Абаронца Курапатаў Валер Рабцаў правёў свой Дзень народзінаў на варце

Валер Рабцаў прыязджае ў Курапаты тры разы на тыдзень і звычайна застаецца на ўвесь час варты. Першага красавіка яму споўнілася 49 гадоў. У свой Дзень народзінаў спадар Валер таксама выйшаў на вахту.

2019_04_01_kurapaty_a._ljaszkevicz_3_logo.jpg


З аднаго боку, панядзелак – дзень для варты цяжкі, бадай што стаіць найменш абаронцаў. З другога боку – і машын няшмат. У пасляпрацоўны час першага красавіка стаянка каля рэстарана “Поедем, поедим” пустая. Праязджае толькі персанал і таксі.
Валер Рабцаў выходзіць на варту па панядзелках, чацверах і нядзелях. У чацвер ён дзяжурыў з самага пачатку як сябра партыі БНФ, і калі арганізацыя адмовілася ад удзелу ў Курапацкай варце, працягваў выходзіць ужо ад уласнага імя. У нядзелю Валер падтрымлівае Малады фронт, а адказнасць за панядзелак цалкам узяў на сябе. Каля пятнаццаці абаронцаў зараз рэгулёва з’яўляюцца ў Курапатах. Наведвальнікі ў рэстаран “Поедем, поедим” ездзяць таксама прыкладна адны і тыя ж. “Цяпер няма сэнсу спыняць машыны, – кажа Валер Рабцаў. – Выпадковых людзей амаль не бывае, літаральна адна-дзве машыны на тыдзень. А тыя, што ездзяць рэгулёва, не спыняюцца. Таму спыняць машыны – гэта карміць рэжым нашымі ж грашыма, што ідуць на штрафы. Трэба пераходзіць да юрыдычных метадаў барацьбы. Фіксацыя трох сур’ёзных парушэнняў – і можна любую ўстанову зачыніць”.

2019_04_01_kurapaty_a._ljaszkevicz_2_logo.jpg


Яшчэ не пастаўлена кропка ў справе Валера Рабцава за ўсталяванне крыжоў у Курапатах. Першапачаткова было прысуджана дзве базавыя велічыні штрафу, вырак абскарджаны, справа накіравана на дапрацоўку. Пераразгляд адбыўся ўжо пасля прамовы прэзідэнта, у якой той закрануў і пытанне Курапатаў. Штраф быў павялічаны да трох базавых велічынь. Гэту пастанову Валер Рабцаў абскардзіў, але безвынікова. Новы пераразгляд справы адбудзецца ў судзе вышэйшай інстанцыі.
«Новы Час» віншуе Валера Рабцава з Днём народзінаў! Зычым моцнага здароўя і поспехаў у справе Беларушчыны. 
Фота Алены Ляшкевіч