Замежныя СМІ пра Беларусь: 23–29 мая
Беларусь і не збіралася нічога падпісваць, Усходняе партнёрства было неабходна Аляксандру Лукашэнку для таго, каб прадэманстраваць адсутнасць поўнай ізаляцыі яго рэжыму. «Обозреватель» (Украіна)
На самай справе, ён (Лукашэнка) — вельмі цікавы палітык. Ён жа гуляе ў вельмі тонкую гульню. Ён увесь час робіць фінты паміж Захадам і намі. Ён увесь час заігрывае з Захадам, але пры
гэтым ён не хоча губляць кантакты з Расіяй і, у прыватнасці, з прэзідэнтам Пуціным. У яго вельмі сур’ёзная, спелая і хітрая гульня, па сапраўднаму, па вялікаму, даросламу рахунку
хітрая.
«Эхо Москвы» (Расія)
У Мінска найбольшыя шанцы апынуцца наступнай ахвярай расійскага імперскага сіндрому. Пры гэтым многія адзначаюць, што шлях да асацыяцыі з ЕС для Беларусі як мінімум вельмі цяжкі, а як максімум
— зачынены, перш за ўсё па меркаваннях эканамічнай і інфраструктурнай кан’юнктуры. На гэтым фоне надзеі беларусаў на развіццё супрацоўніцтва з Кітаем вельмі вялікія. Мінск
задаволіўся б роляй палітычнага пасярэдніка і эканамічнага транзіцёра, свайго роду цэнтра ў трыкутніку Масква — Кіеў — Брусэль. Адсюль і ўзнікаюць надзеі Мінска на збліжэнне з
Кітаем, Індыяй і г.д. Гэта азначае, што Беларусь не пойдзе ні на якую дэмакратызацыю і будзе існаваць нявызначаны час з рэжымам, які, як і ў Расіі, не падлягае рэфармаванню і развіццю. Прыклад
Украіны хутчэй палохае, а не натхняе беларусаў, а кіруючы рэжым не выяўляе гатоўнасці да дыялогу з апазіцыяй.
«Главный регион» (Украіна)
Яшчэ адзін прыклад — Беларусь. Так званы «апошні дыктатар Еўропы» — зараз запатрабаваны чалавек... Беларусь цяпер атрымлівае выгаду ад канфлікту ЕС з Расіяй:
палітычна — таму што Захад больш не можа прымушаць яе да ізаляцыі, і эканамічна — таму што з-за эмбарга Масквы на сельскагаспадарчую прадукцыю з ЕС яна стала адным з найважнейшых
гандлёвых партнёраў Расіі. Аднак у Расіі ў моду зноў уваходзіць «вялікадзяржаўнае мысленне», першым вынікам якога стала анексія Крыма. Наступнай мэтай «расійскага
імперыялізму» становяцца былыя савецкія рэспублікі — Беларусь, Малдова і Арменія, якія для Расіі важныя, як частка цела.
«Das Erste» (Германія)
Варта таксама адзначыць, што многім экспертам у чарговы раз кінулася ў вочы супярэчлівасць выказванняў беларускага прэзідэнта. Справа ў тым, што, з аднаго боку, ён практычна патрабуе захаваць
вытворчасць, у той час, як з другога — сцвярджае, што неэфектыўныя прадпрыемствы трэба ліквідаваць або перапрафіляваць. Пры гэтым ён сцвярджае, што на беларускі рынак варта перакрыць дарогу
імпартным таварам, за выключэннем тых, аналагаў якім няма ў самой краіне, у той час як збіраецца «штурхаць» беларускія тавары краінам Захаду.
«Биржевой лидер» (Украiна)
Пасля таго, як у Расіі пачаўся эканамічны крызіс, які падарваў беларускі экспарт на расійскі рынак, Аляксандр Лукашэнка стаў пасылаць недвухсэнсоўныя сігналы ў Брусэль, зладзіў годны прыём
удзельнікам перамоваў у «нармандскім фармаце». Кажуць, ён таксама хацеў бы прыехаць на саміт у Рыгу. Але беларускі прэзідэнт — па-ранейшаму ў чорным візавым спісе ЕС.
Запрашэнне яму магло быць накіравана толькі ў тым выпадку, калі б у Беларусі вызвалілі ўсіх палітвязняў. Берлін, праўда, рэгіструе пэўныя зрухі ў Беларусі. Але ў тым, што тычыцца ўнутрыпалітычнай
сітуацыі, развіцця грамадзянскай супольнасці і вызвалення палітвязняў, пазітыўныя перамены, кажуць ва ўрадзе ФРГ, «адбываюцца з хуткасцю слімака».
«Deutsche Welle» (Германія)
Што да Беларусі, то незразумела, які падыход будзе распрацаваны ў дачыненні да гэтай краіны. Беларусь у апошні час адпраўляе ЕС імпульсы правядзення больш адкрытай палітыкі і адначасова вельмі
баіцца, як адрэагуе на гэтыя імпульсы Расія. Як у вузкіх колах заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, Масква для Беларусі — старэйшы брат, які ніколі не ведае, што на самай справе на
розуме малодшай сястры.
«Wirtschaftsblatt» (Аўстрыя)