Зяленскі абвясціў пра вяртанне Крыма ў міжнародны парадак
У Кіеве адбылася ўстаноўчая канферэнцыя Крымскай платформы. Яе заснавальнікамі выступілі 46 краін, у тым ліку ўсе дзяржавы ЕС, НАТF і "вялікай сямёркі". Расію таксама запрасілі падтрымаць ініцыятыву.
Праз больш чым сем гадоў пасля анэксіі Крыма Расіяй прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў аб вяртанні пытання аб дэакупацыі паўвострава ў міжнародны парадак. У панядзелак, 23 жніўня, была прынятая дэкларацыя Крымскай платформы, у рамках якой упершыню на міжнародным узроўні Расія была прызнана дзяржавай-акупантам, адзначыў Зяленскі на брыфінгу па выніках ўстаноўчай канферэнцыі палітыка-дыпламатычнай ініцыятывы.
«Дэкларацыя выразна фіксуе непрызнанне незаконнай анэксіі Крыма Расійскай Федэрацыяй, абавязацельства разгледзець дадатковыя абмежавальныя санкцыі супраць Расіі ў выпадку далейшай агрэсіі, аб'яднанне намаганняў усіх краін-удзельніц для ўмацавання стабільнасці ў Чарнаморскім рэгіёне», — заявіў украінскі прэзідэнт. У адпаведнасці з міжнародным правам, Расія абавязаная неадкладна спыніць парушэнні правоў чалавека ў Крыме і забяспечыць бесперашкодны доступ на паўвостраў гуманітарным арганізацыям, адзначыў далей украінскі прэзідэнт.
«Як апісаць гэты саміт і прынятую дэкларацыю максімальна коратка і трапна? Думаю, хопіць чатырох слоў: пытанне Крыма не закрыта. Ці нават трох: Крым — гэта Украіна», — дадаў ён.
РФ запрасілі далучыцца да Крымскай платформы
Адначасова Уладзімір Зяленскі запрасіў Расію далучыцца да Крымскай платформы і яе дэкларацыі.
У сваю чаргу ў Крамлі назвалі канферэнцыю Крымскай платформы антырасійскім і «надзвычай недружалюбным» мерапрыемствам. «Мы катэгарычна не прымаем падобныя сцвярджэнні ў дачыненні да расійскага рэгіёну, у дачыненні да Крыма», — заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.
dw.com