ЗША. Далёкае рэха Спарты

Амаль усе арганізатары тэрактаў апошніх часоў чамусьці ў сваіх маніфестах пазітыўна ўзгадвалі антычную Спарту.

Малюнак да фільму «300 спартанцаў»

Малюнак да фільму «300 спартанцаў»


А Патрык Крузіус, які 3 жніўня забіў у Эль-Паса 22 чалавекі, наогул страляў і крычаў: «Гэта Спарта!»

Чаму сярод экстрэмістаў, як мінімум правых, Спарта займае такое значнае месца? Палітолагі кажуць, што спасылкі на Спарту выкліканыя спробай давесці магчымасць мадэлі, калі маленькая група кантралюе большасць.

Гутарка пра тое, што спартанская вайсковая эліта прымушала працаваць на сябе колькасна большую групу ілотаў. У праекцыі на тыя ж ЗША гэта азначае магчымасць дамінавання белай расы над афраамерыканцамі і лацінас. Цікавіць экстрэмістаў і тэма бітвы пры Фермапілах як ілюстрацыя таго, што жменька людзей можа змяніць гісторыю.

А вось што рабіць грамадскасці з той Спартай, адказаў няма. Пакуль прапануецца падкарэктаваць падручнікі, каб давесці моладзі, што легенда пра Спарту шмат у чым супярэчыць рэальнасці. Спартанская эліта вяла дастаткова геданічны лад жыцця, а лакальны рэжым наўрад ці можна лічыць эталонам антычнай дэмакратыі.

Затое, падаецца, што ў аўтараў славутага фільму «300 спартанцаў» будзе шмат праблемаў. Менавіта гэтая стужка рэжысёра Чака Снайдэра, якая распавядае пра бітву пад Фермапіламі, стварыла Спарце прывабны імідж у вачах правых экстрэмістаў.

Паводле польскай прэсы