданні, знішчаць сотні заўзятых ворагаў Савецкага Саюза як у ваенны, так і ў мірны час».
Пісаў Кірыла Арлоўскі Іосіфу Сталіну пасля цяжкога ранення і кантузіі, у выніку чаго ў яго былі ампутаваныя правая рука па плячо, а на левай — чатыры пальцы. Таксама быў пашкоджаны слых на 60%. А паранены Арлоўскі, прычым адзіны ў атрадзе, быў падчас аперацыі-палявання на падводы, у якіх павінны былі ехаць генеральны камісар акупаванай Беларусі Вільгельм Кубэ і камісар трох абласцей Фрыдрых Фенс. Партызаны правялі ў засадзе 12 гадзін, лежачы ў снезе. У выніку Фенс быў забіты, а сам Арлоўскі пацярпеў пасля выбуху шашкі ў ягоных руках. Байцы дацягнулі камандзіра да лекара, які рабіў аперацыю падчас бою (падмацаванне немцаў прыйшло на партызанскую базу). Рукі і пальцы Арлоўскаму ампутавалі жыўцом пілой пасля прымітыўнай самагонкавай анестэзіі.
Арлоўскі пісаў Сталіну з Масквы ў званні Героя Савецкага Саюзу: «Мае фізічныя недахопы (страта рук і глухата) не дазваляюць мне працаваць на ранейшай працы, але паўстае пытанне: ці ўсё я аддаў для Радзімы і партыі Леніна-Сталіна? Я глыбока перакананы ў тым, што ў мяне маецца досыць фізічных сіл, вопыту і ведаў для таго, каб яшчэ прынесці карысць у мірнай працы. Адначасова з разведвальна-дыверсійнай і партызанскай работай я надаваў магчымую ўвагу працы над сельскагаспадарчай літаратурай. З 1930‑га па 1936 год па родзе сваёй асноўнай працы я кожны дзень бываў у калгасах Беларусі, грунтоўна прыгледзеўся да гэтай справы і палюбіў яе. Сваё знаходжанне ў Чкалаўскім сельскагаспадарчым інстытуце, а таксама Маскоўскую сельскагаспадарчую выставу я выкарыстаў да дна ў атрыманні такой колькасці ведаў, якая можа забяспечыць арганізацыю ўзорнага калгаса».
Кірыла Арлоўскі папрасіў старшынёўства ў калгасе на сваёй радзіме ў вёсцы Мышкавічы Кіраўскага арёна Магілёўскай вобласці і крэдыт. А мог бы застацца ў Маскве ў кватэры каля Крамля і выкладаць у нейкім інстытуце КДБ. Арлоўскі абяцаў, што калгас, які ў выніку стаў знакамітым «Світанкам» («Рассветам»), павялічыць валавы даход са 170 тысяч рублёў у 1940 годзе да 3 мільёнаў рублёў у 1950-м. І ён сапраўды пераўтварыў яго ў калгас-мільянер — першы не толькі ў БССР, але і ва ўсім Савецкім Саюзе.
У выніку Кірыла Арлоўскі стаў прататыпам Ягора Трубнікава — галоўнага героя знакамітага савецкага фільма «Старшыня». Там усё дастаткова блізка да рэчаіснасці. У тым ліку і пра даносы, і пра пікіроўкі з начальствам. А таксама пра франтавыя метады кіравання і ўстанаўлення дысцыпліны: напрыклад, мясцовыя згадваюць, што падчас капання бульбы хадзіў па калгасе і падбіраў у кішэні ўсё, што маглі ўпусціць у разорах і на дарозе, а за расціснутую бульбіну ў каляіне трактарыст пазбаўляўся працадня. Паказаныя і сямейныя праблемы: сваркі з братам, развод з жонкай, якая не паехала ў калгас з Масквы. Фільм атрымаўся дастаткова вострым як для савецкага часу і на нейкі час быў засунуты цэнзурай на паліцы, але ўрэшце рэшт выйшаў з купюрамі на экраны і меў велічэзны поспех. А выканаўца галоўнай ролі Міхаіл Ульянаў стаў акцёрам 1965 года ў СССР.
Жыццёвы шлях беларуса Кірылы Арлоўскага натхніў не толькі творцаў савецкага кінематографа, але яшчэ раней і класіка сусветнай літаратуры Эрнеста Хемінгуэя, з якім ён сустракаўся ў Іспаніі. Па адной з версій, менавіта Арлоўскі стаў прататыпам галоўнага героя рамана «Па кім званіць звон». Праўда, сам пісьменнік казаў, што ён усё па-мастацку вымысліў сам, а крытыкі і відавочцы вайны ў Іспаніі звычайна кажуць, што прататыпам быў іншы савецкі афіцэр Хаджы-Умар Мамсураў.
Што да калгасу «Рассвет», то пасля смерці Арлоўскага ён стаў насіць ягонае імя і быў на слыху таксама ў незалежнай Беларусі. Што праўда, з палітычных прычынаў. Пасля Арлоўскага цягам 30 гадоў гэтую сельскагаспадарчую арганізацыю ачольваў іншы знакаміты старшыня Васіль Старавойтаў. І ачольваў паспяхова нават у ліхія 1990-я. Пры гэтым, нягледзячы на зямляцтва, ён не падтрымаў кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года. Быў у выразнай апазіцыі і пазней, у тым ліку пасля звальнення і гучнага зняволення ў 1997 годзе. Старшыні «Рассвету», яны такія — з характарам. Арлоўскі, згадваюць яго сваякі, адзначаў такі плюс таго, што не мае рук: маўляў, яму не трэба апладзіраваць Хрушчову, якога ён недалюбліваў.