Алесь Гутоўскі: Вандруйце па Беларусі!

Алесь Гутоўскі — прадстаўнік старажытнага беларускага шляхецкага роду, які шануе і добра ведае свой край. Натхненне першаадкрывальніка і замілаванне мінулым гараць у яго вачах.  



hutousk_4_logo.jpg

Алесь Гутоўскі з выявай радавога гербу

Яго цікавіць многае — у першую чаргу тое, што ўжо сышло ў нябыт і больш ніколі не вернецца. 

З гэтым неабыякавым чалавекам, што жыве ў Стоўбцах, хочацца размаўляць бясконца. Я пазнаёміўся з ім, дзякуючы актывістам аргкамітэту «Мінскага гарадскога таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага» і грамадскай ініцыятывы «Еўраперспектыва» Віктару Яўмененку і Дзянісу Кобрусеву.

Алесь 35 гадоў падарожнічае па Беларусі і кожную вандроўку піша дзённік. Ён склаў пакуль яшчэ не апублікаваную хроніку паміраючай вёскі ў Сенненскім раёне, што на Віцебшчыне. Збірае артэфакты старажытнага жыцця першабытных продкаў беларусаў. На сваіх здымках ён фіксуе непаўторнасць прыроднага атачэння, у гармоніі з якім нараджаецца, жыве і канае беларус. Ён паўсюль і ва ўсім бачыць прыгажосць.

Уражвае ягоная казачная ся­дзіба, шыкоўна аздобленая самім гаспадаром разьбой па дрэву і творамі з мясцовых матэрыялаў — дрэва і каменю, а таксама ўпрыгожаная самаробным металічным флюгерам — выявай дзяўчыны-гарніста. Другога такога дома ў Стоўбцах няма. Уражвае і ягоная багатая біяграфія — студэнта гістфаку Белдзяржуніверсітэта, археолага, фатографа, педагога, краязнаўцы, калекцыянера і разьбяра па дрэву. Уражваюць і ягонае паважлівае стаўленне да старасвеччыны і клопат пра яе захаванне.

guto_sk_1_logo.jpg

Няма ў Стоўбцах другога дому, так шыкоўна аздобленага разьбой па дрэву

 

guto_sk_2_logo.jpg

На вільчаку — самаробны флюгер

Нарадзіўся Алесь Гутоўскі ў 1954 годзе ў Мінску, аднак усё яго дзяцінства прайшло на Стаўбцоўшчыне. Менавіта з Панямоннем і хатай дзеда Васіля звязаны самыя цудоўныя дні ягонага жыцця. Бо ў сталіцы сям’я 17 гадоў пакутавала ў аднапакаёўцы, і хлопчык увесь час імкнуўся на прастор — у дзедаву вялікую хату і на Нёман, дзе чакала радасць ад купання, рыбалкі і вандровак. Менавіта дзед Васіль прыгарнуў унука да былога, да легенд і паданняў сівой даўніны. Часцяком пад вечар яны сядзелі разам на лавачцы, і дзед распавядаў пра мінуўшчыну. А хлопчык, зачараваны дзедавымі ўспамінамі пра ягоны салдацкі лёс у Маньчжурыі падчас Руска-японскай вайны, думаў пра тое, што ў старыя часы было лепей і цікавей. Дзед быў так зачараваны прыгажосцю Байкала, што марыў яшчэ раз там пабываць. І гэтыя ўспаміны так запалі ў сэрца Алеся, што ён двойчы здзейсніў дзедаву мару.

Цікавасць да гісторыі прывяла Алеся Гутоўскага ў акадэмічны Інстытут гісторыі і пазнаёміла з выбітнай асобай беларускага нацыянальнага адраджэння, археолагам, пісьменнікам і грамадскім дзеячам Міхасём Чарняўскім. Менавіта ён павіншаваў юнака з яго першым навуковым адкрыццём — знаходкай каля Стоўбцаў раней не вядомага неалітычнага паселішча. Светлае пачуццё радасці, гонару і натхнення ад гэтага віншавання захавалася ў душы спадара Алеся і па сённяшні дзень.

guto_sk_3_logo.jpg

Сядзібу ўпрыгожваюць творы майстра з мясцовых матэрыялаў — дрэва і каменю

Беларускай моладзі гэты апантаны беларушчынай чалавек жадае вандраваць па Бацькаўшчыне, бо дзякуючы гэтым падарожжам Алесь Гутоўскі душою дакрануўся да маляўнічай айчыннай прыродай, да жывой гісторыяй, сустрэўся з добрымі і разумнымі людзьмі. На ягоную думку, менавіта вандроўкі па родным краі дазваляюць не толькі адчуць багацце, непаўторнасць і прыгажосць Беларусі, яе старасвеччыны і людзей, але і ўзгадаваць любоў да сваёй Радзімы…

Алесь Гутоўскі вырашыў пазнаёміць і чытачоў НЧ з трыма найбольш уражальным рэчамі са сваіх збораў.

Каменная сякера бронзавага веку

guto_sk_5_logo.jpg

— Аднойчы прыходзіць да мяне знаёмы і кажа, што ў ягонага сябра ляжыць у вядры нейкі камень з дзіркай, і ён яго хоча выкінуць. Я ўцяміў, што гэта можа быць старажытная каменная сякера, і кажу: «Цягні яго сюды!». І праўда — прыносіць і, Божухна, якая прыгажосць — перада мною свідраваная і шліфаваная сякера з крэмню перыяду бронзавага веку, узрост якой складае не меней за чатыры тысячы гадоў. Я захаваў гэты ўнікальны артэфакт, зрабіў для яго ручку з чырвонага дрэва і час ад часу любуюся гэтым цудоўным творам, зробленым рукамі і талентам нашых продкаў…

І ажыў матулін патэфон...

guto_sk_7_logo.jpg

— Мая матуля — Ніна Васільеўна Калбаска — яшчэ ў 1939 годзе пад палякамі купляла ў растэрміноўку  шыкоўны патэфон. Ягоны нямецкі механізм апрануты ў польскі футарал з каштоўных гатункаў драўніны. Аднак, як казала матуля, прыйшла Другая сусветная вайна — і пагасіла ўсе крэдыты. Патэфон бераглі і ў цяжкія часы хавалі. Падчас вайсковых дзеянняў, калі хата магла згарэць, дзед Васіль закопваў патэфон на прысядзібным участку. Так і адбылося — дом згарэў у полымі ліхалецця, а гэты матулін патэфон выжыў. І зараз я часцяком заводжу яго, кладу на патэфон грамафонныя пласцінкі і слухаю чароўную музыку мінулых гадоў…

guto_sk_6_logo.jpg

Ніна Васільеўна Калбаска (здымак 1930-х гадоў) — маці спадара Алеся

Падзяка здымку

— Усё жыццё я фатаграфаваў. Вось адзін з маіх здымкаў, зроблены на знакамітых Браслаўскіх азёрах. Каля возера Паўночная Воласа жыў чалавек у поўным суладдзі з акаляючым яго ландшафтам і сваім жытлом. Прыгожы драўляны зруб з крытым дранкай паўвальмавым дахам з залобкам сярод прысадаў на беразе возера, гаспадарчыя прыбудовы, лазня, студня, у чароце заўжды стаяла лодачка і чакала свайго гаспадара — рыбака, паляўнічага і лесаруба. А сёння гэтай гармоніі ўжо няма. Адышоў у лепшы свет гаспадар, прыехалі незнаёмыя чужыя людзі, сядзібу разбурылі, дрэвы спілавалі, пляц выпрасталі, каб паставіць свае катэджы з белых блокаў — далёкія ад гэтага краявіду. І гармонія знікла. Толькі на здымку яна так і засталася назаўжды з гэтым адыходзячым светам…

guto_sk_8_logo.jpg

Вось так у поўнай гармоніі з цудоўнай прыродай Браслаўскіх азёраў некалі жылі беларусы (здымак Алеся Гутоўскага, 2005 год)

Вельмі хочацца захаваць мае калекцыі непадзельнымі. Прыкра, калі цікавыя зборы апынаюцца ў руках спекулянтаў альбо людзей незацікаўленых. Так, сваю калекцыю каменных вырабаў першабытных людзей эпохі неаліту я павінен перадаць нейкаму дзяржаўнаму музею, але ў Стоўбцах няма такой установы культуры. Так што я буду вырашаць, які айчынны музей ці руплівы чалавек стануць нашчадкамі маіх збораў.