ЗША выдзяляюць мільярд долараў на энергетычную незалежнасць Усходняй Еўропы ад Расіі

Палата прадстаўнікоў ЗША ўхваліла законапраект, які прадугледжвае 1 мільярд долараў на падтрымку энергетычных праектаў ва Усходняй Еўропе і Еўразіі, каб паменшыць залежнасць рэгіёну ад расійскіх нафты і газу, перадае Радыё Свабода.

lot_of_money_dollars_170064.jpg

Заканадаўчыя змены, зацверджаныя Палатай прадстаўнікоў 17 снежня, як чакаецца, будуць ухваленыя Сенатам на гэтым тыдні і падпісаныя прэзідэнтам Дональдам Трампам.
ЗША абвінавачваюць Расію ў выкарыстанні рэсурсаў нафты і газу, каб трымаць суседзяў у залежнасці ад паставак энергарэсурсаў у сферы іх уплыву. Шмат краін Усходняй Еўропы атрымліваюць большую частку свайго імпарту энергіі з Расіі.
Вашынгтон імкнецца часткова вырашыць гэта, выдзеліўшы грошы, якія могуць быць выкарыстаныя для фінансавання стратэгічных энергетычных праектаў у рэгіёне, такіх як тэрміналы для звадкаванага газу, газаправоды, а таксама для вытворчасці сонечнай і ветравой энергіі.
17 снежня Сенат ЗША ўхваліў праект абароннага бюджэту ЗША на 2020 год. У дакумент уключаны санкцыі супраць будаўнікоў двух расійскіх газаправодаў, вайсковая дапамога Украіне. Таксама ў яго ўвайшлі абмежаванні супраць удзельнікаў будаўніцтва расійскіх газаправодаў «Паўночны паток — 2» і «Турэцкі паток». Санкцыі дапамогуць захаваць энергетычную бяспеку Еўропы, упэўнены аўтары дакументу.
svaboda.org